Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зямля калючкі і васілька


Да 500-годзьдзя беларускай Бібліі

1. Там добра, дзе нас няма

Восем гадоў назад я настала вярнуўся ў Беларусь. З ізраільскім пашпартам у кішэні я выйшаў на беларускае паветра. За рассоўнымі дзьвярмі аэрапорту «Менск-2» расьсьцілалася па шчырасьці дык невядомая мне краіна. Усё дарослае жыцьцё я прабавіў за мяжой.

Праўда, я нарадзіўся тут, хадзіў тут у школу. Але за гэтыя гады патрапляў сюды прыхапкамі, раз на два-тры гады, на тыдзень-два, і шмат аб якіх зьявах і зьменах быў ня ў курсе. І самае галоўнае — цяпер я ня ведаў з чаго жыць, куды ісьці працаваць. З карысных знаёмстваў у мяне намячаўся толькі лейтэнант Эпалетаў зь Першамайскага РАУС, які мусіў узяць для картатэкі адбіткі пальцаў. Я быў ня толькі ўсхваляваны сустрэчай з бацькаўшчынай, але і ўстурбаваны сутыкненьнем з пачужэлай рэчаіснасьцю.

Мая трывога толькі вырасла, калі ля самага ўваходу ў аэрапорт я ўбачыў велічэзны білборд. На білбордзе, прарэзьліва скрыгочучы, два плякаты мянялі адзін аднаго. На першым красаваўся стылізаваны васілёк і надпіс Welcome to Belarus! На другім плякаце, што праступаў празь некалькі сэкунд, суворы чалавек у будаўнічай касцы папярэджваў: «Праца за мяжой можа стаць рабствам».

Я зусім заняпаў духам. Я глянуў на край зубчаты бору, на статую драўлянага зубра, якая тулілася ля бэнзакалёнкі (музэю самалётаў уздоўж шашы тады яшчэ не было). Тут усё было горш, чым я меркаваў.

Мусіць, гэтаксама пачуваўся Адам, калі, выгнаны Госпадам з камфартабэльнага раю, упершыню ўбачыў сваё новае месца жыхарства і працы. Як мы памятаем, перад выгнаньнем Вялікі Садоўнік усіх фігурантаў справы аб несанкцыянаванай дэгустацыі як сьлед пракляў. Памагатаму людзей, Зьмею, цяпер давядзецца поўзаць на пузе і глытаць зямны пыл. Эве згэтуль давядзецца нараджаць у пакутах. Бэсьцячы ж Адама, Госпад Бог праклінае яго новай зямлёй. У прыватнасьці кажа такое: «са скрухаю будзеш карміцца зь яе (зямлі) ва ўсе дні жыцьця твайго, калючку і васілёк узгадуе яна табе». Вось так, нароўні зь цернямі і адвечнай сельскагаспадарчай тугой, «цьвяток радзімы васілька» паўстаў для першага чалавека (і для мяне таксама ў той момант у аэрапорце) элемэнтам праклёну, зычэньнем нядолі і прыгону.

Адкуль жа мне было тады ведаць, што плякат з чалавекам у касцы прызначаны ўвогуле ня мне?! Што гэта яскравы прыклад беларускай сацыяльнай рэклямы, пры дапамозе якой міністэрства ўнутраных справаў РБ эмацыйна папераджала суграмадзян, што выяжджалі за межы дзяржавы?

2. Майсей, правадыр гастарбайтараў

Другі раз сваю неабазнанасьць у беларускіх рэаліях я выказаў у сваё самае першае пасьля вяртаньня дзявятае мая. Ля касьцёла сьвятога Роха, у самым цэнтры Менску, а сёмай ранку я ўбачыў гіганцкі чырвоны сьцяг з савецкай сымболікай, які лунаў па-над старой рэтрансьляцыйнай вежай. Згледзеўшы сярпасты-малаткасты, як той гіпнатычна трапечацца ў цёплым менскім паветры, я адразу ж стаў назвоньваць знаёмай фотакарэспандэнтцы. Я сказаў ёй, калі яна хоча атрымаць пулітцэраўскую прэмію — ці што там у фатографаў прынята атрымліваць — дык хай неадкладна прыяжджае ў цэнтар Менску. Маўляў, нейкі псіх, відаць, уначы ўскараскаўся на самую вершаліну тэлевежы і павесіў там кумача.

Фота Кірылы Хілько («Наша Ніва»)
Фота Кірылы Хілько («Наша Ніва»)

У гэты ранак фотакарэспандэнтка сядзела ў вёсцы пад Гародняй. Яе бацька разьбіраў і смажыў вепручка, а яна рабіла з гэтага сьвяшчэннадзейства фотасэсію, відаць, спрабуючы атрымаць прэмію «Прэс-Фота». Выявілася, што сьцяг ужо амаль дзесяць гадоў вешаецца на Дзень Перамогі. І вешае яго не начны псіх, а камунальныя службы напярэдадні. Псіхам яна назвала якраз мяне. Бо калі мне не падабаюцца савецкія сымбалі, дык я ж мог яшчэ ўчора проста зьехаць з гораду, і не бадзяцца па цэнтральных вуліцах, і не дурыць галавы зраньня нармальным людзям, якія ў дадатак занятыя важнай справай.

...Відаць, гэтаксама загіпнатызавалі недасьведчаных габрэяў матляньні гіганцкай гронкі вінаграду, якую з Абяцанай Зямлі паводле загаду Майсея прывалаклі на жардзіне ажно двое выведнікаў. Бадзячы народ тады стаяў-торкаўся на парозе бацькаўшчыны ля Сынайскіх гор...

Міністэрства ўнутраных справаў РБ мае рацыю — масавы выезд грамадзян за мяжу на заробкі сапраўды можа ператварыцца ў рабства, як гэта адбылося са старажытнымі габрэямі. Тады Эгіпэт яшчэ ня быў краінай трэцяга сьвету — а якраз зусім наадварот. Аднак у адрозьненьне ад сучасных гастарбайтарскіх саг з пагонямі на паліцэйскіх калясьніцах і шпурляньнем гуманітарнай манны, Кніга «Выхад» апісвае рух у адваротным кірунку. Кінуўшы-рынуўшы катлы зь мясам, ня выканаўшы дзённую норму па цаглінах і падвёўшы фараонавых упраўцаў (якія, як вядома, ня толькі каралі пугай, але таксама рэгулярна выплачвалі заробак), габрэйскія заработнікі даюць шчырага дзерака, упрочкі ад наладжанага дабрабыту.

Дык вось, падчас саракагадовай дарогі дадому народ вельмі дэмаралізаваны і ня надта верыць у здубавецьці пра краіну, якая нібыта сьцякае малаком і мёдам. Майсей вырашае паслаць у межы Ханаанскай зямлі выведнікаў для агляду, загадваючы ім: «Будзьце адважныя і вазьміце ад пладоў зямлі».

Гюстаў Дарэ, «Вяртаньне выведнікаў з Абяцанай Зямлі»
Гюстаў Дарэ, «Вяртаньне выведнікаў з Абяцанай Зямлі»

Па шчырасьці, учынак Майсея з выведнікамі і вінаградам выглядае на замыльваньне вачэй — бо калі гэта зямля абяцаная Богам, дык навошта яе правяраць? І нашто ў якасьці рэчдоку цягнуць праз увесь край цяжэзную гронку (і яшчэ мех гранатавых яблык і смокваў у даважак), калі ўсё можна патлумачыць на словах? Усё гэта тхне прапагандысцкай акцыяй, якая ня толькі адраджае дух народу, пераконваючы яго, што іх будучая радзіма «вельмі, вельмі добрая», але таксама адцягвае ўвагу ад рэальнай расстаноўкі сіл.

Бо рэчаіснасьць выявілася складанейшай і стракацейшай. Як напраўду, дык берагі Ханаану не сьцякалі малаком і мёдам. Наступнік Майсея, Ісус сын Наваў, хутка прывёў габрэяў ня толькі да абяцанай зямлі, але таксама да прытомнасьці. Пры дапамозе яшчэ адной опэр-групы выведнікаў на пальцах патлумачыў, што Ханаан поўніцца ня толькі пладамі зямлі, але і шматлікімі іншымі плямёнамі, людзьмі моцнымі і рослымі. У адсутнасьць гаспадароў, што запрацаваліся былі за мяжой, плямёны пасьпелі выгодна расьсяліцца па ўсёй тэрыторыі. І з тымі плямёнамі, як высьветлілі габрэі, трэба змагацца ці дамаўляцца, або — як ужо потым мудра пастанавілі старэйшыны — ужываць абедзьве тактыкі адначасова.

3. На заканчэньне

...На Зямлі калючкі і васілька ў Адама адкрылася другое дыханьне. Не зараюеш, канечне, але жыць можна. У яго нарадзіліся сыны і ўнукі, наладзілася свая гаспадарка. Калі Каін забіў Авэля, дык Госпад на сто трыццатым годзе жыцьця спагадліва даў Адаму наўзамен яшчэ аднаго сына, Сіфа, які цешыў састарэлага бацьку сваёй падобнасьцю да сябе. Мы дакладна ведаем, што нават пасьля ўсіх пэртурбацый і сямейных трагедый, Эва спакушала Адама яшчэ ня раз — бо «спарадзіў ён сыноў і дачок». Памёр Адам на дзевяцьсот трыццаць першым годзе жыцьця. Трэба меркаваць, дома, у сваёй пасьцелі.

Павал Касьцюкевіч, перакладчык ізраільскай літаратуры

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG