Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прывітаньне ад Гарбачова і бчб-сьцяг для Лукашэнкі: уся гісторыя «Славянскага базару»


У гісторыі віцебскага фэстывалю шмат «перабудовачнай» рамантыкі, а таксама драматычных гісторый і незразумелых казусаў. Напрыклад сёлетняя афіша паведамляе пра 25-я ўгодкі «Славянскага базару», хоць просты адлік з «заснавальнага» 1992 году прыводзіць да зусім іншай лічбы. А ўвогуле, сваім зьяўленьнем фэстываль абавязаны Віцебску з прычыны даволі празаічнай: складаны рэльеф мясцовасьці, ня дужа зручны для праектантаў і будаўнікоў, стварае добры акустычны эфэкт.

Варта заўважыць, што ідэя “Славянскага базару” ад самага пачатку была крытычна ўспрынятая часткай беларускай інтэлігенцыі, якая ўбачыла ў ёй спробу насадзіць імпэрскія культурніцкія традыцыі. “Менскія ўлады забараняюць народнае шэсьце да Дня Незалежнасьці. Затое танцуе і сьпявае ў Віцебску касмапалітычны “Славянскі базар”, і сьвінцоваю сілай наліваецца аўтарытарная дыктатура” – казаў Васіль Быкаў у ліпені 1995 на хвалях Радыё Свабода.

1988. Фэстываль польскай песьні і прывітаньне ад Гарбачова

Ідэя выкарыстаць прыродны ляндшафт Віцебску дзеля культурніцкіх мэтаў зьявілася яшчэ ў пачатку 1980-х. Менавіта тады ў прыродным яры каля плошчы Свабоды пачалі ладзіць першыя сьпеўныя сьвяты. На схіле, дзе цяпер клюмба з надпісам «Славянскі базар», будавалі падмосткі для харавых выступаў — на ўзор канцэртаў, дагэтуль папулярных у Прыбалтыцы. Выступоўцаў бывала шмат — ад калектываў дзіцячых музычных школ да «дарослай» самадзейнасьці. І зводныя хоры складаліся зь некалькіх соцень удзельнікаў.

«Сьпеўнае поле». Так называўся гэты абʼект гарадзкой тапаграфіі ў пачатку 1980-х
«Сьпеўнае поле». Так называўся гэты абʼект гарадзкой тапаграфіі ў пачатку 1980-х

Сьпевы гучалі ў гістарычных мясьцінах: дзесьці тут, дзе па дне глыбокага яру працякаў ручай з назвай Дунай, а за ім была Задунаўская слабада — старажытнае паселішча, зафіксаванае яшчэ на мапе Віцебску 1664 году. Сьпеўныя сьвяты ладзіліся ў цёплую пару году. А ўзімку на пляцоўцы пад схілам залівалі гарадзкую коўзанку. Гэты звычай застаўся — коўзанка функцыянуе і дагэтуль, хоць навокал усё даўно зьмянілася.

Прыродны ляндшафт — круты яр зь некалькімі ручаямі — стварае выдатную акустыку для канцэртнай пляцоўкі
Прыродны ляндшафт — круты яр зь некалькімі ручаямі — стварае выдатную акустыку для канцэртнай пляцоўкі

У 1987 годзе, калі стала ясна, што прыродны ляндшафт мае ў гэтых мясьцінах цудоўную акустыку, пастанавілі збудаваць у Віцебску адкрытую канцэртную пляцоўку для Першага Ўсесаюзнага фэстывалю польскай песьні. Замест падмосткаў для хору пабудавалі ярусы глядацкіх шэрагаў, а перад імі — сцэну для выступаў. Прытым павярнулі яе тылам да гораду. «Каб не было магчымасьці глядзець канцэрты бясплатна», — тут жа патлумачылі віцебскія дасьціпнікі.

Кажуць, што ідэя збудаваць унікальную для СССР канцэртную пляцоўку належала кампазытару Ігару Лучанку, які часта бываў на фэстывалях савецкай песьні ў польскім горадзе Зялёна Гура, пабраціме Віцебску. «Пабрацімства» і натхніла на прапанову праводзіць у Віцебску фэстывалі польскай песьні.

Будаўнікоў прысьпешвалі з абкаму партыі, і архітэктар быў вымушаны на месцы ўносіць праўкі ў праект

Будаўніцтва «Форуму» — а менавіта такой была першая назва цяперашняга Летняга амфітэатру — ішло курʼерскімі тэмпамі. Старт быў узяты ў пачатку 1988-га. Аўтар праекту Вячаслаў Бабашкін казаў журналістам, што нарматывамі на праектаваньне такіх абʼектаў звычайна адводзіцца каля 2 гадоў, і столькі ж — на будаўніцтва. Але будаўнікоў прысьпешвалі з абкаму партыі, і архітэктар быў вымушаны на месцы ўносіць праўкі ў праект, тут жа аддаючы распараджэньні прарабам будоўлі. На будаўніцтве канцэртнай пляцоўкі задзейнічалі больш за 50 будаўнічых, праектных і мантажных арганізацый. Нічога падобнага ў Савецкім Саюзе яшчэ не будавалі. А за тыя паўгоду, пакуль вялося будаўніцтва, па ўсім СССР у некалькі этапаў праводзілі адбор будучых канкурсантаў. У Менску маэстра Фінберг набіраў новую аркестру для музычнага суправаджэньня «польскага» конкурсу.

Першы фэстываль польскай песьні здолелі правесьці ўлетку 1988-га, праз паўгоду ад пачатку будаўніцтва. 19 ліпеня польскія артысты, якія прыехалі ў Віцебск, на знак падзякі выступілі перад будаўнікамі. А ўласна конкурс і афіцыйнае адкрыцьцё «Форума» адбылося 20 ліпеня, тэлетрансьляцыя з гэтай падзеі вялася па першай праграме Цэнтральнага тэлебачаньня. Прывітальны выступ даслаў асабіста генэральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў.

Для Віцебску, правінцыйнага гораду савецкай пары, гэта была падзея неверагоднага маштабу. Чэргі па квіткі былі ня проста даўжэзныя: за магчымасьць трапіць на канцэрт замежнай эстраднай музыкі людзі былі гатовыя плаціць двайны і трайны кошт. Папярэднія заяўкі падалі 800 арганізацый і ўстаноў вобласьці, але колькасьць ахвотнікаў у дзясяткі разоў перавышала магчымасьці разьмяшчэньня ў глядзельнай залі. Аргкамітэт быў вымушаны ўтрая павялічыць колькасьць канцэртаў — замест 8 да 22.

У конкурснай праграме ўдзельнічалі 12 салістаў і 20 ансамбляў, журы таксама складалася з 20-ці чалавек. Сярод іх была вядомая польская сьпявачка Марыля Радовіч. Ганаровым старшынёю стаў нараджэнец Віцебску, савецкі кампазытар Марк Фрадкін. Менавіта гэты фэстываль дапамог трапіць на вялікую эстраду многім вядомым сёньня выканаўцам. Напрыклад, 19-гадовай Іне Афанасьевай, якая прадстаўляла ансамбаль «Спэктар» Палацу культуры магілёўскага «Хімвалакна», і салісту «Песьняроў» Валерыю Скаражонку, які датуль сьпяваў у гарадзенскай рэстарацыі.

Новыя кавярні і фэстывальныя пікнікі

Рыхтуючыся да фэстывалю трэба было павялічыць колькасьць пунктаў харчаваньня, і ў той час у Віцебску зьявілася мноства невялічкіх кавярняў з нацыянальным калярытам — «Беларускія клёцкі», «Стары Томас», «Даўгава», «Паланэз», «Лявоніха», «Кумыс», «Малдова» і іншыя. Першы сакратар абкаму КПБ Уладзімір Грыгорʼеў меў ідэю стварыць 15 тэматычных кавярняў — па колькасьці саюзных рэспублік. Яна была ў значнай ступені рэалізаваная, але да цяперашняга часу гэтыя абʼекты харчаваньня не захаваліся.

Праўда, віцябляне напрыканцы 1980-х ня дужа імкнуліся ў перапоўненыя рэстарацыі. Нават ня трапіўшы на канцэрты, яны выходзілі ў цэнтар гораду, прыхапіўшы з сабой выпіўку і закусь — ад простых бутэрбродаў да рондаляў з катлетамі. І на кожным газоне ўтваралася імправізаваная кавярня: гараджане частаваліся, віталіся са знаёмымі, запрашалі да свае кампаніі. Праўда, пасьля такіх пасядушак шмат дадатковай працы зьяўлялася ў дворнікаў, а дадатковых «кліентаў» — у выцьвярэзьніках.

Традыцыя фэстывальных гарадзкіх пікнікоў праіснавала аж да пачатку 2000, пакуль у Віцебску не пачалі масава зьяўляцца пункты харчаваньня з традыцыйным вулічным мэню — шашлыком, піражкамі і алькаголем усіх магчымых гатункаў. Але да таго часу фэстываль польскай песьні, праведзены ў Віцебску двойчы, ужо скончыў сваё існаваньне разам з развалам СССР. Наступіла эпоха «Славянскага базару».

Зьлева — афіша 1-га «Славянскага базару». А побач — апошняга
Зьлева — афіша 1-га «Славянскага базару». А побач — апошняга

1992. «Славянскі базар» — песьні славянскіх кампазытараў пад аркестар

У 1992 годзе традыцыя сьпеўных сьвятаў у Віцебску аднавілася: зьявіўся «Славянскі базар», перш задуманы як конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песьні. Заснавальнікамі сталі некамэрцыйныя структуры трох дзяржаў — саюз «Зьніч», якім кіравала Натальля Машэрава і Віцебскі гарадзкі цэнтар культуры пад кіраўніцтвам Радыёна Баса зь беларускага боку, прыватнае расейскае прадпрыемства «Ірыда», дырэктарам якога быў Сяргей Віньнікаў, і прыватнае ўкраінскае прадпрыемства «Рок-Акадэмія» на чале зь Мікалаем Красьніцкім. Удзельнікам конкурсу трэба было выканаць песьні славянскіх кампазытараў у суправаджэньні аркестру.

А што да назвы, то яе выбар Радыён Бас аднойчы патлумачыў вельмі проста: перамовы заснавальнікаў праходзілі ў Маскве, у гатэлі «Россия», а побач знаходзілася рэстарацыя «Славянскі базар». Абодва словы адпавядалі часу: азначэньне «славянскі» яднала заснавальнікаў геаграфічна, а назоўнік «базар» натхняў на пэрспэктывы прыбытку. Забягаючы крыху наперад, можна сказаць, што яны ня дужа апраўдаліся: часам разьлікі з артыстамі і абслугай зацягваліся на гады, бо ня ўсе канцэртныя праграмы акупляліся ўвогуле.

У фармаце конкурсу «Славянскі базар» праіснаваў да 1995 году. А з тае пары ён пачаў называцца «Міжнародным фэстывалем мастацтваў», бо да «сьпеўнай часткі» дадалася адмысловая кінапраграма — дэманстраваліся фільмы славянскіх аўтараў. Геаграфія фэстывалю значна пашырэла: удзельнікі і госьці зьяжджаліся ўжо з розных кантынэнтаў. Віцебск у сярэдзіне ліпеня зноў віраваў у чаканьні цікавых імпрэзаў, квіткі на канцэрты былі дэфіцытам, а трапіць на асобныя выступы дык і ўвогуле лічылася вялікай удачай.

У афармленьні сцэны ў 1996-м годзе — беларускі арнамэнт
У афармленьні сцэны ў 1996-м годзе — беларускі арнамэнт

1998. «Славянскі базар у Віцебску» — сьпявалі і танцавалі ў падтрымку саюзу Беларусі і Расеі

Нечаканая «пераарыентацыя», разам зь якой пачаўся спад цікаўнасьці да фэстывалю, адбылася ў 1998 годзе, калі музычны фэст стаў міжнародным культуралягічным праектам Саюзу Беларусі і Расеі. З гэтага году ён стаў называцца «Славянскі базар у Віцебску» — дзеля адрозьненьня ад іншых конкурсаў з падобнымі назвамі, якіх існуе некалькі. Канцэпцыя фэстывалю пачала адлюстроўваць ідэю ўзмацненьня беларуска-расейскіх стасункаў.

Патрапіўшы на прэзыдэнцкую пасаду, фэстывалем адразу зацікавіўся Аляксандар Лукашэнка — пачаў прыяжджаць на адкрыцьцё практычна штогод, некалькі разоў браў з сабой малодшага сына. Ён неаднаразова падкрэсьліваў, што «Славянскі базар» мае ня толькі культурніцкае, але й палітычнае значэньне. У 2001 годзе Лукашэнка запрасіў у Віцебск прэзыдэнтаў Украіны Леаніда Кучму і Уладзімера Пуціна. Утрох яны пасадзілі дрэвы каля амфітэатру: Лукашэнка — бярозу, Пуцін — ліпу, Кучма — каштан. Дрэвы прыняліся і растуць. Аднак ніякіх памятных таблічак у гэтым кутку няма

Фота сустрэчы трох прэзыдэнтаў
Фота сустрэчы трох прэзыдэнтаў

Дрэвы, гісторыю зьяўленьня якіх ужо ніхто ня згадвае
Дрэвы, гісторыю зьяўленьня якіх ужо ніхто ня згадвае

2001. Бел-чырвона-белы сьцяг для Лукашэнкі

На тым самым фэстывалі, 20 ліпеня 2001 году, падчас выступу на гала-канцэрце расейскіх поп-зорак, здарыўся выключны інцыдэнт. Дачакаўшыся, калі ўсе сьпевакі выйдуць на сцэну, навідавоку ва ўсяго 5-тысячнага амфітэатру і ў прысутнасьці Аляксандра Лукашэнкі 21-гадовы віцебскі «маладафронтавец» Андрэй Капорыкаў разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг, кінуў у залю пачак улётак і выгукнуў: «Жыве Беларусь!» Ахоўнікі Лукашэнкі і міліцыянты кінуліся да хлопца і пачалі яго біць. Зьбілі да страты прытомнасьці, потым па асфальце адцягнулі за браму амфітэатру і білі зноў.

Андрэй Капорыкаў неўзабаве зьехаў у эміграцыю. Ягоны ўчынак запомніўся віцяблянам. А ахоўнікі правапарадку ўзмацнілі захады супраць падобных інцыдэнтаў: на ўваходзе ў глядзельную залю гледачоў пачалі пільна абшукваць. І ў пералік прадметаў, якія забаронена мець пры сабе, трапілі ня толькі сьпіртовыя напоі, вялікія торбы, халодная ды агнястрэльная зброя, а яшчэ й «сымболіка, не зацьверджаная мясцовымі органамі ўлады».

Міліцэйскі кардон з мэталашукальнікамі на падыходзе да Летняга амфітэатру (архіўнае фота)
Міліцэйскі кардон з мэталашукальнікамі на падыходзе да Летняга амфітэатру (архіўнае фота)

Зь летнім амфітэатрам і нацыянальным сьцягам была зьвязана і яшчэ адна падзея. 18 чэрвеня 2006 году актывістка Крысьціна Шацікава разгарнула сьцяг, узьлезшы на асьвятляльную вежу каля галоўнай фэстывальнай пляцоўкі. Празь некаторы час служба МЧС зьняла сьцяг, але не змагла зьняць Крысьціну, бо тая адмаўлялася ад іх паслугаў, а сама не спускалася ўніз. Тры гадзіны актывістка прасядзела на мачце, пасьля чаго яе ўсё-ткі зьнялі прымусова трое «амонаўцаў» і двое «ратавальнікаў». Крысьціну Шацікаву адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС і склалі адміністратыўныя пратаколы па трох артыкулах.

Зьлева — тая сама вежа, на якой Крысьціна Шацікава ўзьняла бел-чырвона-белы сьцяг
Зьлева — тая сама вежа, на якой Крысьціна Шацікава ўзьняла бел-чырвона-белы сьцяг

Падзеі, хоць і адбываліся не падчас «Славянскага базару», надта ж супярэчылі яго палітычнаму зьместу — умацаваньню стасункаў з Расеяй. Бо яшчэ ў 2003 годзе на XII фэстывалі мастацтваў упершыню быў праведзены Дзень Саюзнай дзяржавы. З тае пары ён стаў традыцыйным.

Сафія Ратару пад парасонам

Гледачы пад дажджом і парасон з эмблемай фэстывалю
Гледачы пад дажджом і парасон з эмблемай фэстывалю

Пасьля таго, як на «Славянскі базар у Віцебску» перасталі запрашаць культавых замежных выканаўцаў, інтарэс да фэсту нейкі час трываў за кошт выступаў расейскіх эстрадных зорак. Гледачам хацелася ўвачавідкі ўбачыць Аллу Пугачову ці Сафію Ратару, і яны былі гатовы ня толькі плаціць грошы за квіткі, але й трываць нязручнасьці. Прыкладам, глядзець канцэрт пад дажджом, з парасонам над галавой. Або загарнуўшыся ў коўдру, калі позьні вечар выдаваўся халаднаватым.

Гараджане апавядаюць, што яшчэ ў ліпені 1998 году мэр Масквы Юрый Лужкоў, выступаючы са сцэны з прывітальным словам, паабяцаў прафінансаваць будаўніцтва даху над Летнім амфітэатрам. І яшчэ няісны дах гараджане жартам празвалі «кепкай Лужкова» — як вядома, ён вельмі любіў насіць якраз гэткі галаўны ўбор.

Аднак Юрый Лужкоў не стрымаў дадзенага абяцаньня. Хаця, кажуць, адпаведныя распараджэньні ўсё-ткі даў, і архітэктары спраектавалі дах з пляскатых панэляў, якія мелі рассоўвацца і зачыняцца па меры неабходнасьці. Праект быў прызнаны занадта складаным для выкананьня і не ўвасобіўся ў жыцьцё. На некалькі год справа спынілася, аж пакуль у жніўні 2006, над Летнім амфітэатрам пачалі будаваць дах на загад Аляксандра Лукашэнкі.

Так узводзіўся дах над амфітэатрам
Так узводзіўся дах над амфітэатрам

На працягу першага паўгодзьдзя 2007-га на абʼекце штодзень працавалі каля 300 адмыслоўцаў рознага профілю. Як і пры ўзьвядзеньні самога амфітэатру, паўстала пытаньне, ці пасьпеюць будаўнікі да ліпеня. Адказнасьць перад Аляксандрам Лукашэнкам была пэрсанальная, і таму штовечар падводзіліся вынікі зробленага за дзень з удзелам старшыні гарвыканкаму Пятра Драздова. Штаб рэканструкцыі ўзначальваў намесьнік старшыні аблвыканкаму Віктар Пятруша.

Са складаным заданьнем будаўнікі справіліся за 9 месяцаў. І 6 ліпеня 2007 году, з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адбылося адкрыцьцё фэстывалю ў абноўленым амфітэатры. Апрача новага даху, былі рэканструяваны службовыя памяшканьні і адчынена выставачная заля «Духаўскі круглік». Сёньня ў гэтай пабудове месьціцца музэй «Славянскага базару».

Музэй месьціцца ў Духаўскім кругліку
Музэй месьціцца ў Духаўскім кругліку

Наш час: гараджане хаваюцца на лецішча, квіткі на «расейскіх зорак» распаўсюджваюць па прадпрыемствах

Дах, можа, і дадаў гледачам камфорту, але не вярнуў колішняй цікаўнасьці да фэстывалю. Сышлі ў нябыт тэматычныя «дні», прысьвечаныя творчасьці артыстаў Беларусі, Расеі і Украіны. І ўвогуле на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя вельмі выразна адчуваецца стомленасьць ранейшым фарматам імпрэзаў: канцэрты расейскіх «зорак», шмат хто зь якіх прыяжджае ў Віцебск ужо ня першы раз, ужо ня вабяць слухачоў, да таго ж пужаюць вялікімі коштамі. Конкурсы маладых выканаўцаў, у тым ліку дзіцячыя, ужо не захапляльныя, як раней. І ўжо ні для каго не сакрэт, што квіткі на «Славянскі базар» распаўсюджваюцца па прадпрыемствах «у добраахвотна-прымусовым парадку». І ад натужнай весялосьці, якую ствараюць у Віцебску з дапамогай шматлікіх харчовых пунктаў, дзе гандлююць алькаголем, гараджане ўцякаюць на лецішчы.

У 2013 годзе даўняга дырэктара фэстывалю Радыёна Баса — пачынальніка «Славянскага базару» — замяніў на пасадзе чыноўнік Аляксандар Сідарэнка, былы намесьнік начальніка ўпраўленьня культуры Віцебскага аблвыканкаму. Фінансаваньне фэстывалю скарацілася. Скарацілася і яго працягласьць: сёлета ён будзе доўжыцца ўсяго 5 дзён, хоць раней «песеннае сьвята» працягвалася ня менш за тыдзень.

Калі казаць пра глядацкі інтарэс, то ён ахоплівае ў большай ступені якраз-такі «не музычную» частку фэсту: гледачы цікавяцца кіна- і тэатральнымі праектамі, іх вабяць вулічныя кірмашы і танныя распродажы. Госьці адзначаюць адсутнасьць беларускага нацыянальнага калярыту на «Славянскім базары» і страту лепшых мастацкіх традыцый.

Адна зь іх зьвязана зь песьняй «Все цветы июля», якую абвясьцілі неафіцыйным гімнам фэстывалю.

Насамрэч яна была напісана да Дня адраджэньня Польшчы, які адзначаецца 22 ліпеня, і прагучала ў Віцебску ў 1988 годзе. Тады яшчэ ніхто і ня думаў пра будучы «Славянскі базар», і не ўяўляў сабе сёньняшняе «палітычна-культурніцкае» мерапрыемства, якое ўрэшце атрымалася.

Фэстывальны цэнтар Віцебску
Фэстывальны цэнтар Віцебску

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG