Рэканструктары эпохі вікінгаў ладзяць трохтыднёвую экспэдыцыю па Нёмане з Горадні да Клайпеды на сярэднявечнай ладзьдзі.
Паводле аднаго з арганізатараў экспэдыцыі Зьміцера Вараноўскага, каманда, якая 10 ліпеня накіруецца з Горадні ў Клайпеду, возьме ўдзел у фэстывалі «Сьвята Мора».
— Мы вядзем падрыхтоўку ўжо паўгода. Нават плянавалі, каб усе сябры каманды мелі сярэднявечныя строі і наагул пражылі гэты час па сярэднявечных традыцыях, але нам не ўдалося сабраць цэлай каманды рэканструктараў сярэднявечча. Цяпер мы набіраем каманду проста з жадаючых у гэтым паўдзельнічаць.
Другі арганізатар падарожжа Мікіта Канончык дадае, што іх праект называецца «Спадарожны вецер» і тыя, хто патрапіць у каманду, запомняць уражаньні ад падарожжа па Нёмане да Балтыкі на ўсё жыцьцё.
— Мы набіраем у сваю каманду жадаючых. Трэба толькі, каб ім споўнілася 18 гадоў. Паход будзе на сапраўднай сярэднявечнай ладзьдзі эпохі вікінгаў. У людзей будзе магчымасьць кожны дзень сядзець за вяслом баявога карабля і кіраваць ветразем, начаваць у лягеры на беразе. Такое ня часта ў жыцьці надараецца.
Вараноўскі кажа, што ў Клайпеду на «Сьвята мора» каманда павінна прыбыць 28 ліпеня, дзе яны зьбіраюцца прадставіць свой карабель і наагул краіну. Тым, хто патрапіць у каманду, арганізатары абяцаюць падтрымку ў атрыманьні візы.
— Наша ладзьдзя ўяўляе сабою поўную рэканструкцыю карабля Х стагодзьдзя — малая баявая ладзьдзя эпохі вікінгаў. Яна зроблена выключна па захаваных чарцяжах, без аніводнага цьвіка, клею, шрубаў і іншых сучасных матэрыялаў. Яна апрабаваная на Нёмане: мы хадзілі ад Бярозаўкі да Горадні. Ладзьдзя бясьпечная і зарэкамэндавала сябе вельмі надзейна.
Мікіта Канончык дадае, што ладзьдзя мае ветразь, зроблены зь беларускага льну. У склад каманды, паводле Канончыка, набіраюцца 16 чалавек. Усе яны павінны будуць заплаціць грашовы ўнёсак, за кошт якога будзе арганізавана транспарціроўка карабля пад’ёмнымі кранамі і грузавіком, ежа і пітво на ўвесь час паходу, а таксама дарога назад на мікрааўтобусе.
ладзьдзя эпохі вікінгаў і арганізатары паходу знаходзяцца ў Нясьвіжы, дзе турысты маюць магчымасьць паплаваць на ёй па ставах вакол замку Радзівілаў.