Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка тлумачыць, як страхавацца па-беларуску


Год таму я сказаў "Белдзяржстраху" (пра мілагучнасьць і натуральнасьць гэтай назвы ў нас ужо была гаворка), што апошні раз пагаджаюся на расейскамоўны страхавы поліс. Паабяцалі праз год даць беларускі блянк. Прамінуў год. Як і трэ было чакаць, няма. Маўляў, ёсьць начальства, ёсьць міністэрства і нават "наш прэзідзент". І стандартная форма па-расейску. Хаця, на маю думку, нішто не перашкаджала тую стандартную форму, захаваўшы ўсе канцылярскія нюансы, перакласьці. Я пасварыўся, сказаў, што ня цэняць кліентаў і што сыду да канкурэнтаў. А ім абыякава.

Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам

Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам

Рубрыка на Радыё Свабода прысьвечаная беларускай мове і культуры. Думайце па-беларуску! Слухаць на Soundcloud

Стаў шукаць беларускамоўнае страхаваньне — аказалася, ня так гэта проста. Прыватныя фірмы таксама залежаць ад блянкаў полісаў, якія зацьвярджае Мінстэрства фінансаў. Але я знайшоў-такі спосаб у тым самым Белдзяржстраху. На іхным інтэрнэт-сайце ёсьць форма замовіць страхавую паслугу. У форме графа "Пажаданьне". Я і ўпісаў туды: Аформіць па-беларуску. На наступны дзень мне зь філіі "Белдзяржстраху" для Менскай вобласьці (бо запыт трапляе ў адпаведны рэгіён) тэлефануе сп-ня Натальля, а яшчэ на наступны прывозіць дамову па-беларуску.

Пытаюся пра поліс на блянку з каляровымі разводамі і вадзянымі знакамі — няма, кажа. Але мяркую, што чым болей будзе такіх патрабаваньняў ад кліентаў, тым хутчэй Міністэрства фінансаў вырабіць блянкі, бо яго пачнуць даставаць самі страхаўнікі.

Як чуем, у сваёй рэкляме Белдзяржстрах беларушчыны не цураецца, але значна важней ужываць беларускую ў штодзённай працы.

Пры ўсёй удзячнасьці я ня мог не зьвярнуць увагі на тэрміналёгію ў перакладзенай дамове. У акце страхаваньня звычайна два ці тры бакі. Фірма застрахоўвае некага, гэта значыць прымае грошы, а ў разе бяды кампэнсуе страты або таму, хто плаціў складкі, або некаму іншаму паводле дамовы.

Вось жа той, каму кампэнсуюцца страты, па-расейску завецца выгодоприобретатель, гэта калька зь нямецкага Nutznießer. У беларускім перакладзе знаходжу выгаданабытчык. Каюся, спачатку я прачытаў, бо дробны шрыфт, вагонадабытчык. Грувастка, ненатуральна. Гляджу ў іншых мовах — у бальшыні эўрапейскіх гэтае паняцьце перадаецца лацінскім beneficiarius — анг. beneficiary, баўгарскі бенефициент. І нам, з нашай шматвяковай традыцыяй ужываньня лацінізмаў, таго ж слова бэнэфіцыя для маёнткаў, найлепш было скарыстаць ужо прысутнае ў фінансавай тэрміналёгіі ды міжнародна зразумелае слова бэнэфіцыяр. Хаця, скажам, па-сэрбску і па-харвацку korisnik — і для беларускае мовы прыдатная мадэль.

А вось як назваць фірму і таго, каму яна выдае поліс? Па-расейску гэта адпаведна страхóвщик і страхователь, і даю руку на адсячэньне, што чалавек, не зьвязаны штодня з страхавой справай, не адразу арыентуецца, хто дзе. Бо ў расейскай і словы на -щик, і словы на -тель абазначаюць асобу паводле роду заняткаў, прафэсіі, функцыі. Проціпастаўленьне страховщик - страхователь — тэрміналягічная ўмоўнасьць. Расейскія лінгвісты, праўда, тлумачаць нюансы такім чынам, што словы на -тель могуць абазначаць і часовую ролю асобы (як покупатель), ёсьць у расейскай падобная пара фрахтовщик — фрахтователь.

У беларускую такое проціпастаўленьне мэханічна не перанясеш. Хаця афіцыйныя слоўнікі савецкай пары даюць страхоўшчык — страхавальнік, але тут ужо з суфіксаў зусім няясна, хто субʼект, а хто абʼект дамовы. Пагатоў, як даказаў спэцыяліст у словаўтварэньні праф. Павел Сьцяцко, словы прафэсіяў і заняткаў на шчык не ўласьцівыя беларускай мове. Найбольш пашыраныя ў нас такія назвы на -нік. Як будуе будаўнік, так страхуе страхаўнік. Гэты тэрмін для арганізацыяў страхаваньня знойдзем у прафэсійным часопісе беларускамоўных юрыстаў "Праўнік" http://kamunikat.org/praunik.html. А вось каго страхаўнік страхуе або хто ў яго страхуецца? У бальшыні эўрапейскіх моваў ужываюць апісальны дзеепрыметнік. Ангельцы — the insured, літоўцы — apdraustasis 'застрахаваны', таксама баўгары (застрахованият). Расейцам, відаць, нешта перашкаджала ўжываць тэрміны страхуемый ці страхующий. А мы можам выбіраць: страхаваны незакончанага трываньня ці застрахаваны закончанага трываньня.

Урэшце, само слова страхаваньне ў беларускай мове русізм. Гэта ва ўсходніх суседзяў адно са значэньняў слова "страх" — 'адказнасьць'. Адсюль выраз "на свой страх и риск", па-беларуску пад сваю адказнасьць. А ў нас страх гэта страх, вось і ў Насовіча страхаваньне — тое, што па-расейску 'ужас'. І прыклад:

Няхай Бог бароніць, якога мы набралісь страхаваньня.

А страховы значыць 'страшный, опасный'. Баюсь, гэта страховае дзела!

Але спробы нашых адраджэнцаў знайсьці гэтаму русізму альтэрнатыву не павяліся. Убесьпячэньне Янкі Станкевіча — яўна польскае. Хоць такое слова ёсьць у Насовічавым слоўніку, яно таксама палянізм, але значыць проста 'засьцярога', 'абарона'. Забесьпячэньне, якое прапаноўвалі як варыянт Сьцяпан Некрашэвіч і Мікола Байкоў, у гаспадарча-эканамічнай тэрміналёгіі замацавалася ў іншым значэньні, як расейскае "обеспечение", "снабжение", і наўрад ці магчыма яго сэмантыку цяпер зьмяніць. Таму хай ужо будзе сэмантычны русізм "страхаваньне" і хай трымае нас у страху. А каб не было пажару, прамаўляйма старыя народныя замовы:

Ходзіць Алена па полі, каменьне зьбірае, кольле забівае, пажару не пускае.P.S. Калі каму зь Менскай вобласьці (і раёну ў тым ліку) трэба кантакт зь беларускамоўнай страхаўніцай — ахвотна падзялюся.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG