Дзяніс Тарманаў, які заехаў у «Карону» на самакаце, даводзіць у судзе, што матам ня лаяўся.
У Фрунзенскім судзе ідзе працэс з удзелам Дзяніса Тарманава, якога абвінавачваюць у тым, што 29 чэрвеня ён заехаў у ТЦ «Карона» на самакаце, на заўвагі не рэагаваў і лаяўся матам. Дзяніс сьцьвярджае, што на самакаце быў, на заўвагі рэагаваў, але матам ня лаяўся. Хлапцу можа пагражаць 15 сутак.
21-гадовы Дзяніс Тарманаў кардынальна памяняў спосаб камунікацыі з прэсай. За некалькі дзён да паседжаньня ён ахвотна раздаваў інтэрвію і стаў героем многіх публікацый. Сёньня ў судзе ягоная адвакатка спрабавала дамагчыся, каб журналістаў не пускалі ў залю. Пасьля запатрабавала ад фатографаў, якія зрабілі некалькі фатаздымкаў да пачатку паседжаньня, выдаліць фота.
— Мы выдалілі, — кажуць фатографы.
— Мы ведаем, як вы выдаляеце! — запярэчыла адвакатка. — А пасьля гэтыя здымкі зьяўляюцца ўсюды! — і хацела прасачыць, ці праўда фота выдалілі.
— Вы мне не загадвайце, як мне працаваць, — адрэагаваў адзін з фатографаў. Журналісты ў залі засталіся.
Дзяніс Тарманаў падчас паседжаньня паўтарыў тыя паказаньні, якія ўжо вядомыя з публікацый. Маўляў, вярнуўся ў «Карону», каб знайсьці згубленыя пальчаткі. Яго спыніў адзін ахоўнік
«Сказаў, што „нельга на самакаце“. Я тут жа спыніўся, спытаў, чаму нельга. Ён адказаў нешта „нельга і ўсё“. Я спытаў, можа ёсьць нейкія дакумэнты, якія ён можа мне паказаць, што „нельга на самакатах“. Ён сказаў нешта пра міліцыю».
Зь першым ахоўнікам Дзяніс разышоўся, але ў залі яго спыніў другі ахоўнік. У выніку хлапец апынуўся ў пакоі аховы. «Там прапаршчык мне паказаў пасьведчаньне, я перапісаў нумар яго значка, спытаўся, чаму я тут. Тады ён стаў на мяне крычаць і нецэнзурна выказвацца. Я тады пазваніў у 102, расказаў, што адбываецца».
Усе ўдзельнікі інцыдэнту з боку ГЦ «Карона» выступілі ў якасьці сьведак. Прынесьлі ўнутраныя дакумэнты, інструкцыі, у якіх абгрунтоўваецца, што ў гіпэрмаркеце і праўда забаронена перасоўвацца на самакатах, скейтах, роліках яшчэ з 2014 году. Дзіцячыя вазкі, інвалідныя вазкі, дзіцячыя ровары, якія выкарыстоўваюцца як сродак перасоўваньня малога дзіцяці, дазволеныя.
Адвакатка Дзяніса Тарманава пыталася, наколькі даступныя гэтыя дакумэнты для наведнікаў. Сьведкі кажуць — «ляжаць у інфацэнтры».
Усе тры сьведкі з боку ГЦ «Карона» паказваюць, што нецэнзурныя словы з боку хлапца гучалі. «Абражаць ён нікога не абражаў, але ў якасьці зьвязкі паміж словамі было», — кажуць яны.
«Я на нецэнзурную лаянку нават не зьвяртаў увагі, — паказвае супрацоўнік аддзделу аховы. — Я яму кажу: малады чалавек, а што здарылася, людзі просяць, каб вы ня езьдзілі на самакаце, чаму ня спыніце. А ён адказвае: „А чаму я мушу гэта рабіць, пакажыце мне паперу“. Калі нельга — значыць можна. Такі жыцьцёвы прынцып».
Сьведка кажа, што раз у хлапца ўзьнік канфлікт з супрацоўнікамі аховы, то той мусіў разабрацца і адвёў хлапца ў пакой аховы:
«Сядзяць тры дарослыя чалавекі і пачынаюць яму тлумачыць, што нязручна, непрыгожа, сьлізкая падлога, ці мала што здарыцца. Дзеці ходзяць... Самакат — гэта цацка, зь якой трэба гуляцца на вуліцы. А ён \[Тарманаў] — «А чаму? Дайце паперу, паводле закону я нічога не парушыў».
«Мы думалі, што ён на месцы скажа: я болей так ня буду, і ня трэба нават выбачацца. На гэтым бы канфлікт быў вычарпаны. Але не, ён сыходзіць не хацеў. Давайце паводле закону. Ну раз паводле закону, то я ведаю такі закон — артыкул 17.1 „Дробнае хуліганства“, нецэнзурная лаянка ў публічным месцы. Ён гэта пачуў і стаў званіць 102. Раз ужо пайшоў сыгнал „102“, то трэба справу даводзіць да канца», — патлумачыў свае дзеяньні супрацоўнік аддзелу аховы.
Ён пацьвярджае, што нецэнзурная лаянка ад Дзяніса гучала, але не была ні на каго скіраваная. У выніку на Тарманава склалі «пакет дакумэнтаў», і яго накіравалі ў Фрунзенскі РУУС.
«Я быў больш, чым упэўнены, што яго адпусьцяць проста там жа, — кажа сьведка. — Што там адбылося, я ня ведаю. Сваю працу па ахове грамадзкага парадку я выканаў».
У Фрунзенскім РУУС Дзяніс Тарманаў правёў ноч, а на наступны дзень 30 чэрвеня яго адвезьлі ў суд. У выніку першага паседжаньня судзьдзя Ярохіна перанесла суд 8 ліпеня, запатрабаваўшы ад ГЦ «Карона» відэазапіс зь месца здарэньня. Відэазапіс быў ахвотна паказаны, аднак праглядзець яго ў залі суду змаглі толькі ўдзельнікі працэсу — судзьдзя, адвакат, сам Дзяніс Тарманаў. Камэнтаваць і аналізаваць відэазапіс уголас ніхто ня стаў.
«Ты ж зразумей, ніхто тут ня хоча цябе пакараць», — у калідоры сьведкі і сам Дзяніс досыць спакойна перамаўляліся паміж сабой. Ад камэнтароў для прэсы адмаўляюцца абодва бакі.
Судзьдзя Ярохіна перанесла паседжаньне яшчэ раз. Бакі сустрэнуцца ў Фрунзенскім судзе 11 ліпеня а 14:30.