Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь і Зімбабвэ — самыя нестабільныя краіны


Вы ведаеце, якія самыя нестабільныя краіны ў сьвеце? Не сьпяшайцеся з адказам. Усё залежыць ад крытэрыю, паводле якога вымяраецца гэтая зьява. Калі яе ацэньваць у залежнасьці ад таго, як доўга адзін чалавек кіруе дзяржавай, то самыя стабільныя краіны — гэта Беларусь і Зімбабве. У Беларусі ужо 22 гады нязьменна на пасадзе прэзыдэнта знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка. У Зімбабвэ дыктатар Робэрт Мугабэ кіруе краінай ужо 36 гадоў!

Але вось калі узяць за крытэрый стабільнасьці эканамічныя, найперш, фінансавыя паказьнікі, то вымалёўваецца зусім іншая карціна. Маецца на ўвазе стабільнасьць абменнага курсу нацыянальнай валюты, нязьменнасьць цэнаў, адсутнасьць дэвальвацыі. То бок, тое, з чым людзі у звычайным жыцьці сутыкаюцца кожны дзень.

Дык вось якраз па гэтых крытэрыях Беларусь і Зімбабве — самыя нестабільныя краіны ў сьвеце. Бо за апошнія 22 гады толькі ў дзьвюх гэтых краінах адбыліся тры дэнамінацыі. Гэта значыць, што гэтыя дзяржавы зьяўляюцца ўсясьветнымі лідэрамі па інфляцыі. Бо дэнамінацыя патрэбна тады, калі інфляцыя і дэвальвацыя набываюць вялізныя маштабы. Нагадаю, што толькі за 2009-2015 гады дэвальвацыя беларускага рубля склала каля 700%.

Вось цяпер беларускія ўлады шмат разважаюць пра ўмацаваньне незалежнасьці краіны. А. Лукашэнка заявіў, што трэба падтрымліваць тых кандыдатаў у дэпутаты, якія выступаюць за незалежнасьць.

Але, як вядома, адным з важнейшых элемэнтаў незалежнай дзяржавы зьяўляюцца грошы. Калі моцная нацыянальная валюта, да яе ёсьць давер грамадзян, то і моцная дзяржава, незалежнасьці нішто не пагражае.

Беларускай незалежнасьці пагражае ня толькі, а можа і ня столькі слабая нацыянальная сьвядомасьць беларусаў, колькі слабая нацыянальная валюта.

А ці давярае насельніцтва Беларусі нацыянальнай валюце? Паводле сацыялягічнага апытаньня НІСЭПД у сакавіку 2016 году, беларускаму рублю давярала толькі 20,6% (даляру — 52,7%). 85% банкаўскіх укладаў насельніцтва Беларусі — у замежнай валюце. Народ ня верыць важнейшаму інстытуту нацыянальнай дзяржавы — беларускаму рублю. Улады ўжо шмат гадоў вядуць барацьбу супраць далярызацыі эканомікі, але беспасьпяхова.

Такім чынам беларускай незалежнасьці пагражае ня толькі, а можа і ня столькі слабая нацыянальная сьвядомасьць беларусаў, колькі слабая нацыянальная валюта. За чвэрць стагодзьдзя Беларусь ня здолела стварыць надзейную эканамічную, фінансавую аснову дзяржаўнасьці. І гэта ёсьць фундамэнтальная праблема, якая цягне за сабой масавую міграцыю, адмоўна уплывае на такія каштоўнасьці, як патрыятызм, гонар за дзяржаву і інш.

Дарэчы, сацыёлягі выявілі цікавую і вельмі зразумелую заканамернасьць: давер беларускіх грамадзян да дзяржаўных інстытутаў моцна залежыць ад эканамічнага стану краіны. Калі эканоміка расьце, давер да прэзыдэнта, ураду, іншых органаў улады (дарэчы, давер да выбараў), рэйтынг адзінага палітыка павялічваецца. І наадварот. Вось цяпер падчас эканамічнага крызысу ўсе гэтыя парамэтры пакаціліся ўніз.

Але вернемся да дэнамінацыі. Магчыма, і сапраўды існуе жорсткая заканамернасьць: чым даўжэйшы час на чале дзяржавы стаіць адзін чалавек, тым большая там інфляцыя. І ў якасьці ілюстрацыі яшчэ раз пра гэтую дзівосную краіну — Зімбабвэ. Некалі квітнеючая афрыканская дзяржава даведзеная сваім лідэрам Робэртам Мугабэ, які доўга будуе сацыялізм, да ручкі. У 2009 г. інфляцыя там склала 321 000 000%! Р. Мугабэ знаходзіцца ва ўладзе з 1980 г., яму ўжо 92 гады, але сыходзіць на пакой, адмовіцца ад статусу ўсемагутнага дыктатара ён не зьбіраецца, чапляецца за ўладу рукамі і нагамі. Каб жа ж гэта не была і беларуская будучыня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG