Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гарошкаве прэзэнтавалі цудам ацалелы зборнік Анатоля Сыса


У Гарошкаве быў прэзэнтаваны цудам ацалелы паэтычны зборнік Анатоля Сыса «Берагі майго юнацтва», у які ўвайшлі звыш ста шасьцідзесяці вершаў, напісаных перадусім у студэнцкія гады, а таксама невядомыя творы пазьнейшых часоў. Большасьць зь іх раней нідзе не друкаваліся.

Сябра і аднакурсьнік Сыса, знаны паэт і бард Эдуард Акулін, згадвае:

«Доўга лічылася, што самая першая кніга Анатоля, якую ён напісаў яшчэ ў студэнцкія гады, страчана. Сам Анатоль казаў нам, сваім сябрам, што спаліў рукапіс. Насамрэч гэты рукапіс пасьля сьмерці Анатоля, вялікага, геніяльнага паэта Беларусі, захоўваўся ў яго роднай хаце. Менавіта з гэтай кнігі Анатоль пачаўся як паэт».

Прадмову да новай кнігі Сыса «Берагі майго юнацтва» напісаў ягоны сябар, цяперашні кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі:

«Увосень 2010 году падчас штогадовага паэтычнага сьвята мы зь Сержуком Сысам даведаліся ад сястры Тамары пра існаваньне нейкага неразабранага архіву. Сталі пераглядаць — гэта быў неверагодны сюрпрыз. Некаторыя зь вершаў я чуў ад Анатоля, калі вучыліся ва ўнівэрсытэце, хаця ён гаварыў усім і ўсюды, што спаліў усе свае ўнівэрсытэцкія вершы».

Без Эдуарда Акуліна, якому давяралі сёстры як паэту і якога ў тую восень не было ў Гарошкаве, Бяляцкі зь Сержуком Сысам не адважыліся ацэньваць знаходку. Гэта здарылася ўжо, як распавёў Бяляцкі, у наступны прыезд — у траўні 2011 году:

«Частку знаходкі мы з Акуліным прэзэнтавалі ў часопісе „Дзеяслоў“, а пасьля ўжо было не да вершаў, бо мяне адправілі за краты. Праца спынілася на тры гады. І калі я выйшаў на волю, мы вырашылі працягнуць справу».

Як лічыць Бяляцкі, паэт Сыс меў сваё асэнсаваньне сьвету, якое перапляталася са старажытнай магіяй беларускіх замоваў, зь іх чароўнымі рытмікай і духам, што бяруць вытокі з паганскай мінуўшчыны.

Выкладчык Гомельскага ўнівэрсытэту Іван Штэйнер, зьвярнуў увагу на талент Сыса да пародыі. І зачытаў верш «Хлопец не промах», падставай для якой стаў радок паэта з Гомельшчыны Ўладзімера Верамейчыка: «А ты ня ўмела цалавацца...».

Ці помніш, нам было па дваццаць,
Як за акном вясна плыла?
А ты ня ўмела цалавацца,
Дарма што з гораду была.
Я ж бессаромны быў ад роду,
Граза сабак, чужых садоў,
І цалаваў дзяўчат бяз згоды
Яшчэ з шаснаццаці гадоў.

На падворку гучалі песьні на словы Анатоля Сыса, іншых беларускіх паэтаў у выкананьні бардаў Тацяны Грыневіч-Матафонавай, Вольгі Гардзейчык, Сяргея Бурака й Кацярыны Ваданосавай, Аляксея Галіча, Зьміцера Бартосіка.

Гучаў і верш у выкананьні самога Анатоля Сыса — на сьвяце быў прэзэнтаваны таксама ўнікальны аўдыёдыск, у якім сабраны галасы шасьцідзесяці беларускіх паэтаў.

Мастак Алесь Квяткоўскі падараваў сёстрам паэта, Тамары і Валянціне, напісаны партрэт Анатоля Сыса — у спадзеве, што неўзабаве іх родная хата ў Гарошкаве стане літаратурным музэем

Традыцыйнае сьвята паэзіі, якое штогод ладзілася ў кастрычніку і прымеркавана было да дня народзінаў Анатоля Сыса, ад сёлетняга травеня перанесена на вясну. «Ня так важная дата — куды важней памяць пра паэта», — лічыць Барыс Пятровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG