Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці эфэктыўная падатковая сыстэма Беларусі?


У чым яе хібы, у чым перавагі і якія шляхі яе паляпшэньня?

Карбалевіч: 6 ліпеня Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра па падатках і зборах Сяргея Налівайку, абмяркоўваў зь ім, як зрабіць падатковую сыстэму больш дасканалай. Міністар апавядаў пра пляны міністэрства зрабіць працэс аплаты падаткаў больш простым, расказваў пра электроннае дэкляраваньне.

У пляне падаткаў перад любой дзяржавай стаіць тая самая праблема: каб напоўніць бюджэт і адначасова не душыць суб’ектаў гаспадараньня і грамадзян. Як у гэтым пляне балянс рэалізуецца ў Беларусі? Простага адказу тут няма.

З аднаго боку, падаткі зь фізычных асобаў у Беларусі параўнальна невялікія (13%) і плоскія. Гэта добра, бо, напрыклад, калі ў Францыі сацыялісты ўвялі вялізны падатак на багатых, то такія, як Дэпардзьё, проста зьехалі з краіны.

Але што да падаткаў на суб’екты гаспадараньня, то тут сытуацыя іншая. Напрыклад, падатак на даданую вартасьць у Беларусі вышэйшы, чым у партнэраў па Эўразійскім эканамічным саюзе.

Затым, ёсьць выплаты, якія фармальна не зьяўляюцца падаткамі, а фактычна імі зьяўляюцца. Напрыклад, суб’екты гаспадараньня павінны плаціць у Фонд сацыяльнай абароны за кожнага работніка 34% ад заробка. Гэта вельмі вялікі памер, большы, чым у іншых краінах. Менавіта таму ў шмат якіх фірмах рэальныя заробкі хаваюць, плацяць у канвэртах.

Вялікай хібай беларускай падатковай сыстэмы зьяўляецца яе частая зьмена і складанасьць. Вось юрыст Сяргей Балыкін адзначае, што памер Падатковага кодэксу — 941 старонка.

Калі ўлада падаткі забірае аўтаматычна, то няма ўяўленьня, што бюджэтныя грошы — гэта мае.

Хоць Лукашэнка ў сваёй перадвыбарчай праграме абяцаў, што новыя падаткі ўводзіцца ня будуць, але апошнім часам, калі грошай у бюджэце стала мала, улады прыдумляюць усё новыя падаткі, хоць іх так не называюць. Напрыклад, падатак на аўтамабіль, падатак на дармаедзтва, на пасылкі з-за мяжы, на ўвоз тавараў з-за мяжы і інш.

Затым, у беларускім бюджэце ёсьць асобны артыкул — даходы ад штрафаў. То бок, ёсьць плян па штрафах. І падатковыя органы павінны яго выконваць. Таму амаль любая праверка суб’екта гаспадараньня заканчваецца штрафамі, прычым вялікімі.

І яшчэ адна важная хіба беларускага заканадаўства. Людзі ж ня плацяць самі падаткі, адлікі ў Фонд сацыяльнай абароны. Гэта аўтаматычна вылічваецца зь іх заробку ў бухгальтэрыі па месцы працы. Калі б яны самі прыходзілі ў падатковую інспэкцыю ці ў банк, самі вылічвалі свой падатак, самі пералічвалі, то гэта быў бы першы крок да ўсьведамленьня сябе грамадзянінам. У іх бы ўзьніклі пытаньні: а на што і ці эфэктыўна ўлада траціць мае грошы? І як я магу на гэта ўплываць, як можна кантраляваць уладу? А калі ўлада падаткі забірае аўтаматычна, то няма ўяўленьня, што бюджэтныя грошы — гэта мае. Людзей не цікавіць, як бюджэт напаўняецца і на што выдаткоўваецца.

Глод: І па тэлебачаньні, і ў мэтро ў Беларусі шмат рэклямы пра падаткі. Падаткі — гэта і адукацыя, і ахова здароўя, і захаваньне культурных каштоўнасьцяў, і яшчэ шмат чаго. Улады заклікаюць насельніцтва не хаваць прыбыткі, аплачваць іх праз падаткі цалкам. Маўляў, тады ўсім у краіне будзе лягчэй жыць. Гэта ўсё правільна і пярэчыць тут немагчыма.

Але, мне падаецца, такая рэкляма агульная і яна не даходзіць да людзей як да канкрэтнай асобы. І спадар Карбалевіч тут правільна абазначыў галоўную праблему. Калі ўлада забірае падаткі аўтаматычна, то ў чалавека няма ўяўленьня, што бюджэтныя грошы — гэта яго грошы. Людзей не цікавіць, як бюджэт напаўняецца і як ён траціцца. А нейкія зрухі бываюць толькі тады, калі сытуацыя з падаткамі закранае шмат каго. Апошні раз, я думаю, гэта было летась, калі з 1 студзеня 2015 году дадзеныя аб куплі замежнай валюты грамадзянамі сталі даступныя падаткавікам.

Дарэчы, падатковым органам даступная інфармацыя ня толькі аб набыцьці замежнай валюты, але і нерухомай маёмасьці, транспартных сродкаў і іншых выдатках. Паводле іх, параўноўваюцца прыбыткі і выдаткі, знаходзяць грамадзян, якія жывуць «не па сродках». Я прачытаў інтэрвію міністра Налівайкі, дзе гаворыцца, што летась «кантрольныя мерапрыемствы былі праведзены ў дачыненьні больш чым да 30 тысяч такіх грамадзян. Па выніках праведзенай працы ў бюджэт спагнана больш за 40 мільярдаў, што ў чатыры разы перавышае паказьнік 2014 году і сьведчыць аб эфэктыўнасьці работы падатковых органаў па выяўленьні «ценявых» даходаў грамадзян.

Вось з адказу міністра і бачна, што ў ягоным ведамстве разумеюць пад эфэктыўнасьцю працы падатковых органаў.

Вялікай хібай беларускай падатковай сыстэмы зьяўляецца яе частая зьмена і складанасьць.

А як ацэньваюць беларускую падатковую сыстэму на міжнародным роўні? У рэйтынгу Doing Business — 2016 Беларусь па ўзроўні падатковай нагрузкі заняла 63-е месца сярод 189 эканомік сьвету. Там ёсьць некалькі крытэраў ацэнкі: падатковая нагрузка, колькасьць плацяжоў, якія ажыцьцяўляюць суб’екты гаспадараньня, і іншыя.

Беларусь штогод падымаецца па прыступках гэтага рэйтынгу. Але шлях наперад будзе больш пасьпяховым толькі тады, калі беларускія ўлады зразумеюць — павелічэньне падаткаў трэба дамагацца не праз падвышэньне падатковай нагрузкі, а праз стварэньне такіх умоваў, каб суб’екту гаспадараньня, грамадзяніну было эканамічна зручней плаціць падаткі, чым не плаціць. Здаецца, гэта аксіёма. Але пакуль гэтая прыступка якраз і ня ўзятая.

Дракахруст: Сапраўды ідэя, каб кожны чалавек плаціў сам свае падаткі, вельмі добрая. У ЗША вядома, што напярэдадні 15 красавіка — дня падачы падатковых дэклярацыяў — уся краіна карпее над гэтымі дэклярацыямі. Але справа ў тым, што гэта б запатрабавала значна больш працы ад беларускай падатковай сыстэмы. Калі яе перавесьці ў такі рэжым, трэба было б у разы павялічыць штат.

Цяпер па краіне толькі некалькі дзясяткаў тысячаў, можа, сотняў тысячаў чалавек афармляюць такія дэклярацыі, а пераважная большасьць іх не афармляе. Ну а колькі дадалося б працы, калі б гэта мусілі штогод рабіць усе 7 мільёнаў дарослых беларусаў?

Да таго ж пераважная большасьць грамадзянаў краіны традыцыйна, яшчэ ў савецкім стылі, працуе на адной працы і мае адну крыніцу даходу. Калі б яны ўласнаручна запаўнялі дэклярацыі і плацілі падатак, адрозьненьні ад цяперашняй сытуацыі былі б ня надта вялікія.

Яшчэ цікавая палітычная рэч — гэты «плоскі» падатак. Цікава, што палітычныя спрэчкі ў краіне не закранаюць яго. Ва ўсім сьвеце левыя палымяна адстойваюць прагрэсіўную шкалу падаткаў. У некаторых краінах характар шкалы такі, што даход вышэйшы за пэўны ўзровень робіцца нявыгадным атрымліваць, бо пасьля выплаты падатку атрымаеш менш, чым пры меншым даходзе.

Там гэта і сацыяльная, і палітычная праблема. У Беларусі фактычна спрэчка паміж лібэраламі і кансэрватарамі ідзе наконт грашовай палітыкі, але «плоскую» шкалу ніхто не чапае, ніхто ня кажа, што з багатых трэба спагнаць больш. На мой погляд, гэта зьява станоўчая.

Адбываецца яна, магчыма, з прычыны аўтаматызму вылічэньня падаткаў. Пра заробак без падаткаў, «бруднымі», ніхто не разважае, бо дзяржава адбірае падатак аўтаматычна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG