15 чэрвеня а 19 гадзіне ў менскім Палацы мастацтва адбудзецца вечарына-прэзэнтацыя цудам ацалелага зборніка паэта Анатоля Сыса, яго першай кнігі «Берагі майго юнацтва».
Арганізатар сьвята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса ў Гарошкаве і рэдактар кнігі Эдуард Акулін расказаў Свабодзе, чаму Анатоль Сыс спаліў рукапіс сваёй першай кнігі, і якім чынам сябры паэта аднавілі і выдалі яе.
— Чаму гэты зборнік называюць цудам ацалелым? Якая яго гісторыя?
— Анатоля Сыса як паэта мы ведаем па зборніках «Агмень», «Пан-лес» і «Сыс». Гэта тры прыжыцьцёвыя кнігі, якія выдаў сам Анатоль. А пра яго самую першую кнігу, якая называлася «Берагі майго юнацтва», ён неаднойчы нам, сваім сябрам, казаў, што ён яе спаліў. Чаму спаліў? Бо калі Анатоль быў яшчэ студэнтам чацьвёртага курсу Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, ён адаслаў рукапіс у Саюз беларускіх пісьменьнікаў і атрымаў адмоўную рэцэнзію крытыка Фёдара Яфімава. А Анатоль быў вельмі эмацыйны, меў максымалісцкія погляды на жыцьцё, і ў парыве творчай незадаволенасьці ён кінуў у агонь свой рукапіс.
— Якім чынам усё ж кнігу ўдалося аднавіць?
— Калі мы друкавалі вершы на друкавальнай машынцы, то заўсёды закладалі паміж аркушамі капіравальны лісток. Так рабіў і ён. І менавіта дзякуючы гэтаму копія першага рукапісу Анатоля Сыса ацалела. Да 2010 году гэтая копія захоўвалася ў роднай хаце паэта. Калі ў 2010 годзе Алесь Бяляцкі і Сяржук Сыс паехалі на сьвята паэзіі ў Гарошкаў, то сястра Анатоля Сысы Тамара Ціханаўна сказала, што адшукала ў паперах і дакумэнтах невядомыя ёй вершы Анатоля. Калі Алесь Бяляцкі паглядзеў, то адразу зразумеў, што там вершы, якія Анатоль напісаў у студэнцкія часы. Мы неаднойчы чулі іх на пасяджэньнях літаратурнага гуртка «Крынічка». Але аддаваць рукапіс у рукі Алеся Бяляцкага і Сержука Сыса Тамара Ціханаўна пабаялася. Відаць, зь вялікай павагі да мяне як заснавальніка сьвята ў Гарошкаве. І літаральна ў траўні 2011 году мы з Алесем Бяляцкім паехалі ў Гарошкаў, дзе і атрымалі знойдзены архіў. Мы сапраўды ахнулі — там была першая кніга Анатоля Сыса «Берагі майго юнацтва», а таксам шэраг непублікаваных студэнцкіх вершаў, у тым ліку вянок санэтаў, напісаных паводле творчасьці Максіма Багдановіча, пераклады Анатоля Сыса, пародыі — Сыс быў бліскучым парадыстам.
— Чаму ж ня выдалі зборнік адразу, як знайшлі яго?
— На вялікі жаль, летам 2011 году Алесь Бяляцкі трапіў у бабруйскую калёнію за сваю праваабарончую дзейнасьць. А выдаваць гэты зборнік адзін не захацеў. Таму я дачакаўся выхаду Алеся зь няволі, і мінулым летам мы ўзяліся за падрыхтоўку да друку.
— Якім накладам выйшла кніга?
— Яе хацелася б выдаць як мага большым накладам. Я думаю, што будуць перавыданьні. Пакуль жа наклад 299 асобнікаў. Але кніга немалая паводле аб’ёму, складаецца зь сямі разьдзелаў, і бліскуча аформленая маладой мастачкай Дар’яй Бунеевай. Мяркую, што калі б Анатоль быў жывы, то ён парадаваўся б эстэтыцы і дызайну выкананьня гэтага паліграфічнага выданьня. На жаль, усе тры прыжыцьцёвыя кнігі Анатоля Сыса зробленыя па прынцыпе «з плеч у печ» — тонкая вокладка, газэтная папера. І хаця для кнігі форма не галоўнае, тым ня менш, ведаючы Анатоля як вялікага эстэта, я думаю, што ён парадаваўся б таму, як выйшла кніга яго юнацкіх вершаў?
— Думаеце, што ўсё ж парадаваўся б? Ён жа спаліў рукапіс...
— Так было, але без існаваньня гэтага зборніка мы ніколі б ня здолелі прасачыць творчую эвалюцыю паэта. Тыя вершы, зь якіх пачынаецца зборнік «Агмень», — гэта ўжо вершы майстра слова. А ў «Берагах майго юнацтва» мы бачым і юнацкія паэтычныя практыкаваньні, і першыя крокі па паэтычнай сьцяжыне, і пошукі сябе ў паэзіі.
— Наколькі ў грамадзтве захоўваецца памяць пра Анатоля Сыса? Ці дастаткова зроблена?
— Яна захоўваецца настолькі, наколькі гэта магчыма ў сучасных варунках. Я ўпэўнены, што Анатоль Сыс — гэта паэт нацыянальнага маштабу. І ўвага да яго творчасьці не павінна абмяжоўвацца вузкім лякальным колам яго родных, блізкіх, сяброў. Сьвята паэзіі ў Гарошкаве павінна набыць дзяржаўны маштаб. Аднойчы выступаючы там, я сказаў, што мы абавязкова дачакаемся тых часоў, калі на гэтым сьвяце, якое будзе арганізавана дзяржавай, будзе чытаць вершы Анатоля Сыса наш сапраўдны беларускі прэзыдэнт.
Падчас вечарыны 15 чэрвеня прамаўляць пра Анатоля Сыса будуць Уладзімер Някляеў, Аляксей Марачкін, Алесь Бяляцкі, Павал Бераговіч, Міхась Скобла, Сяржук Сыс.
Песьні на словы Анатоля Сыса выканаюць барды Кася Камоцкая, Кастусь Герашчанка, Кацярына Ваданосава.
Вядоўца імпрэзы — Эдуард Акулін.
З кнігі «Берагі майго юнацтва»
ПЕРШАЯ БЕЛАРУСКАЯ НАФТА
Той дзень ажыў на кiнаплёнцы: Фантан стартуе з-пад зямлі, Як сябра б’е ў далоні сонцу, Ў яго сухія мазалі. А хлопцы чорныя, як чэрці, (І сапраўды — ні даць, ні ўзяць), Пад шум фантана, як пад Вэрдзi, Зачараваныя стаяць. «Ура!» — і шапкі у падлесак, Нібы глушцы з-пад ног ляцяць. І тут як тут праныра-прэса, Амаль сааўтар адкрыцця. Так, адкрыццё яна зрабіла. Сваё, вядома, — для газет. У ТАСС паўсвету падарыла Хлапцоў з-пад Рэчыцы партрэт.
ВЯСКОВЫ КАВАЛЬ
А рэкi клопатаў вясковых Нiколi ў берагi не ўходзяць: То неба на дажджы не родзiць, То конi звонкiя падковы На грэблях выбiтых пагубяць. Такі жыве каваль вясковы: Ад пеўняў першых і да зор Куе сталёвыя падковы, Мяхі ўзахлёб бяруць мажор, Мінор адзвоньвае молат. Калі ж прыводзяць коней белых, Гнядых і чорных, як вуголь — Мяхі спускаюць дух нясмела, І самы рэзвы конь-агонь Ў падзяку майстру за падковы Нясе яго у луг барвовы, Дзе сонца засынае ніц Сярод абкошаных крыніц. У гэтай скачцы ёсць уцеха, Калі ж, як драч, прыдрэмле плёс — З капыт каня злятае рэха: За Днепр імчыць кляпанне кос.КУПАННЕ КОНЕЙ
Галопам гонім коней з сенакосу, I сотнi труб тады услед трубяць, А наўздагон па грэблях і па плёсах Імчыць настырна сонца-жарабя. — Рака-а! Рака-а-а! — Як хвалі грывы коней — Дзяцінству не патрэбна лішнiх слоў. Разявіў рот паромшчык на пароме, Зайздросна ён глядзіць на блазнюкоў. Купанне коней... Колькi шчасця ў гэтым! Мільярды пырскаў у розныя бакі, Купанне коней, Як купанне лета, У ласкавых водах матухны-ракі. 14 жніўня 1980 в.Бабчын* * *
Калыханкi пеў мне маладзiк, Я прыснiў цi яву, цi былiну: Вецер з поўначы нясе птушыны крык, Вецер з поўначы нясе пяро пiнгвіна. Я пайду пад ранне за раку, Я пайду ў зялёную да лi ну, Адгарну тугую асаку, I знайду маленькага пiнгвiна...