Сьледчы камітэт Расеі паведаміў аб пачатку крымінальнай справы супраць грамадзяніна Беларусі Дзьмітрыя Паўлава, які, па зьвестках расейскага СК, стварыў у 2013 годзе нэанацысцкую суполку Misanthropic Division.
Па беларускім нумары тэлефона, які ў сацсетках прыпісваецца Паўлаву, адказвае чалавек, які прадстаўляецца як знаёмы Паўлава па працы ў кампаніі EPAM. Ён кажа, што Паўлаў даўно зьехаў зь Беларусі, меркавана, ва Ўкраіну, і пакінуў яму свой нумар. Мужчына кажа, што ня ведае іншых дэталяў. Нумар тэлефона скончваецца лічбамі 14-88 — закадаваным нэанацысцкім лёзунгам.
Афіцыйная вэрсія з Расеі
Расейскія сьледчыя сьцьвярджаюць, што Паўлаў, вядомы па мянушцы «Фюрэр», стварыў Misanthropic Division «як субкультурны праект, плянуючы ўмацаваць свае пазыцыі сярод нацыяналістаў, а таксама атрымліваць прыбытак ад продажу прадукцыі з адпаведнай сымболікай», а пасьля «Эўрамайдану» суполка стала «больш радыкальнай» і распаўсюдзілася на іншыя краіны Эўропы.
Паўлава абвінавачваюць у стварэньні і арганізацыі дзейнасьці экстрэмісцкай арганізацыі, публічных закліках да ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або публічным апраўданьні тэрарызму; публічных закліках да ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці; распальваньні нянавісьці альбо варожасьці, а таксама зьнявазе чалавечай годнасьці; рэабілітацыі нацызму.
Сябры суполкі бралі ўдзел у «Эўрамайдане» і баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны, заклікаюць у шэрагі «Правага сэктару» і «Азову», заклікаюць да экстрэмісцкай дзейнасьці, распальваюць нянавісьць, прапагандуюць расізм.
Арганізацыя прызнаная ў Расеі экстрэмісцкай. Адзін зь яе ўдзельнікаў асуджаны за злачынствы экстрэмісцкага напрамку. У Маскве праводзяцца ператрусы ў асобаў, зьвязаных з Misanthropic Division.
Сам Паўлаў нібыта знаходзіцца ў Нямеччыне.
Вэрсія з сацсетак
У сацсетках, у тым ліку ад імя Misanthropic Division і яго праціўнікаў, распавядаецца іншая вэрсія. Мянушка Паўлава — «Misanthropic Fuhrer», раней — «Базутчык». 31 кастрычніка 2013 году ён разам зь Сяргеем пад мянушкай «People Hater» і Аляксандрам «Sharp Knife» стварыў «УКантакце» паблік, дзе публікаваліся нэанацысцкія артыкулы і фоты з «Эўрамайдану». Публікуюцца фоты, як сьцьвярджаецца, Паўлава на «Эўрамайдане», затым у складзе падразьдзяленьня Нацгвардыі Ўкраіны «Азоў».
Сьцьвярджаецца, нібыта MD браў удзел у процістаяньні «Беркуту» на «Эўрамайдане» ад сьнежня 2013 года, затым у Адэсе і Харкаве — у процістаяньні з «Антымайданам», пазьней і да сёньняшняга дня ў складзе «Азову» — на Данбасе. Прыхільнікі MD заяўляюць, што арганізацыя не зьвязаная наўпрост з «Азовам» і «Правым сэктарам»: хоць ваюе на іх боку, але крытыкуе іх пазыцыі (нацыяналістычныя, але не нацысцкія і расісцкія).
Што дзіўна, розныя суполкі пад назвамі Misanthropic Division прытрымліваюцца розных бакоў канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Існуе і суполка «MD Новороссия», якая заяўляе, што ваюе супраць украінскіх узброеных сілаў. Усе яны сапраўды публікуюць матэрыялы і сымболіку нэанацысцкай тэматыкі.
На сьцягах Misanthropic Division прысутнічае эмблема дывізіі СС Totenkopf. Дэвіз усіх суполак — «Сьмерць у імя Вотана», а «Вотан» — старажытнаверхненямецкае імя скандынаўскага бога Одзіна і скарачэньне ад «Will Of The Ancient Nation» («Воля старажытнай нацыі»).