Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікі выбух Слова


На прэзэнтацыі кнігі «Маё невымаўля» 7 чэрвеня 2016 году.
На прэзэнтацыі кнігі «Маё невымаўля» 7 чэрвеня 2016 году.

Наста Грышчук

Да мяжы паміж паэзіяй як літаратурнай дзейнасьцю і паэзіяй як замовай, сьветастварэньнем набліжаецца Наста Кудасава. Нездарма анатацыя да яе новай кнігі не дае творам характарыстыкі ― толькі гады напісаньня. Бо насамрэч анатацыя зьмешчаная ў самой назьве ― «Маё невымаўля».

Пра што б ні пісаў беларускі пісьменьнік – ён піша пра Беларусь, зазначыў адзін дасьціпны крытык. У выпадку Насты Кудасавай вечнай і ўсёабдымнай тэмай выступае Любоў:

ты ж ведаеш, горадзе:
толькі любоў
трымае мяне на зямлі

У яе тысячы праяў: гэта зямля, травы, дрэвы, рэкі, рыбы, жалуды, мова, сьпевы, боль і роспач, жарсьць і згубы ― нішто ня вершыцца безь яе ўдзелу. Любоў у паэтычным сьвеце Кудасавай – бог. Зразумела, не ў рэлігійным значэньні, але як першааснова Сусьвету, галоўны закон жыцьця.

я не ведаю місіяў –
толькі музыку зямлі.

Калі ў хрысьціянскім сьветабачаньні «Бог ёсьць любоў» – недасяжны (пакуль) ідэал, то для нашай паэткі гэта існасьць. Тое, што ёсьць тут і цяпер.

Голас яе адначасова надрыўна-адчайны – і заспакоены, лагодны. Такія перапады сустракаюцца ня тое што на суседніх старонках кнігі, але ў адным вершы. Парадоксу тут няма: спакой нараджаецца ад усьведамленьня «ісьціны» (назавем гэта так), што ў аснове сьветабудовы палягае любоў; боль ― ад немагчымасьці дарэшты выказаць яе, ад «невыпеўнасьці пяшчоты». Так, і вершы Насты быццам незавершаныя: яны кіпучая магма, якім не дае застыгнуць унутраная энэргія.
Рухаючыся па гэтай вірлівай паэтычнай рацэ, мы час ад часу трапляем у ціхія затокі, дзе паэтка стомлена адмаўляецца ад страсьцей. Яна прагне заслупянець,

сусьвету ўсьлед глядзець, як Лоту,
не паднімаючы рукі

ахінуцца ад сьвету аскезай ― і ня здольная гэта зрабіць, бо адмова ад болю ёсьць адмовай ад самога жыцьця. Гэта скрайнасьці, у якія патрапляе чалавек чуйны, глыбокі, засяроджаны на сабе.

Такая засяроджанасьць не азначае эгаізму. Генры Тора падчас дабраахвотнага ляснога выгнаньня пісаў, што чым глыбей ён узіраецца ў самога сябе, тым лепш разумее прыроду (лічы, сьвет). І чым пільней углядаецца ў сьцяжыну пад нагамі, у малады лісток, услухоўваецца ў птушынае ценьканьне, тым лепей разумее сябе. Тое ж адбываецца з Настай Кудасавай (прынамсі, у яе паэтычным сьвеце; зь іншага боку, ён відавочна неаддзельны ад сьвету «аб’ектыўнага»).
Спакой суседнічае з неспакоем, а ўсьведамленьне імгненнасьці жыцьця ― з адчуваньнем яго непарыўнасьці, бясконцасьці. Не жыцьцё кароткае, але ты ў ім імгненны («Я ведаю, мы толькі коскі / Ў чыімсьці сакральным тэксьце»). Філязофія гэтая адбіваецца і ў танальнасьці вершаў, і ў асобных вобразах: восень-сансара, пара адміраньня, а значыць – абнаўленьня, працягу жыцьця:

Восень прыйшла – і ўсё.
І ўсё пачалося нанова...

А часам і ў фармальным рашэньні твору, закальцаванасьці:

...і дарогаў незьлічоны дар,
шляхаў лек,
дзе душы крокам гояцца,
лёг пад ногі мне,
іду –
паломніца –
вомшаю падэшвамі абшар...
не шкада ні ложка, ні стала:
толькі цела мне ў багаж прызначана,
але й гэты
травам кіну ў спадчыну,
каб заўжды свабоднаю была,
каб ішла бясстрашна што ні старт,
пешкі праз жыцьцё, абы не пешкаю,
несла ў вуснах пацалунак вершавы
і дарогаў незьлічоны дар...

«Ведзьма ва ўсіх пакаленьнях», аўтарка не існуе ў нейкім пэўным часе. Няма ў яе і вызначанай ролі: яна адначасова маці і дачка, паляўнічы і ахвяра, цэлае і часьцінка. Словам, жанчына, чыя мудрасьць – пра што паэзія Кудасавай сьведчыць прыхавана, далікатна, ― у слабасьці, адпрыродным праве скарыцца, быць пераможанай ― «шчасьлівы пакорлівы птах».

Няцяжка заўважыць, што адзін з улюбёных вобразаў паэткі – рыба. У пантэоне расьлінных і жывёльных сымбаляў яна займае пачэснае месца. Верагодна, гэта запазычаньне з хрысьціянскай сымболікі, дзе рыба азначае і Хрыста (чытай: любоў), і ўвогуле духоўны сьвет, схаваны тоўшчай вады – ілюзіямі мірскога сьвету. Спрацоўваюць таксама асацыяцыі з народнымі павер’ямі, дзе рыба ― прадвесьце дзіцяці, не(вы)маўляці. Але ўсё гэта здагадкі. Наўрад ці паэтка сьвядома і мэтанакіраваны ўкладае менавіта гэтыя сэнсы ў вершы, калі самі вершы ― як выдых, выбліск сонца на вадзе, зьява прыроды.

Сустракаюцца ў Кудасавай і іншыя біблейскія сымбалі, прыкладам, яблык, які традыцыйна азначае грэхападзеньне. Але гэта і не зусім «падзеньне», наадварот: непазьбежнае, нават пажаданае, частка духоўнай сьпеласьці, духоўнага шляху. Аднойчы ўпадабаны вобраз паэтка робіць сваім, уплятаючы ў «тонкія ніткі сугуччаў», уводзіць у паэтычны альфабэт, робячы неад’емнай часткай свайго сьвету.

Як і ў «Лісьці маіх рук» і «Рыбах», у новай кнізе Насты Кудасавай пераплятаюцца матывы ўсходнія і заходне-хрысьціянскія; наская, язычніцкая сымболіка перамяжоўваецца спасылкамі на грэчаскую міталёгію. Але гэта не эклектызм ідэй. Ад усіх рэлігій-філязофій паэтка бярэ толькі зьнешнія праявы адной сутнасьці: мудрасьці, сьвятла, любові. Што да грэчаскіх матываў, яны зьяўляюцца, калі трэба выказаць пачуцьцёвае, плоцевае, калі імкненьні духу саступаюць голасу жарсьці.

У шчымлівай шчырасьці, бясстрашнай аголенасьці душы Наста Кудасава насьледуе Яўгеніі Янішчыц, Раісе Баравіковай, таксама ― «нянашай» Цьвятаевай. Што да фармальнага боку справы, неаспрэчнае насьледаваньне Рыгору Барадуліну. Яго словатворчасьць, гукапіс унікальныя, скапіраваць іх немагчыма. Наста не капіруе ― ідзе ў тым жа кірунку, але сваім шляхам. Праўда, часам гэтыя шляхі так набліжаюцца адно да аднаго, што голас Барадуліна чутно вельмі выразна:

Вернецца тое, што горнецца,
Кінецца ў богаву торбу –
Толькі вяртаньнем і корміцца
Веры вярблюд мнагагорбы...

«Маё невымаўля» ўзгадаванае на сугуччах, мэлядычным словазьліцьці. Гэта заварожвае. І ня толькі чытача: аўтар таксама бывае захоплены гульнёй (што заўважна). І ўсё ж шматлікія алітэрацыі ня проста троп – нават больш: гэта зусім ня троп. Паэзія-варажба, яна дае адчуваньне роднасьці ўсіх зьяў і прадметаў, яднае сьвет у непарушнае адзінства, дзе абдоймы ператвараюцца ў дом, і крыло, і кола. Берагі – у абярэгі. Каласы высьпяваюць сьпевам. Рэчы робяцца рэкамі, і рэйкамі, і роспаччу.

Геніяльнасьць гэтай кнігі ў тым, што яна не канстатуе сувязь між усім існым, але стварае яе, дае чытачу яе трывалае, хвалюючае адчуваньне.

Паэзія Кудасавай нагадвае пра часы «да першага слова зямнога», калі мова толькі нараджалася. Зь вяртаньнем у мінулае зьвязанае стварэньне «гамераўскіх» эпітэтаў: складаных прыметнікаў, якія нясуць у сабе і дзею, і стаўленьне да прадмету размовы, і ўласна характарыстыку (слава пустаротая, нізкімная ноч, міраносіца песеннажылая, агнягукая песьня, бог дасканалаязыкі і безьліч іншых). Па тым жа прынцыпе паэтка дае новае вытлумачэньне старым словам: «акрыяць – гэта крылы і хлеба акраец», «спатканьне – тканьне спаяннасьці». Словам, творыць свой сусьвет (сказ гэты можна чытаць без коскі).

Яна праварочвае стужку часу так, што мы бачым, як суквецьці слоў згортваюцца і вяртаюцца да асновы, адзінага кораню. Гэты працэс, лічы, толькі пачаўся, але Наста Кудасава паступова зводзіць словы да той самай прачасьцінкі, якая дала матэрыял для вялікага слоўнага выбуху. Лягічным завяршэньнем мусіць стаць маўчаньне, непарушная цішыня.

Але да гэтага яшчэ далёка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG