8 кастрычніка ў Грузіі адбудуцца парлямэнцкія выбары, перадвыбарчая кампанія ўжо стартавала. Ад вынікаў галасаваньня ў немалой ступені будзе залежаць зьнешнепалітычны курс, які абярэ краіна — або завершыць «замарожаную» эўраінтэграцыю, або схіліцца да Расеі.
У штабе аднаго з кандыдатаў у дэпутаты пачынае працу Гоча Чэлідзэ — былы дарадца-пасланьнік амбасады Грузіі ў Беларусі (паводле статусу гэта другая асоба ў дыппрадстаўніцтве). Пакуль экс-дыплямат не раскрывае партыйныя карты, але пераконвае, што ўжо ўвосень іхняя каманда прымусіць пра сябе гаварыць «на ўвесь голас». Пры гэтым удакладняе, што эўрапейскі вэктар для ягоных аднадумцаў застаецца прыярытэтным і аспрэчваньню не падлягае.
Нягледзячы на завяршэньне сваёй кадэнцыі ў Беларусі, Гоча Чэлідзэ працягвае апекавацца сумеснымі праектамі найперш у культурніцкай сфэры: размова з карэспандэнтам Свабоды адбылася ў курортным мястэчку Цхалтуба падчас прэзэнтацыі літаратурнай выставы, прысьвечанай грузінскім матывам у творчасьці Янкі Купалы. У памяць пра імпрэзу кашулю палітыка ўпрыгожыла невялікая налепка з выявай народнага паэта Беларусі.
— Спадар Чэлідзэ, колькі вы ўжо безь Беларусі? Ці «выветрылася» яна за гэты час з вашай галавы?
— Безь Беларусі я крыху больш за паўгода, але перакананы, што Беларусь з маёй галавы, як вы кажаце, ня «выветрыцца» ніколі, таму што гэтае месца стала для мяне, безь перабольшаньня, другой радзімай. Прынамсі, час, пражыты ў Менску, я згадваю толькі з удзячнасьцю. Мая кадэнцыя ў амбасадзе цягнулася тры гады, і кожны дзень з гэтага тэрміну аднаўляю ў памяці зь вялікай прыемнасьцю.
— Як разумею, ня толькі вы, але і ўвогуле грузіны ўдзячныя кіраўніцтву Беларусі за прынцыповую пазыцыю як мінімум у адным пытаньні — за непрызнаньне акупаваных Расеяй тэрыторыяў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Пры тым, што ўсе ведаюць, які ціск ідзе з Масквы.
— Грузіны зь беларусамі сябруюць спакон вякоў, і няма ніякіх падставаў меркаваць, што ў гэтым сэнсе нешта можа зьмяніцца. І цалкам лягічна, што сіла нашага шчырага сяброўства пацьвердзілася ў вельмі цяжкі для Грузіі пэрыяд. Безумоўна, грузінскі народ ніколі гэтага не забудзе і будзе заўжды цаніць. Асабліва з улікам згаданых вамі зьнешніх абставінаў...
— Як вы ахарактарызавалі б стан цяперашняга грузінскага грамадзтва? Гэта самазаспакаеньне ці, наадварот, поўная мабілізацыя перад новымі пагрозамі?
— Ні для кога не сакрэт, што грузіны заўсёды рады сябрам і гатовыя выбудоўваць добрыя адносіны з усімі суседнімі краінамі. Нашы людзі гэткія ж дружалюбныя і хлебасольныя, як і беларусы, таму галоўная задача — каб міждзяржаўныя адносіны разьвіваліся, ішлі на карысьць Грузіі і ўсім нашым партнэрам. Мы займаемся, як раней казалі, мірным будаўніцтвам, гэта асноўны наш клопат. Але пры гэтым, вядома, гатовыя да розных варыянтаў непрадказальных паводзінаў звонку.
— Нават павярхоўнага позірку хапае, каб разгледзець «украінізацыю» Грузіі — паўсюль крамы, рэстараны, сумесныя прадпрыемствы з украінскімі назвамі і атрыбутыкай. Агульная бяда збліжае?
— Ведаеце, у чым справа: лепш за мір не бывае нічога. Таму трэба гэтыя моманты асабліва цаніць. Вядома, любая бяда аб’ядноўвае, асабліва калі небясьпека паходзіць ад адной і той жа дзяржавы. Але я перакананы: розум у выніку пераможа, і мы ня будзем вымушаныя пашыраць геаграфію падтрымкі краінаў, якія паўтарылі наш лёс. А калі здаровы сэнс нарэшце вернецца, зьявіцца магчымасьць аднавіць адносіны з усімі суседзямі, як гэта і павінна быць. Хочацца верыць, што бяда, якая адбываецца з Украінай, якая была з Грузіяй, — зьява часовая, і неўзабаве сытуацыя нармалізуецца. Бо гэта ў інтарэсах ня толькі Грузіі ці Ўкраіны, але і ў інтарэсах Расеі. Цяперашняя напружанасьць у стасунках нічога добрага ня дасьць ня толькі гэтым краінам, але і ўсяму рэгіёну.
— Якія шляхі выйсьця з крызісу ва Ўкраіне вы бачыце як дыплямат? Што можна запазычыць украінцам з аналягічнага досьведу супрацьстаяньня з агрэсарам у Грузіі? І ўвогуле — ці карэктныя паралелі наконт таго, што Данбас так ці інакш паўтарае «замарожаную» сытуацыю ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі?..
— Паралелі, вядома, правесьці можна, сытуацыя сапраўды шмат у чым падобная. Але я ўсё ж прыхільнік таго, што бясконца быць у «замарожаным» стане немагчыма, бо гэта вядзе толькі да аднаго — да дэградацыі і насельніцтва, і ўсёй непрызнанай «дзяржавы». Адпаведна, тэрытарыяльны статус-кво павінен аднавіцца як на ўкраінскай, так і на грузінскай зямлі. Зрэшты, як і ўва ўсіх іншых рэгіёнах, якія нас акружаюць і дзе, на жаль, цяпер адбываюцца міждзяржаўныя канфлікты.
— Абхазія і Паўднёвая Асэтыя вернуцца ў склад Грузіі?
— Я не магу сказаць дакладна, калі канкрэтна і пры якіх умовах яны вернуцца, але перакананы, што гэта абавязкова адбудзецца. За сваю гісторыю Грузія перажывала яшчэ больш цяжкія пэрыяды, чым цяпер, таму гэта проста часовыя цяжкасьці. Нягледзячы ні на што, Грузія захавалася як дзяржава, і не сумняюся, што разам з абхаскімі, асэтынскімі братамі мы перажывём і гэты палітычны крызіс. Нам наканавана жыць разам, іншых варыянтаў папросту не існуе. Цьвярозы розум павінен перамагчы нездаровыя амбіцыі.
— Спадар Чэлідзэ, на пачатку чэрвеня Эўразьвяз паставіў Грузію ў «рэжым чаканьня» што да бязьвізавага рэжыму, выставіўшы Грузіі і Ўкраіне дадатковыя ўмовы. Ці не паўплывае замарозка амаль што ўхваленага, але нечакана прытарможанага рашэньня на імкненьне да эўраінтэграцыі?
— Не сумнявайцеся, не паўплывае аніякім чынам. Грузія заўсёды імкнулася і імкнецца да агульнай эўразоны, адкуль яна паходзіць сваім мэнталітэтам, і ў выніку абавязкова там апынецца. Наша дзяржава скіроўваецца ў Эўропу ўжо таму, што іншых шляхоў для яе проста няма. Гэтая адтэрміноўка збольшага тэхнічная, ня сёньня дык заўтра гэта ўсё роўна здарыцца, і Грузія стане часткай цывілізаванага заходняга грамадзтва. У літаральным сэнсе гэтага слова.
— Падтэкстам чуецца супрацьпастаўленьне заходняга грамадзтва — і таго, якое хоча кіраваць усім сьветам, а насамрэч само яшчэ далёкае ад цывілізацыі...
— Ведаеце, абмяжуюся толькі адным: Грузія заўсёды была часткай Эўропы — і мэнтальна, і духоўна. Якія каштоўнасьці прапаведуюць ды навязваюць іншыя — хай гэта застанецца на іхнім сумленьні.
— Тры гады вы адпрацавалі ў Беларусі — відаць, дастатковы тэрмін, каб адчуць сытуацыю знутры. Як лічыце, ёсьць небясьпека паўтарэньня грузінскага ды ўкраінскага сцэнару на беларускіх землях?
— Ня думаю, што для беларусаў існуе небясьпека ажно такога парадку. Вядома, я ў курсе, што на гэты конт цяпер ідзе шмат дыскусій, але яны збольшага беспадстаўныя. Шчыра кажучы, тых узрушэньняў, якія ўжо маюць месца, больш чым дастаткова. Яшчэ адну напружанасьць рэгіён не пацягне. Веру, што дастаткова разумная і ўзважаная палітыка, якую Беларусь вядзе ў гэтым кірунку, не дапусьціць новага канфлікту. Прынамсі, відавочных перадумоваў для гэтага я ня бачу.
— Напрыканцы пару пытаньняў на мірныя тэмы... Па асабістых адчуваньнях, за апошнія гады беларуска-грузінскія стасункі ў палітыцы, эканоміцы, культуры сталі больш акрэсьленыя?
— Што тычыцца палітычных дачыненьняў, дык там няма глыбокіх супярэчнасьцяў ці разыходжаньняў, што яскрава прадэманстраваў мінулагодні візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію. Эканамічныя адносіны таксама разьвіваюцца, хоць ёсьць значны патэнцыял для іх пашырэньня. Як на мае адчуваньні, гады праз 2–3 гэтыя стасункі выйдуць на пікавы ўзровень — дынаміка гандлю станоўчая і мае тэндэнцыю на яшчэ большае павелічэньне.
— Дарэчы, на палетках уздоўж дарог на вочы трапіліся ўсяго некалькі трактароў «Беларус», і тыя ня першай сьвежасьці. Фэрмэры ўсё ж галасуюць за больш камфортную і якасную заходнюю тэхніку?
— Можа, і пабачылі ўсяго некалькі, але насамрэч беларускіх трактароў у нас, безь перабольшаньня, тысячы. Тэхніка МТЗ прадэманстравала сваю надзейнасьць і непераборлівасьць, асобныя «доўгажыхары» на хаду яшчэ ад савецкіх часоў. Мабыць, такія і трапіліся вам на вочы (сьмяецца). І ня толькі трактары, іншая сельгастэхніка таксама працуе.
— Беларусаў у Грузіі вабяць перадусім турыстычныя маршруты, якімі з году ў год карыстаецца ўсё большая колькасьць людзей. А што можа быць цікава ў Беларусі грузінам?
— Беларусь — ці не адзіная постсавецкая краіна, якая на зломе эпох здолела захаваць сваю эканоміку. На жаль, Грузія, замест таго каб эканамічна разьвівацца, за гэты час перажыла тры вайны — і грамадзянскія, і міждзяржаўную. Для маленькай краіны наступствы катастрафічныя — эканоміка была разбураная практычна цалкам і пачала больш-менш аднаўляцца толькі ў апошнія гады. Таму найперш цікавіць аграрны сэктар, дзе Беларусь мае багаты досьвед вырошчваньня і перапрацоўкі культур, экспартныя магутнасьці ў мясной і малочнай прамысловасьці. Зноў жа — машынабудаваньне, высокія тэхналёгіі. У Грузіі ўсё гэта яшчэ давядзецца разьвіваць.
Радуе, што імкліва пашыраюцца культурныя сувязі — так, у Цхалтуба пачала працаваць выстава, прысьвечаная грузінскаму пэрыяду творчасьці Янкі Купалы, ёсьць дамоўленасьць, што ўвосень яе пабачаць у Тбілісі. У сваю чаргу, з Грузіі ў Беларусь прыяжджае шмат вакальных і танцавальных калектываў, дзякуючы чаму беларусы больш даведаюцца пра грузінскую самабытнасьць.
Калі падсумаваць, то мы павінны наноў пазнаць і палюбіць адзін аднаго, як гэта было ў часы нашых продкаў.