Пад бел-чырвона-белымі сьцягамі апазыцыйныя актывісты Гомелю распачалі збор подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
На вуліцы Яфрэмава, непадалёк ад навукова-тэхнічнага цэнтру камбайнабудаваньня, Аляксандар Шумілін і Сяргей Касабуцкі прапануюць падпісвацца за сябра АГП, грамадзкага актывіста і палітыка Ўладзімера Кацору.
«Гараджане зьдзіўляюцца найперш тром рэчам, — дзеліцца першымі назіраньнямі зборшчык подпісаў Касабуцкі. — Пытаюцца, навошта ісьці на выбары, калі выбараў няма? Як і навошта ствараць мільён працоўных месцаў, калі прадпрыемствы і без таго працуюць напаўсілы, а прадукцыя не прадаецца? Ківаюць пры гэтым на суседні „Гомсельмаш“. І яшчэ вельмі зьдзіўляюцца, што Кацора напісаў пад сваім партрэтам: „Па крытэрыях улады — прафэсійны дармаед“, хоць раней, я ведаю, працаваў на „Гомсельмашы“ і нават прапанаваў праграму рэфармаваньня, якая і цяпер застаецца актуальнай».
Паводле суразмоўцы, збор подпісаў ідзе пакуль марудна — гараджане забыліся, што маюць права праз подпісы вылучыць свайго кандыдата ў парлямэнт. Іншыя ня носяць з сабою пашпарты, а некаторыя наагул баяцца: «Падпішуся за апазыцыянэра, а потым да мяне прыйдуць».
Яшчэ адзін зборшчык подпісаў Андрэй Толчын, які стаіць пад бел-чырвона-белым сьцягам на праспэкце Касманаўтаў, паведаміў, што ў першую ж гадзіну да яго падыходзіў маёр міліцыі, цікавіўся, што гэта за пікет. Паглядзеў дакумэнты — і сышоў.
Уладзімер Кацора, які зьбіраецца вылучацца кандыдатам у дэпутаты па Гомельскай-Сельмашаўскай выбарчай акрузе № 32, разглядае выбарчую кампанію як трыбуну для апазыцыйных палітыкаў:
«Гэта пакуль адзіная рэальная трыбуна, дзе можна апазыцыянэрам выказацца. Іншай няма. Мой прынцып, паводле якога я жыву ўжо дзесятак гадоў: „Гэта мая краіна, але не мая дзяржава“. Галоўная прычына гаротнага стану беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку і „Гомсельмашу“, у тым, што дзяржаву прыватызаваў адзін чалавек — Аляксандар Лукашэнка. Ён давёў эканоміку „да ручкі“, і, відавочна, вядзе далей. Пасьля дэнамінацыі айчыннай валюты тыя ж сельмашаўцы вымушаны рэальна працаваць за капейкі. У людзей няма выбару. Дзяржава пануе над грамадзтвам, і пра гэта трэба гаварыць з выбарцамі».
Каля новага ўнівэрмагу зьбірае подпісы сам прэтэндэнт на дэпутацкі мандат у Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 33, кіраўнік гарадзкой арганізацыі АГП Уладзімер Няпомняшчых. Дапамагае яму Мікалай Пяшко. Над пікетам разьвяваецца партыйны сьцяг АГП. На Ўладзімеры апранута майка з надпісам: «За Беларусь бяз Лукашэнкі»:
«Пастаю, паслухаю, што людзі кажуць пра Колю і яго тату, пра парады і ўзнагароды чыноўнікам невядома за якія заслугі, пра сытуацыю ў эканоміцы і дэнамінацыю. Сёньня зь дзясятку чалавек толькі адзін — назваўся ён марскім афіцэрам — абараняў Лукашэнку і ягоны кішэнны парлямэнт. Большасьць людзей, што падыходзяць, ня вераць у сумленныя выбары. І правільна. Бо ўжо цяпер можна віншаваць прэтэндэнтаў ад улады — Алега Леўшунова, Алену Астапюк, якія зьбіраюцца другі тэрмін засядаць у парлямэнце. Гэта ня выбары, а гульня шарлатанаў у напарсткі, і на гэта важна зьвярнуць увагу людзей падчас цяперашняй палітычнай кампаніі пад назвай „выбары“. Вось чаму я тут стаю», — тлумачыць Уладзімер Няпомняшчых.