Арыштаваная завочна ў Расеі Ірына Калмыкова працягвае змагацца за легальны статус ва Ўкраіне.
Расея абвясьціла ў вышук расейскую праваабаронцу і актывістку Ірыну Калмыкову, якая тры месяцы хавалася ў Беларусі, а пазьней разам зь непаўналетнім сынам перасекла нелегальна мяжу і цяпер знаходзіцца ў Кіеве.
Ірына Калмыкова абвінавачваецца па справе «аб неаднаразовых парушэньнях парадку правядзеньня акцыяў».
Разгляд справы адбудзецца ў Цьвярскім раённым судзе Масквы 14 сакавіка, калі зьявіцца вышуковая справа.
У Расеі Калмыкова завочна арыштаваная. Яе абарона будзе абскарджваць гэтае рашэньне.
«Я арыштаваная завочна. Цяпер пагражае экстрадыцыя з Украіны. Як быццам бы я асабліва небясьпечны злачынца. Суд перанесены на 14 сакавіка. У мяне ў Маскве ёсьць вельмі добры адвакат, ён вядзе справу без маёй прысутнасьці. Самае кепскае, што можа здарыцца, — што мяне адсюль экстрадзіруюць, таму што Расея не разарвала дамову з Украінай аб экстрадыцыі. Таму, пакуль ёсьць час да 14 сакавіка, я буду спрабаваць узаконіць свой статус ва Ўкраіне, каб ня трапіць пад экстрадыцыю. Ну, і буду спадзявацца, што Ўкраіна будзе на маім баку».
Ірына Калмыкова — вядомая ў Маскве актывістка. Толькі цягам 2015 году яна ладзіла адзіночныя пікетаваньні ў цэнтры Масквы з плякатамі: «Жизнь и свобода Надежды Савченко — личная ответственность Путина», «Отдадим последнее, но спасём Асада», «Путин — друг Сирии и враг России», «Путин, жуй сопли, а не оппозицию», «Асад — убийца, эта война — позор России», «Кремлёвские лжепатриоты! Прекратите воевать с едой, в стране миллионы малоимущих! Сжигайте свои авто», «Политика в России: воруй — миллионы, не можешь — молчи, говоришь — в тюрьму».