Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Таўпянец, якая страціла руку на вытворчасьці: «Інспэкцыя па працы прызнала, што вінаваты працадаўца»


Вольга Таўпянец
Вольга Таўпянец

34-гадовая жыхарка Віцебску расказвае, што на ААТ «Дэлі Ост» скончылася праверка акалічнасьцяў інцыдэнту, у выніку якога яна засталася інвалідам:

«Высьветлілася, што на прадпрыемстве было вельмі шмат парушэньняў што да тэхнікі бясьпекі. Нават не было каму правесьці інструктаж, калі нават гэта нехта б і памкнуўся зрабіць! Вельмі кваліфікавана праводзілася праверка, вельмі пільна. Мне нават пару разоў падавалася, што яны штучна марудзяць. Але потым пераканалася: гэта быў сумленны, дасканалы падыход. І я цяпер зноў паверыла ў справядлівасьць!»

Паводле афіцыйных дакумэнтаў, Вольгу Таўпянец прынялі на дрэваапрацоўчае прадпрыемства «Дэлі Ост» вучнем сартавальніка матэрыялаў і вырабаў з драўніны«. Але празь дзень майстар цэху загадаў, каб яна ішла працаваць на станку з адкрытымі піламі. Дзяўчына адмаўлялася, але майстар настойваў, пагражаючы звальненьнем. Гэтага станка ў цэху пабойваліся, бо на ім не было ахоўнай сыстэмы. І, як высьветлілася, пабойваліся нездарма: 12 сакавіка Вользе Таўпянец адрэзала кісьць левай рукі. Якраз за тры дні ад здарэньня пілы навастрылі, і «руку размалаціла так, што не было чаго прыжывіць», апавядала сама Вольга.

Вольга ў шпіталі пасьля здарэньня
Вольга ў шпіталі пасьля здарэньня

Яна падкрэсьлівае: кваліфікаванай працы на станку ніхто не навучаў, інструктаж па тэхніцы бясьпекі не праводзіўся, а станок дзеля бясьпекі работніка ня быў абаронены належным чынам. Да такіх самых высноў прыйшла і камісія.

Вольга Таўпянец кажа, што дужа баялася, каб справы не «замялі». Яна ведала, што ў дырэктара ёсьць «патрэбныя сувязі», бо пра гэта ёй казаў сам Алег Радзевіч. Віну за здарэньне кіраўнік хацеў цалкам перакласьці на работніцу: казаў, што яна сама ня мусіла нават падыходзіць да небясьпечнага станка, і прапаноўваў «па-добраму» абмеркаваць памер кампэнсацыі, калі «пройдзе час, і Вольга супакоіцца». Неўзабаве паступіла і прапанова: 10-15 тысяч даляраў за тое, што работніца напіша пісьмовую заяву пра адсутнасьць прэтэнзіяў.

«Карацей, я мусіла напісаць, што сама вінаватая. І ўзяць грошы. Вядома, я такой сумы ніколі і ў руках не трымала. Але 10 тысяч каштуе адзін пратэз, а яго трэба мяняць прыкладна раз на два гады. Дырэктар казаў, што я дурніца, бо ў жыцьці заўжды трэба браць грошы, пакуль прапаноўваюць. І часам было страшнавата: а раптам справу ўсё-ткі «замнуць», — кажа Вольга.

Станок, на якім працавала Вольга
Станок, на якім працавала Вольга

«Замяць справу» не дазволіла перадусім увага грамадзкасьці. Вольжына сястра Алена Селязьнёва ўзьняла кампанію падтрымкі ў сацыяльных сетках, пачаліся абураныя камэнтары на адрас працадаўцы, які ня дбае пра бясьпеку работнікаў. Вольга накіравала дырэктару «Дэлі Ост» заяву, у якой выклала свае патрабаваньні ў сувязі зь няшчасным выпадкам. Сярод іх — кампэнсацыя фізычных стратаў у выглядзе штомесячнага заробку да часу дасягненьня пэнсійнага ўзросту, кампэнсацыя маральнай шкоды памерам адзін мільярд рублёў, кампэнсацыя лячэньня, у тым ліку ўстаноўка пратэза. Пакуль патрабаваньні не задаволеныя, і Вольга зьбіраецца падаць на дырэктара прадпрыемства заяву ў суд, прыклаўшы да яе высновы адмыслоўцаў. Як толькі атрымае грошы — каля 40 мільёнаў, якія ёй мусіць сплаціць «Белдзяржстрах» — бо толькі падаць заяву ў суд каштуе каля 600 тысяч. А лішніх грошай у сям’і няма: муж Вольгі, які раней езьдзіў на працу ў Расею, застаўся дапамагаць жонцы, і цяпер перабіваецца выпадковымі падпрацоўкамі.

Мэдычная камісія пастанавіла, што жанчына страціла 40 адсоткаў працаздольнасьці. Згодна з заканадаўствам, дырэктару за выкрытыя інспэкцыяй працы парушэньні пагражае штраф. Максымальны — да 50-ці базавых велічынь, але памер штрафу пакуль ня вызначаны.

Вольга Таўпянец
Вольга Таўпянец

Вольга кансультавалася з мэдыкамі-пратэзістамі, і яна спадзяецца замовіць пратэз ня проста касмэтычны, самы танны, а хаця б па мінімуме функцыянальны — каб рухаліся пальцы. Пакуль яна вучыцца абыходзіцца адной рукой:

«Мыцца і есьці самастойна я магу. А вось гатаваць — ня дужа, хаця ўжо спрабавала абіраць бульбу: трымаю яе паміж калень, а ў руцэ ножык. Нязручна і дужа доўга. Добра, што гатаваць любіць муж, гэтым і займаецца. І магу памыць бялізну, прыбраць у хаце. Найбольш крыўдна, што не магу добра прычасацца — завязаць „хвосьцік“, да якога прывыкла. Была нават думка каротка пастрыгчыся, але я яе адкідаю: спадзяюся на лепшае».

Цяпер Вольга шукае працу, зь якой яна можа справіцца адной рукой. Спадзяецца ўладкавацца дыспэтчарам — калі мець навушнік ад мабільнага тэлефона, то якраз адной рукой можна запісваць неабходныя зьвесткі. Кажа, што працоўнае месца ўжо нагледзела, але ўладкоўвацца пойдзе трошкі пазьней — калі вырашацца ўсе пытаньні зь юрыдычнай перапіскай і мэдычнымі кансультацыямі, каб не адпрошвацца лішні раз і не падводзіць людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG