Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вывозіць паліва ўжо ня выгадна ані дзяржаве, ані людзям — галасы зь беларуска-польскай мяжы


На памежным пераходзе «Брузгі»
На памежным пераходзе «Брузгі»

Гарадзенскія «саляравозы» пракамэнтавалі Радыё Свабода адмену Саўмінам абмежаваньняў з 1 верасьня на вываз аўтамабільнага паліва з тэрыторыі краіны адзін раз на восем дзён.

Рашэньне аб адмене з 1 верасьня абмежаваньня на вываз аўтамабільнага паліва з тэрыторыі краіны зьмяшчаецца ў пастанове Саўміну № 526 ад 1 лiпеня 2016 году і апублікавана сёньня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Гарадзенцы, якія многія гады займаліся тым, што вазілі паліва ў Польшчу, без энтузіязму ўспрынялі пастанову Саўміну. Праўда, некаторыя ўсё ж гавораць і пра станоўчыя бакі новаўвядзеньня.

Спадар Аляксей узгадвае, што да 2011 году ня меў пастаяннай працы, а ўтрымліваў сям’ю тым, што амаль штодзённа вазіў паліва на продаж у Польшчу.

Так, мы не плацілі дзяржаве падаткаў, але колькі яны мелі на тым, што мы куплялі паліва на запраўках, набывалі страхоўкі, не прасілі, каб нас уладкоўвалі на працу, прывозілі валюту з Польшчы і несьлі ў нашы беларускія крамы?

«Нас тады называлі — „саляравозы“, але гэта не перашкаджала нам зарабляць неблагія грошы», — згадвае ён. Прыбытак, паводле яго, за адну паездку тады складалі па 50 і болей даляраў. А цяпер, маўляў, штодзень даводзіцца хадзіць на працу, а заробку нестае, каб пракарміць сям’ю.

«Так, мы тады не плацілі дзяржаве падаткаў, але колькі яны мелі тады на тым, што мы куплялі паліва на запраўках, набывалі страхоўкі, не прасілі, каб нас уладкоўвалі на працу, прывозілі валюту з Польшчы і несьлі ў нашы беларускія крамы? Каму гэта было дрэнна? Цяпер, калі кошты на паліва амаль параўняліся, то які сэнс туды яго вазіць? Паводле мяне, з 1 верасьня чэргаў на мяжы з гэтае прычыны не дадасца, бо ніхто з гэтым палівам туды не паедзе. Гэта будзе, як пераліваць з пустога ў парожняе. Дзяржава зьняла абмежаваньні на вываз паліва тады, калі гэта нявыгадна ні людзям, ні ёй самой», — кажа Аляксей.

На памежным пераходзе «Кузьніца Беластоцкая»
На памежным пераходзе «Кузьніца Беластоцкая»


А вось спадар Станіслаў мяркуе, што зьняцьце абмежаваньня — добры крок з боку ўраду. Паводле яго, паліва, канешне, на продаж ніхто вазіць ня будзе, калі запраўляцца на запраўцы, маўляў, павязуць толькі тыя, хто мае доступ да таннае саляркі.

«Раней таксама куплялі ў калгасах, зьлівалі трактарысты, і салярка абыходзілася таньней, а цяпер кажуць, што яе там падфарбоўваюць, ды і наагул у калгасах яе і няма, трактары прастойваюць. Думаю, што і чэргі наўрад ці зьявяцца на мяжы, няма за што людзям езьдзіць, многія кошты нават на харчы зраўняліся. Мне здаецца, гэты бізнэс ужо ў мінулым. Дзяржава шукае цяпер відавочна на чым зарабіць, але на гэтым яна ўжо таксама не заробіць», — лічыць гарадзенец.

Спадарыня Валянціна, яшчэ маладая жанчына, адна выхоўвае дзіця і распавядае, што раней вазіла салярку на продаж разам з братам па чарзе. Але з тае пары ўжо мінула шмат часу. Цяпер яна працуе прыбіральшчыцай, а брат зьехаў на працу ў Амэрыку.

Грошай, канечне катастрафічна бракуе, але за гэты „бізнэс“ я не вазьмуся, бо тут няма ніякага прыбытку, ён ужо ў мінулым.

«Грошай, канечне катастрафічна бракуе, але за гэты „бізнэс“ я не вазьмуся, бо тут няма ніякага прыбытку, ён ужо ў мінулым. Польскаму фэрмэру дзяржава даплачвае цяпер за паліва, і цана іх саляркі абыходзіцца ім амаль у такую суму, што і мы можам прапанаваць. То навошта ім галаву дурыць? А мы раней пастаянна вазілі паліва да фэрмэра. Думаю, што і ў нашай дзяржавы няма грошай, то яна на паездках хоча зарабіць. Цяпер у нас на мяжы адчыняюць новы лягістычны цэнтар, і праезд там без чаргі плянуюць зрабіць платным. Ня ведаю, што ў іх там з гэтага выйдзе», — распавядае жанчына.

Спадар Юры кажа, што ўспрыняў навіну з радасьцю. Ён распавядае, што працягвае час ад часу езьдзіць у Польшчу і цяпер яму не давядзецца падстройвацца на працы пад гэтыя восем дзён.

«А яшчэ ў дадатак ня трэба будзе купляць страхоўку на дзьве машыны, бо на адной нязручна, не заўсёды гэтыя 8 дзён на працы падыходзяць. Я салярку ўжо даўно не важу, бо няма сэнсу. Думаю, што наўрад ці яе і павязуць пасьля першага верасьня. Добра толькі тое, што ў любы дзень можна будзе сесьці і паехаць, а ня так як цяпер пастаянна вылічваеш гэтыя дні. А езьдзіць усё роўна давядзецца, бо як не круці, а многія рэчы ў Польшчы таньнейшыя і для сям’і выгадней закупы рабіць там», — радуецца Юры.

На памежным пераходзе «Кузьніца Беластоцкая»
На памежным пераходзе «Кузьніца Беластоцкая»

Яшчэ адзін мой суразмоўца, спадар Анатоль, які таксама доўгі час займаўся тым, што вазіў паліва празь мяжу, скептычна ставіцца да адмены абмежаваньня, кажа, што прагназаваць з тым, што будзе пасьля 1 верасьня даволі складана:

«Ну вось як ня меў працы тады, так і дагэтуль няма. А дзе тут знайсьці працу? І такіх, як я, не адзінкі. Добра было, калі вазілі паліва без абмежаваньняў, а потым селі на галодны паёк. Я так думаю, што калі з паездкі людзі будуць мець па 10-15 даляраў заробку, то будуць займацца гэтым і надалей. Голад ня цётка, а тут усё роўна нічога не заробіш. Думаю, што і дзяржава на гэта разьлічвае, бо на нашых паездках яна таксама кладзе сабе ў кішэню».

Паводле эканаміста Міхала Залескага, пастанова Саўміну № 526 ад 1 ліпеня 2016 года насамрэч нічога прынцыповага не зьмяніла. І ўведзеныя ў свой час абмежаваньні на вываз паліва ня болей як папулісцкі крок.

Міхал Залескі
Міхал Залескі

«Такім чынам чыноўнікі дэманстравалі клопат пра дзяржаўны інтарэс. Прадэманстравалі, забылася і адмянілі пастанову, — тлумачыць Залескі. — Чыноўнікі ніколі ні пра кога ня думаюць, яны праводзяць мерапрыемствы. Вось пачулі выкрыкі з адміністрацыі прэзыдэнта, маўляў, „а что они там всё топливо вывозят! Запретить!“ Тое і было зроблена. Але тут ёсьць адзін важны момант, калі паглядзець на гэта з макраэканамічнага боку. Калі на памежжы няма шасьці радоў калючага дроту і людзі пачынаюць рэальна перамяшчацца, то адбываецца рэальная інтэграцыя. З абодвух бакоў мяжы цэны, заробкі, умовы жыцьця імкнуцца да выроўніваньня. Вось гэты натуральны эканамічны працэс яны намагаліся спыніць. Вы паглядзіце, вёскі на польскім баку і на нашым баку нічым не адрозьніваюцца па складзе насельніцтва, ні па інтэлектуальным узроўні, па працаздольнасьці, якасьці глебы і г.д. Мы адрозьніваемся толькі дзяржаўным ладам з Польшчай».

Пастанова Саўміну № 1554 ад 18 лістапада 2011 году была прынята для ўзмацненьня мер па абмежаваньні вывазу з краіны аўтамабільнага паліва і стабілізацыі абстаноўкі ў пунктах пропуску празь дзяржаўную мяжу Беларусі.

Згодна з дакумэнтам, выяжджаць за межы Мытнага саюзу на адным і тым жа аўтамабілі зь Беларусі можна было адзін раз у 8 дзён. Калі за мяжу даводзілася выяжджаць часьцей, то неабходна было выплачваць пошліну на паліва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG