«Расея прадае зброю Азэрбайджану — ворагу Армэніі. Як яна можа заставацца нашым саюзьнікам?» — армяне пераглядаюць стаўленьне да асноўнага партнэра па інтэграцыйных працэсах і бачаць у расейскай ваеннай базе не абарону, а пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Свабода паназірала за акцыяй грамадзкага непадпарадкаваньня ў Ерэване.
Гэта карціна, якой немагчыма ўявіць у Беларусі. Больш за паўгода ў самым цэнтры Ерэвану ладзіцца своеасаблівы «сядзячы пікет», арганізаваны народным рухам «Фронт грамадзкага выратаваньня «Новая Армэнія». Штаб-намёт з сымболікай арганізацыі, партрэтамі палітзьняволеных і скрынкай для збору сродкаў сем’ям вайскоўцаў усталяваны проста ля прыступак будынку Армянскага акадэмічнага тэатру опэры і балету на Плошчы Свабоды. Абмінуць «пост» немагчыма, бо гэта адно з улюбёных месцах прамэнаду гараджанаў і турыстаў.
Нягледзячы на позьні час — амаль поўнач — у намёце «пікетуе» малады чалавек. Прадстаўляецца як Аванэс Казаран — «просты грамадзянін, які падзяляе задачы руху». «Я побач з кожным, хто дамагаецца зьменаў у гэтай краіне», — зазначае суразмоўца:
«Наша „вахта“ пачала працаваць ад сьнежня мінулага году і цягнецца да гэтага часу. На выпадак правакацый кожную ноч тут застаюцца некалькі чалавек. Справа ў тым, што раз-пораз сюды падсылаюць правакатараў, якія нібыта хочуць учыніць ці акт самаспаленьня, ці гэта проста п’яная моладзь у неадэкватным стане. Такім чынам намагаюцца зьвязаць гэтых людзей з намі, сказаць, што яны з нашых шэрагаў і мы адмыслова сьцягваем сюды ўсялякі „зброд“. Праўда, апошнім часам спробы фізычнай канфрантацыі крыху спыніліся, але па-ранейшаму супраць нас ідзе інфармацыйная вайна. Асабліва гэта датычыць сацыяльных сетак „Фэйсбук“, „ВКонтакте“ — там атака практычна бесьперапынная».
Спачатку арганізатары сядзячага пікету з «Новай Армэніі» патрабавалі правядзеньня пазачарговых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў, а таксама скасаваньня вынікаў сьнежаньскага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, які дае цяперашняму прэзыдэнту магчымасьць узурпаваць уладу.
Крытыкі разглядаюць заканатворчыя навінкі як спробу Сержа Саргсяна захаваць пасаду пасьля заканчэньня другога і апошняга тэрміну. Згодна з папраўкамі, кіраўнік краіны цяпер выбіраецца на сем гадоў замест ранейшых пяці і не народным галасаваньнем, а дэпутатамі разам з абранымі прадстаўнікамі мясцовага самакіраваньня. А гэта, лічаць апанэнты рэжыму, простая дарога да «выбараў без выбару». Паступова, удакладняе Аванэс Казаран, сьпіс прэтэнзій да ўлады пашырыўся — усё больш выразна пачаў акрэсьлівацца расейскі фактар:
«Мы тут стаім, бо хочам, каб антынародная ўлада сышла, спыніўшы распрадаваць багацьці Армэніі і пакінуўшы армянскі народ у спакоі. Зараз ідзе татальная здача нашай незалежнасьці, ласыя кавалкі „зьліваюцца“ расейскім алігархам, якія ўжо кантралююць асноўныя сфэры эканомікі. Гэта першае. Па-другое, у Гюмры дыслякаваная расейскай ваенная база, што ёсьць прамой пагрозай нашым грамадзянам і ўсёй краіне. Мабыць, нават у Беларусі ведаюць, што расейскі салдат сышоў з часткі ды з асаблівай жорсткасьцю выразаў цэлую армянскую сям’ю разам зь дзецьмі. Існаваць побач з такімі „абаронцамі“ страшна і небясьпечна».
Як кажа суразмоўца, антырасейскія настроі ў грамадзтве рэзка ўзмацніліся падчас нядаўняга абвастрэньня армянска-азэрбайджанскага канфлікту ў Нагорным Карабаху. Калі да нядаўняга часу Расея ўспрымалася стратэгічным партнэрам, які прыйдзе на дапамогу «праваслаўным братам, заціснутым у мусульманскім кальцы», то цяпер дзеяньні Масквы называюць няйначай як «ударам у сьпіну»:
«Расея і Азэрбайджан робяць сумесны бізнэс на гандлі сучаснай зброяй і ваеннай тэхнікай. Ня ведаю чаму, але нават цяпер армянскія ўлады працягваюць гаварыць, што расейцы — нашы саюзьнікі. Ну, калі расейцы прадаюць гарматы, ракеты, мінамёты Азэрбайджану, ворагу Армэніі, — як яны могуць заставацца нашымі сябрамі? Такога не бывае ў прынцыпе! Армянскі незаконны ўрад тлумачыць, што гэта толькі бізнэс, ня трэба зьвяртаць увагі. На жаль, за столькі гадоў ва ўладзе людзі калі чаму і навучыліся, дык гэта нахабна перакручваць факты, пакідаючы толькі тое, што ім выгадна. Многія яшчэ ў гэта вераць, хоць настроі і зьмяняюцца».
Актывісты «Новай Армэніі» праводзяць паралелі зь Беларусьсю, дзе мэханізм выбараў даўно вынішчаны. Каб захаваць уладу, кажа Аванэс Казаран, кіраўнікі гэтых краін выкарыстоўваюць ідэнтычныя мэтады:
«Пэўная колькасьць людзей проста падкупленая. То бок, ім даюць грошы, каб яны ўдзельнічалі ў незаконных выбарах і галасавалі за таго, за каго скажуць. Выкарыстоўваецца шантаж. Прыкладам, калі ў цябе ёсьць сын —студэнт прызыўнога ўзросту — яму можна выдаць адтэрміноўку ад службы, а можна паабяцаць закінуць у зону канфлікту. Ці калі дачка вучыцца ў ВНУ, ёсьць розныя спосабы, каб адлічыць яе за „непасьпяховасьць“. Такім чынам, трымаюць у страху, не даюць выявіць грамадзкую пазыцыю. Дарэчы, сапраўдная праблема — галасаваньне „мёртвых душаў“: памерлыя ўдзельнічаюць у выбарах ледзь не нароўні з жывымі. І, што паказальна, нябожчыкі „падтрымліваюць“ выключна Саргсяна».
З абодвух бакоў імправізаванага штабу-намёту — якасна выкананыя інфармацыйныя плякаты. На адным «крыле» — фотаздымак маладых салдатаў, яўна з раёну карабахскага канфлікту, а таксама заклік падтрымаць матэрыяльна сем’і забітых і параненых. Зь іншага боку — галерэя апазыцыйных палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні:
«Мы ініцыявалі збор грошай для дапамогі сем’ям, у якіх сваякі загінулі на фронце, ці атрымалі цяжкія раненьні, — гаворыць Аванэс Казаран. — Гэтыя людзі маюць рэальную патрэбу ў матэрыяльнай падтрымцы. Іншая важная праблема — лёсы людзей, якіх перасьледуюць за іх погляды. Таму таксама зьмешчаныя выявы палітзьняволеных, якія сядзяць у турме проста за тое, што ня згодныя з палітыкай цяперашніх уладаў. Сёньня асуджаных крыху больш за дзясятак, але калі раптам нехта будзе дадавацца, мы будзем інфармаваць. Жыхары Армэніі мусяць ведаць, што ў краіне па-ранейшаму перасьледуюць за іншадумства».
У Беларусі апанэнты рэжыму трапляюць за краты па самых розных артыкулах. Аванэс Казаран тлумачыць, чым уладам не прыйшліся даспадобы тамтэйшыя дэмакраты:
«Большая частка палітзьняволеных адбывае пакараньне за тое, што падчас масавых акцый пратэсту на чале калёны незадаволеных хацелі прайсьці да адміністрацыі Сержа Саргсяна. Але правакатары з натоўпу пачалі кідаць у бок міліцыі дымавыя гранаты, гэта была расцэнена як спроба сілавога захопу ўлады з усімі вядомымі наступствамі. Арганізатараў затрымалі, судзілі, і ад таго часу яны знаходзяцца за кратамі. Некалькі чалавек ужо на волі, таму мы іх выявы зьнялі. Пакінулі толькі інфармацыю, за што яны былі пакараныя».
Фронт грамадзкага выратаваньня «Новая Армэнія» утвораны ў кастрычніку 2015 году і аб’ядноўвае апазыцыйныя сілы, мэта якіх — адхіленьне ад пасады прэзыдэнта Сержа Саргсяна і перагляд канстытуцыйнай рэформы. Органам праўленьня зьяўляецца палітычная рада, якая дзейнічае паводле надпартыйнага прынцыпу, і ў склад якой уваходзяць лідэры асноўных палітычных партый і рухаў Армэніі: «Дэмакратычная радзіма», «Спадчына», «Уставай, Армэнія!», «100-годзьдзе без рэжыму», «Устаноўчы парлямэнт», Саюз палітолягаў і г.д. У адпаведнасьці з дэклярацыяй, каб рэалізаваць свае задачы ў рамках закону, аргкамітэт руху інфармуе грамадзянаў аб дзейнасьці ўладаў, пакідаючы за сабой права на правядзеньне акцый грамадзянскага непадпарадкаваньня.