На пасяджэньні прэзыдэнцкай рады па міжнацыянальных адносінах ён папрасіў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна даць адпаведнае даручэнне Міністэрству адукацыі і навукі. Пра гэта інфармуе РБК.
На думку Мядзінскага, дзеля паляпшэньня якасьці выкладаньня расейскай мовы можа быць скарочана колькасьць гадзін ня толькі замежных моў, але і рэгіянальных моў Расеі.
«Мы даволі сур’ёзна павялічылі рэгіянальны складнік і ў мове, і ў гісторыі. Мы больш вучым цяпер замежныя мовы, і гэта таксама, вядома, правільна, але гэта не павінна быць за кошт вывучэньня расейскай мовы, нашай літаратуры і нашай агульнай, падкрэсьлю, гісторыі», — упэўнены ён.
«Школьнік, з аднаго боку, выйграе ад веданьня рэгіянальных моў, гэта бонус, але гэта мае сэнс толькі ў выпадку дапаўнення да глыбокага ведання нашай агульнай мовы. Перакананыя, што суадносіны расейскай і рэгіянальнай моў, зьмест адукацыі павінны быць адназначна на карысць расейскай», — сказаў Мядзінскі.
«Вельмі просім даць адпаведнае даручэньне міністэрству адукацыі, інакш, калі гэтага не зрабіць, то якая культура? Усе нашы намаганьні будуць абсалютна бескарысныя?!» — падсумаваў міністар.
Уладзімер Пуцін на сёньняшнім пасяджэньні рады заявіў, што вынікі адзінага дзяржаўнага экзамэну (ЕГЭ) па расекйскай мове сёлета зьяўляюцца нагодай для перагляду праграм выкладаньня гэтага прадмету.