Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За забойства чэмпіёнкі Юліі Балыкінай — 23 гады зьняволеньня


Дзьмітрый Вішталюк
Дзьмітрый Вішталюк

27 чэрвеня ў Менскім гарадзкім судзе агалошаны прысуд па справе аб забойстве Юліі Балыкінай, чэмпіёнкі Беларусі па лёгкай атлетыцы, якая была забітая ў кастрычніку 2015 года. Цела забітай амаль праз два тыдні было знойдзенае ў лесе ў Смалявіцкім раёне.

Суд цалкам задаволіў грамадзянскі пазоў ад сваякоў і прызнаў вінаватым у забойстве былога блізкага знаёмага спартсмэнкі Дзьмітрыя Вішталюка. Ён асуджаны на 23 гады ўзмоцненага рэжыму — як і жадаў пракурор.

Таксама суд задаволіў просьбу маці і бацькі забітай аб маральнай і матэрыяльнай кампэнсацыі на суму 539 мільёнаў беларускіх рублёў.

Суд над Дзьмітрыем Вішталюком пачаўся 6 чэрвеня. На першым паседжаньні падсудны адразу прызнаў віну ў ненаўмысным забойстве Юліі Балыкінай у выніку сваркі, але адмаўляў, што спрабаваў скрасьці яе аўтамабіль і асабістыя рэчы. Таксама Вішталюк не прызнаваў, што падчас зьдзяйсьненьня забойства знаходзіўся пад узьдзеяньнем наркотыкаў. Паводле Вішталюка, ён ужыў наркотык пасьля забойства Балыкінай, каб «зьняць напружаньне». На судзе Дзьмітрый Вішталюк папрасіў прабачэньня ў бацькоў Юліі Балыкінай.

Юлія Балыкіна, архіўнае фота
Юлія Балыкіна, архіўнае фота

Забойства Юліі Балыкінай здарылася 28 кастрычніка 2015 года ў яе кватэры. Паводле Дзьмітрыя Вішталюка, на той момант яны ўжо не жылі разам, бо пасварыліся, але працягвалі сустракацца. Яна прасіла адрамантаваць столь у ванным пакоі. Дзьмітры прыйшоў, але, працуючы, зачапіў і «пашкодзіў» столь. Балыкіна, паводле Вішталюка, пачала сварыцца — «перайшла на асобу».

У руках Дзьмітрыя ў той момант быў драўляны малаток, якім ён пачаў наносіць ёй удары. Спачатку 5–6 удараў, па галаве і руках. Яна ўпала, пачала хрыпець. Хуткую дапамогу ён ня выклікаў. «Магчыма, спалохаўся», — казаў Вішталюк у судзе.

На наступны дзень ён вывез цела Юліі Балыкінай зь Менску на яе аўтамабілі і схаваў у лесе пад кучай хмызьняку, загарнуўшы ў поліэтыленавую плёнку. Цела забітай шукалі амаль два тыдні, бо Дзьмітрый Вішталюк ня мог дакладана паказаць месца, дзе яго схаваў.

Прысуд Дзьмітрыю Вішталюку вынес судзьдзя Дзьмітрый Любавіцкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG