Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я — гаспадар Расеі, а Пуцін — акупант». Расейская дысыдэнтка Калмыкова робіць прыбіральшчыцай у Вільні


Расейская дэмакратычная актывістка Ірына Калмыкова атрымала палітычны прытулак у Літве. Да гэтага яна хавалася ў Беларусі, а затым нелегальна перайшла мяжу з Украінай. Увесь гэты час з Ірынай быў яе непаўналетні сын Руслан. Падчас гэтых падзей у Ірыны Калмыковай памерла ў Расеі дачка. Маці трапіць на пахаваньне не змагла.

Ірыну Калмыкову затрымлівалі ў Расеі больш за 50 разоў, урэшце была ўзбуджаная крымінальная справа. Што тычыцца Беларусі, гэтую краіну Ірына ўспамінае з асаблівай цеплынёй: кажа, што тут упершыню адчула кардынальнае адрозьненьне астатняга сьвету ад Расеі. Цяпер сям’я жыве ў Вільні. У гасьцях у Ірыны Калмыковай пабываў наш карэспандэнт.

Пяціпавярхоўка савецкіх часоў, цёмны пад’езд, калідор з шэрагамі аднолькавых драўляных дзьвярэй, як у інтэрнаце. За аднымі зь дзьвярэй — кухня, зь якой вее жарам і курынымі адбіўнымі. Над рондлямі і патэльнямі завіхаецца сьветлавалосая жанчына ў халаце. Ніколі ня скажаш, што гэта знакамітая Калмыкова, якую мы сотні разоў бачылі на фатаздымках з акцыяў. «Прыбегла з працы, а сын не вячэраў», — тлумачыць Ірына.

Архіўнае фота. Ірына Калмыкова каля маскоўскага Крамля
Архіўнае фота. Ірына Калмыкова каля маскоўскага Крамля

У Вільні Ірына Калмыкова працуе прыбіральшчыцай у мэблевым цэху. Кожны дзень ёй трэба падмесьці і вымыць тысячу квадратных мэтраў, а яшчэ 10 прыбіральняў, тры распраналкі, тры душавыя і чатыры кабінэты. Можна працаваць менш, але Ірына бярэ звышурочныя — па 4 эўра ў гадзіну. Сёлета яе сын Руслан пойдзе ў расейскамоўную школу, у сёмы кляс, і трэба купіць яму прыстойнае адзеньне. Чакаючы вячэры, Руслан ганяе на ноўтбуку гульню.

Здаецца, у іхняй аднапакаёвай кватэры амаль няма рэчаў. На тумбачцы толькі грабянец, белая стужка з надпісам «Свабоду вязьням 6 траўня!» і кніга. Яе старонкі сьпісаныя пажаданьнямі ад апазыцыянэраў. Вось надпіс Гары Каспарава, вось Барыса Нямцова, вось Ільдара Дадзіна, а на асобным аркушы — Надзеі Саўчанкі. Тэлевізара ў пакоі няма, затое на сьцяне вісіць вялізны сьцяг Украіны.

Ірына падае на стол адбіўныя. Кажа: «Гэта тыя, якія Ільдар Дадзін любіць». Пра Дадзіна яна згадвае ўвесь час. Іх трое на ўсю Расею, хто падпаў пад новы крымінальны артыкул — «парушэньне парадку правядзеньня мітынгу»: Ільдар, Ірына і Вадзім Ёнаў. Ільдар сядзіць у турме, Ёнаў уцёк у Кіеў, а Ірына — сюды. За вокнамі мякка заходзіць сонца, ціха шамаціць лістота, Вільню ахінае спакой. Мы пачынаем размову.

Архіўнае фота. Масква, акцыя ў падтрымку Калмыковай і яе палечнікаў, супраць якіх заведзеная крымінальная справа
Архіўнае фота. Масква, акцыя ў падтрымку Калмыковай і яе палечнікаў, супраць якіх заведзеная крымінальная справа

— У гісторыі вашых уцёкаў тры краіны — Беларусь, Украіна, Літва. Якую ролю адыграла Беларусь?

— На беларуска-ўкраінскай мяжы, пад Берасьцем, нас высадзілі з электрычкі, таму што ў сына не было пашпарта. Што рабіць? Куды ісьці? Паехалі ў Менск на вакзал, зайшлі ў інтэрнэт-кавярню, і я напісала ў фэйсбук Сары Херст [журналістцы зь Лёндана]. Тая патэлефанавала беларускаму журналісту Валеру Каліноўскаму, які зьвязаўся са знаёмай пісьменьніцай, Натальляй Бабінай. Пакармілі нас, далі жыльлё, далі рэчаў, дапамаглі з грашыма, прычым зусім ня ведаючы нас! Значыць, калі ты адкрыты і сумленны перад людзьмі, то і людзі гатовыя дапамагаць. Так у будучыні і арганізуецца сусьветнае грамадзтва. І сьвет належыць менавіта такім людзям, а не чыноўнікам.

Ірына Калмыкова з сынам у Менску
Ірына Калмыкова з сынам у Менску

— Вам даводзілася ў Беларусі сутыкацца з чыноўнікамі? З праваахоўнымі органамі?

— Прыйшлося сутыкнуцца з памежнікамі, таму што калі нас высадзілі з электрычкі, мы вырашылі ўцякаць. Украінская мяжа побач, яны адлучыліся, а мы проста праз поле пабеглі. Яны нас злавілі, лаяліся, але не перадалі нас міліцыі, нікуды паведамляць ня сталі. Я проста адкрыта зь імі паразмаўляла. Усё ж такі людзі ў Беларусі адрозьніваюцца ад расейскіх. Вось наймала я ў Берасьці пакой на ноч. Прыехала жанчына, аддала ключы, назвала адрас і кажа: «Будзеце сыходзіць, кіньце ключы ў паштовую скрыню». Я западозрыла падман, таму што ўсе занадта проста! Аказалася, ніякага падману. Потым павінна была даплаціць, а жанчына кажа па тэлефоне: «Ну, пакінеце грошы там на стале». Як так? Чаму Расея побач, а людзі зусім іншыя? Чаму такая чысьціня? Чаму міліцыя на вуліцы пытаецца, чым нам дапамагчы? Вядома, ёсьць палітычныя рэпрэсіі, і ўсё ж такі гэта зусім іншая краіна.

— Потым вы трапілі ва Ўкраіну. Але ў расейскай апазыцыі вобраз Украіны крыху ідэалізаваны, а там жа свае праблемы. Што вы чакалі ўбачыць і што ўбачылі ў рэальнасьці?

— Дух свабоды. У Кіеве прыйшлі на плошчу, там людзі пратэстуюць, вогнішчы паляць, але ніхто іх не забірае, ніякай паліцыі. А вось паліцэйскі мне запомніўся ў Харкаве. Мы сустрэліся з былым мужам, ідзем, а там п’яны на дарозе ляжыць. Прыехалі паліцыянты, знайшлі яго дакумэнты, ён аказаўся з Данецкай вобласьці. Яны яго акуратна паднялі, прывялі нашатырам да прытомнасьці, сталі пытацца, куды адвезьці, дзе яму пераначаваць.

Ірына Калмыкова ладзіць пікет у Маскве, архіўнае фота
Ірына Калмыкова ладзіць пікет у Маскве, архіўнае фота

— Але, магчыма, былі рэчы, якія ва Ўкраіне вам здаліся не зусім прыемнымі?

— Людзі кажуць, што нічога не зьмянілася і што столькі пралілося крыві на Майдане дарэмна, таму што ранейшыя чыноўнікі і карупцыянэры засталіся пры ўладзе. І нават Парашэнка абяцаў прадаць сваю шакалядную фабрыку, а цяпер ня можа. Ну дык калі рэч каштуе пяцьдзясят капеек, а ты просіш два рублі, то яе ніхто ня купіць. Людзі скардзяцца, што працы няма, заробкі малыя. І так на ўсёй постсавецкай прасторы, таму што мэтады працы часьцяком ранейшыя, вельмі шмат чыноўнікаў з савецкіх часоў засталося.

— Чаму вы ўсё ж такі не засталіся ва Ўкраіне і паехалі ў Літву?

— Па-першае, ва Ўкраіне расейцам не даюць статус [палітычнага ўцекача].

— Чаму, як вы думаеце?

— Ва Ўкраіне ідзе вайна, людзі вельмі бедныя, ім не да мігрантаў. Тым больш што кожны мігрант, хай нават тысячу разоў антыпуцінскі, можа аказацца кадэбэшнай з...й. Прымаць палітычных уцекачоў можа сабе дазволіць спакойная краіна, дзе няма вайны. Таму я ва Ўкраіне [дакумэнты] на ўцякацтва нават не падавала. Ну і, вядома, я нелегальна перайшла мяжу, і маглі распачаць крымінальную справу. І яшчэ важны момант: ва Ўкраіне ў чыноўнікі пралезла вельмі шмат крамлёўскіх гэбістаў, і мяне маглі лёгка выкрасьці, як Развазжаева (расейскі апазыцыянэр Леанід Развазжаеў. — РС). І яшчэ мяне маглі экстрадаваць у Расею, бо ў Адэсе ўжо быў эпізод, калі ледзь не экстрадавалі краснадарца Пятра Любчанкова.

Архіўнае фота. Пікет у Маскве
Архіўнае фота. Пікет у Маскве

— Такім чынам, вы апынуліся ў Літве. Якія былі першыя адчуваньні?

— Перш за ўсё спадабалася Вільня. Такая чысьціня, столькі зеляніны, з раёна ў раёна едзеш, як па лесе. Калі ідзеш па горадзе і бачыш людзей, ужо бачна, што гэта Эўропа, а не саветы дэпутатаў. Хоць шмат яшчэ тых, хто хоча саўдэпію, але моладзь ужо амаль не размаўляе на расейскай, працэс ідзе.

— Чым літоўскія чыноўнікі адрозьніваюцца ад расейскіх?

— Прыйшла я ў паліклініку, яшчэ бяз статусу, па часовым пасьведчаньні. Мяне прынялі без чаргі, нават ня ведаючы, хто я. Пайшла я ў школу. Дырэктар школы размаўляў так, што я не зразумела спачатку, што ён дырэктар. У Расеі любы начальнік размаўляе напышліва, а тут такога няма. Яшчэ зьвярнула ўвагу, што ў школьным клясе 12 чалавек. А ў маскоўскіх клясах па 30 і больш. Вось і падумайце, дзе дзецям лепш.

Архіўнае фота. Пікет у Маскве
Архіўнае фота. Пікет у Маскве

— Наколькі цяжка было атрымаць статус палітычнага ўцекача? Наколькі складаная працэдура?

— Статус далі вельмі хутка, усяго за паўтара месяца. Хтосьці чакае і па паўгода, але ў іх, напэўна, не такая доказная база. А ў мяне больш за пяцьдзясят затрыманьняў, галадоўка шматдзетных маці, і акцыя 6 траўня, і акцыі за Саўчанку, за Ўкраіну, і крымінальны артыкул. Мясцовыя дэпутаты зьвярнуліся ў міграцыйную службу, разумеючы, што я тут зь дзіцем, а бяз статусу нельга працаваць.

— У Расеі вы былі прадпрымальнікам. На вас сталі ціснуць, вы сталі змагацца, што і прывяло вас у апазыцыю. Але цяпер вы ў чужой краіне, на найманай кватэры, працуеце прыбіральшчыцай. Ці варта было змагацца?

— «Вот так просто попасть в палачи: промолчи, промолчи, промолчи!». Я не хачу быць з тымі, хто маўчыць. Я не хачу, каб у Расеі падтрымлівалі Пуціна 87 адсоткаў разам са мной. Хай будзе 86, але безь мяне. Пуцін захапіў уладу. Ён ня меў права паводле Канстытуцыі ісьці на трэці тэрмін. Ён без рэфэрэндуму памяняў Канстытуцыю і зрабіў шасьцігадовы тэрмін прэзыдэнцтва. Калі людзі ў Краснадары выйшлі ў падтрымку Ўкраіны, іх на самай справе рэпрэсавалі. Але чаму тады можна было падтрымліваць сэпаратызм у Крыме? Чаму ў людзей у краіне няма грошай, а Пуцін будуе сабе палацы? Пуціну было шкада людзей у курортным Крыме, але чаму не шкада людзей у Сыбіры, якія жывуць у галечы? Вы параўноўваеце маё становішча ў Расеі і ў Літве. Але Літва дазволіла мне зарабляць і жыць, а ў Расеі маё жытло спалілі, таму што я не хацела аддаваць масквічам свой бізнэс. І ўсё роўна я грамадзянка Расеі, я яе гаспадар, а Пуцін — захопнік і акупант.

Яўген Цітоў для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG