Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкорд для сацсетак. Microsoft набыла LinkedIn за $26,2 млрд


На дадатак гэта самая дарагая пакупка Microsoft. Skype каштаваў ёй $8,5 млрд, Nokia — $7,2 млрд.

Карпарацыя Microsoft набыла амэрыканскую прафэсійную сацсетку LinkedIn за 26,2 мільярда даляраў. LinkedIn захавае брэнд і гендырэктара Джэфа Вэйнэра, але той будзе падпарадкоўвацца наўпрост гендырэктару Microsoft. Угода мае быць закрытая ў канцы каляндарнага года.

LinkedIn — сацыяльная сетка для адмыслоўцаў (пераважна ў галіне бізнэсу і IT), якая дазваляе адлюстраваць сваё рэзюмэ (досьвед, здольнасьці, рэкамэндацыі), шукаць працадаўцаў і патэнцыйных супрацоўнікаў. На момант набыцьця ёй карысталіся 433 млн чалавек (ды толькі 25% прынамсі раз на месяц). За год база карыстальнікаў вырасла на 19%. Microsoft набыла кампанію пры цане $196 за акцыю. Гэта пры рынкавай цане акцыі ў $131 (цана акцыі дасягала $267 на пачатку 2015 года, але ў лютым 2016 абвалілася да $101). У кампаніі працуюць каля 9 тысяч чалавек.

Рэкорд для сацсетак і Microsoft

Пакупка LinkedIn — самая дарагая зь вядомых у Microsoft. У 2007 годзе рэдмандзкая карпарацыя набыла рэклямную кампанію aQuantive за $6,33 млрд, у 2011-м — мэсэнджэр Skype за $8,5 млрд, у 2013-м — тэлефоннае падразьдзяленьне фінскай Nokia за $7,2 млрд.

Таксама гэта самая дарагая пакупка ў сацыяльных мэдыях. Папярэдні рэкорд — пакупка сацсеткай Facebook мэсэнджэра WhatsApp за $19 млрд у 2014 годзе. Іншыя падобныя пакупкі каштавалі ў раёне мільярда: той жа facebook купляў Instagram за $1 млрд, Google купляў YouTube за $1,65 млрд, Yahoo! Купляў Tumblr за $1,1 млрд, а Twitter купляў Vine за $900 млн. Беларуска-ізраільскі мэсэнджэр Viber дастаўся ў 2014 годзе японскаму тэлекам-гіганту Rakuten за $900 млн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG