У Менскім гарадзкім судзе пачынаюцца слуханьні па справе аб забойстве вядомай спартсмэнкі Юліі Балыкінай.
6 чэрвеня ў Менскім гарадзкім судзе пачынаецца суд па справе аб забойстве чэмпіёнкі Беларусі па лёгкай атлетыцы Юліі Балыкінай. Абвінавачаньне ў забойстве вядомай спартсмэнкі, учыненым з асаблівай жорсткасьцю, выстаўлена яе былому блізкаму сябру Дзьмітрыю Вішталюку. Таксама яго абвінавачваюць ва ўгоне аўтамабіля і крадзяжы.
Юлія Балыкіна зьнікла ў кастрычніку 2015 году. Па сьлядах, знойдзеных на яе аўтамабілі і ў кватэры, сьледзтва адразу не выключала, што спартсмэнку забілі. Падазрэньне ў злачынстве ўпала на былога сужыцеля спартсмэнкі Дзьмітрыя Вішталюка. Яго арыштавалі, неўзабаве ён прызнаўся ў забойстве, аднак не паказаў дакладнага месца, дзе схаваў цела ахвяры. Больш як праз тыдзень пошукаў, да якіх прыцягнулі вайскоўцаў, цела Юлі Балыкінай знайшлі ў лесе пад Менскам, схаванае пад гальлём у поліэтыленавым меху.
Летась у красавіку, калі справу аб забойстве Юліі Балыкінай перадалі ў суд, у Сьледчым камітэце паведамілі некаторыя падрабязнасьці справы.
«Падчас сваркі на глебе непрыязных адносін абвінавачаны нанёс Юліі Балыкінай 12 удараў малатком, прычым 11 зь іх — па галаве», — распавёў Яўген Архірэеў з управы Сьледчага камітэту па Менску. Паводле Яўгена Архірэева, у момант зьдзяйсьненьня злачынства Дзьмітры Вішталюк быў пад узьдзеяньнем наркотыкаў.
Забойства з асаблівай жорсткасьцю, паводле закону, караецца зьняволеньнем на тэрмін да 25 гадоў, альбо пажыцьцёвым зьняволеньнем, альбо сьмяротнай карай.