Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асацыяцыя BSA: Беларусь дэманструе адзін з самых высокіх узроўняў камп’ютарнага пірацтва ў рэгіёне


За апошні год колькасьць нелегальнага софту зьменшылася ўсяго на 1%, а рызыка кібэрпагроз працягвае расьці. Да такой высновы прыйшла асацыяцыя BSA ў новым маштабным дасьледаваньні 2016 Global Software Survey.

Вынікамі дасьледаваньня з агенцтвам БелаПАН падзялілася прэс-служба прадстаўніцтва карпарацыі Microsoft.

Вынік паказаў, што 85% праграмнага забесьпячэньня, усталяванага на камп’ютарах беларускіх карыстальнікаў у 2015 годзе, неліцэнзійнае. У 2014 годзе гэты паказчык дасягаў 86%.

У астатніх краінах постсавецкай прасторы колькасьць неліцэнзійнага софту зьменшылася на 1–6%. Найлепшы вынік у барацьбе зь пірацтвам прадэманстравала Грузія. У краінах Паўночнай Амэрыкі ўзровень выкарыстаньня нелегальнага праграмнага забесьпячэньня зьнізіўся да 17%. Колькасьць пірацкага ПА у заходнеэўрапейскіх краінах зьменшылася на 1% у параўнаньні з папярэднім годам і складае 28%.

Што да краін — суседзяў Беларусі, то паказчык пірацтва ў іх складае: Расея — 64%, Латвія — 49%, Літва — 51%, Польшча — 48%, Эстонія — 42%.

Згодна з дасьледаваньнем BSA, 39% праграмнага забесьпячэньня, усталяванага на камп’ютары ў 2015 годзе па ўсім сьвеце, неліцэнзійнае. У адпаведнасьці з вынікамі дасьледаваньняў за папярэднія гады, гэты паказчык зьнізіўся на 4%. Паводле даных міжнароднага цэнтра Microsoft па барацьбе з кібэрзлачынствамі, летась 80% карыстальнікаў з краін СНД сталі ахвярамі кібэратак, 97,5% прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу прынамсі аднойчы сутыкнуліся з кібэрпагрозамі.

Каб супрацьстаяць пірацтву, Microsoft рэкамэндуе прадпрыемствам выкарыстоўваць толькі ліцэнзійныя праграмныя прадукты, праводзіць рэгулярныя сэмінары па асновах карпаратыўнай бясьпекі і ўжываць адмысловы софт для аховы даных.

«Колькасьць кібэратак, зьвязаных з выкарыстаньнем высокіх тэхналёгій, пастаянна расьце. Можна сьмела сьцьвярджаць, што кібэрзлачынствы непарыўна зьвязаныя з выкарыстаньнем нелегальнага ПА. Штогод ствараецца больш за 300 мільёнаў новых хакерскіх праграм, штодня ўчыняецца мільён кібэратак», — кажа Дзьмітрый Берасьнеў, дырэктар па кіраваньні праграмнымі актывамі і праверцы выкананьня ўмоў ліцэнзаваньня ў краінах СНД.

Асацыяцыя вытворцаў праграмнага забесьпячэньня BSA — гэта некамэрцыйная арганізацыя, дзейнасьць якой скіраваная на садзейнічаньне разьвіцьцю бясьпечнага і легальнага лічбавага сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG