Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лоеўская міліцыя выстаўляе фрылансэра Жукоўскага хуліганам


Кастусь Жукоўскі ў Лоеўскім судзе
Кастусь Жукоўскі ў Лоеўскім судзе

25 ліпеня ў Лоеўскім раённым судзе пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы гомельскага журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага. Мясцовая міліцыя вінаваціць яго ў дробным хуліганстве — паводле артыкула 17.1 КаАП.

У якасьці сьведак дапыталі супрацоўнікаў міліцыі Сяргея Філона і Канстанціна Карнавушанку, а таксама фрылансэра Аляксея Атрошчанку. Прагледзелі відэазапіс з камэры назіраньня, усталяванай у Лоеўскім райаддзеле міліцыі.

Сытуацыя беспрэцэдэнтная. Крыху больш за месяц таму лоеўская міліцыя затрымала Жукоўскага разам з фрылансэрам Аляксеем Атрошчанкам, калі тыя здымалі на відэа мясцовы камбінат будаўнічых матэрыялаў.

Разьбірацца зь імі спачатку прыехалі намесьніца старшыні па ідэалёгіі Лоеўскага райвыканкаму Натальля Кавурава і кіраўніца спраў райвыканкаму Ірына Пастухова. Неўзабаве туды падрулілі (відаць, на выклік чыноўніц) двое супрацоўнікаў ДАІ, бо Жукоўскі з Атрошчанкам прыехалі ў Лоеў на прыватным аўтамабілі. А яшчэ праз колькі часу да камбінату прымчаў на службовай аўтамашыне з двума афіцэрамі сам начальнік РАУС Уладзімер Бухаўцоў, запатрабаваўшы «спыніць незаконныя відэаздымкі».

Галоўны міліцыянт выхапіў у Атрошчанкі відэакамэру, шпурнуў яе ў багажнік (пазьней на ёй знайшлі трэшчыну). Самога Атрошчанку без тлумачэньняў пасадзілі ў аўтамабіль і павезьлі ў РАУС. Туды ж інспэктар ДАІ загадаў ехаць і Жукоўскаму — для высьвятленьня асобы, хоць перад гэтым уважліва правяраў ягоныя дакумэнты.

У райаддзеле фрылансэраў трымалі шэсьць гадзін. Жукоўскі ў той жа дзень напісаў заяву ў раённы аддзел Сьледчага камітэту, што міліцыя беспадстаўна ўжывала ў адносінах да яго гвалт. Праз тыдзень бязь іх удзелу склалі два пратаколы на Атрошчанку і ажно чатыры — на Кастуся Жукоўскага.

«Сёньня ў судзе разглядалі толькі адзін пратакол супраць мяне — за хуліганку. А тры астатнія — за нібыта абразу чыноўніц райвыканкаму Кавуравай і Пастуховай, непадпарадкаваньне і абразу першага намесьніка начальніка міліцыі Генадзя Маджары — суд накіраваў на дапрацоўку. Я прасіў, каб суд наагул перанесьлі, пакуль супрацоўнікі Сьледчага камітэту праводзяць праверку па маёй заяве адносна гвалту з боку супрацоўнікаў лоеўскай міліцыі. Бо я й цялесныя пашкоджаньні ў судмэдэкспэртызе здымаў на патрабаваньне райаддзелу Сьледчага камітэту. Аднак судзьдзя адхіліла гэтае маё хадайніцтва».

У якасьці сьведкі начальнік аддзяленьня крымінальнага вышуку Лоеўскага РАУС Сяргей Філон патлумачыў суду, што ў дзень затрыманьня Жукоўскага ён заходзіў у памяшканьне міліцыі, калі прыехаў зь вёскі Мохаў.

«Жукоўскі размахваў рукамі, крычаў. Былі нейкія пагрозы, але якія канкрэтна, не запомніў. Усё ёсьць на відэазапісе», — патлумачыў Філон.

«Ці прасіў я, каб склалі пратакол асабістага надгляду?» — задаў пытаньне сьведку Жукоўскі.

«Вы асабіста прасілі, каб склалі пратакол надгляду», — пацьвердзіў Сяргей Філон.

Другім сьведкам выступіў у судзе ўчастковы Канстанцін Карнавушанка, які разам з Генадзем Маджарам і ўчастковым Андрэем Хічовым валіў Жукоўскага на падлогу, закручваў рукі і надзяваў яму кайданкі.

Адносна «хуліганства» Жукоўскага ён заявіў амаль тое самае, што й Сяргей Філон — размахваў рукамі, крычаў. Увесь сыр-бор, як высьвятляецца, пачаўся з-за таго, што Жукоўскі ў фае міліцыі, калі зь ім спрабаваў гутарыць першы намесьнік начальніка міліцыі Генадзь Маджара, уключыў аўдыёзапіс у мабільным тэлефоне. Маджара загадаў выключыць функцыю аўдыёзапісу. Жукоўскі выключыў і паклаў тэлефон у кішэню. Але намесьнік начальніка запатрабаваў аддаць тэлефон, на што Жукоўскі заявіў: «Складайце пратакол асабістага надгляду — аддам».

На відэа, якое суд атрымаў зь міліцыі, бачна, як Генадзь Маджара спрабуе дастаць з кішэні Жукоўскага тэлефон. Той адмаўляецца. Вось тут і накідваюцца на фрылансэра трое міліцыянтаў — сам першы намесьнік начальніка, участковы Карнавушанка і ўчастковы Андрэй Хічоў. Апошні, дарэчы, і склаў на Жукоўскага чатыры адміністрацыйныя пратаколы. І два — на Аляксея Атрошчанку.

Што да праклёнаў, якія нібыта выказваў на адрас супрацоўнікаў міліцыі Кастусь Жукоўскі, то сьведка Карнавушанка патлумачыў суду, што ніякіх канкрэтных прозьвішчаў Жукоўскі не называў.

«Калі мяне павалілі ў фае на падлогу, я сапраўды крычаў, бо было балюча, — кажа Кастусь Жукоўскі. — Мяне ўвялі ў такі стан, што я ня мог сябе стрымаць. І праклёны я адрасаваў менавіта тым, хто парушае законы. Так што апасацца за мае праклёны лоеўскім міліцыянтам ды іх сем’ям не выпадае, бо яны ж цьвердзяць, што не парушалі законаў і не перавышалі службовых паўнамоцтваў. Наадварот, яны мяне хочуць зрабіць хуліганам. Не атрымалася прыцягнуць да адказнасьці за відэаздымкі гаротнага камбінату будаўнічых матэрыялаў, дык сталі абвінавачваць у хуліганстве і абразе чыноўнікаў».

Кастусь Жукоўскі і Леанід Судаленка
Кастусь Жукоўскі і Леанід Судаленка

Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка па даверанасьці, як сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, хацеў прадстаўляць інтарэсы сябра БАЖ Кастуся Жукоўскага ў судзе. Аднак судзьдзя Антаніна Музычэнка адхіліла хадайніцтва. Судаленка прысутнічаў на судовым паседжаньні як шараговы назіральнік:

«Першае, што мяне ўразіла: судзьдзя тры з чатырох пратаколаў, складзеных у дачыненьні да фрылансэра Жукоўскага, вярнула на дапрацоўку. Відавочна, што міліцыя пасьпяшалася абвінаваціць Жукоўскага адразу па чатырох адміністрацыйных артыкулах. Што да чацьвёртага артыкула — абвінавачаньня ў дробным хуліганстве, то зь відэазапісу бачна, што Жукоўскі не махаў рукамі. Так, ён гучна заяўляў свае прэтэнзіі, калі яго скруцілі ў фае трое міліцыянтаў, прыціснулі да падлогі і надзявалі кайданкі. Калі чалавек адчувае фізычны боль, ён, канечне, будзе крычаць. Хуліганам фрылансэра хоча зрабіць лоеўская міліцыя».

Суд над Жукоўскім працягнецца 28 ліпеня. Дапытаюць сьведак зь ліку цывільных асобаў, якіх міліцыя на час затрыманьня Жукоўскага прывозіла альбо выклікала па позвах.

Дарэчы, апошнім часам у дачыненьні да лоеўскіх міліцыянтаў у розныя інстанцыі сталі паступаць скаргі на перавышэньне службовых паўнамоцтваў і беспадстаўны гвалт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG