Самагубства здарылася 3 чэрвеня. Пра трагічны выпадак паведаміла актывістка незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі «Матчын рух 328» Ларыса Жыгар. Паводле зьвестак ад жанчын, чые сыны адбываюць пакараньне ў калёніі «Воўчыя норы», вязень павесіўся.
«Напісалі хлопцы, што яшчэ ў чацьвер пілі зь ім гарбату, а ў пятніцу яго ня стала. Нібыта атрымаў ліст ад жонкі, што падае на развод. Яму яшчэ не было 30 гадоў, а тэрмін у яго — 11 год. Зь іх толькі два ўжо адбыў. Яшчэ ведаю, што ў яго былі двое дзетак», — распавяла Ларыса Жыгар.
У адміністрацыі калёніі адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра самагубства вязьня.
Як паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна», за год гэта ўжо другі выпадак самагубства ў калёніі № 22, дзе ўтрымліваюць некалькі соцень асуджаных паводле 328 артыкула Крымінальнага кодэксу — за распаўсюд наркотыкаў.
«У калёніі такіх вязьняў усё больш. У атрадзе, дзе знаходзіцца мой сын, ужо вынесьлі тумбачкі з праходаў, бо не хапае месца для ложкаў», — паведамляў «Свабодзе» жыхар Бабруйску Ігар, чый сын адбывае пакараньне ў «Воўчых норах».
Паводле актывістаў «Матчынага руху 328», стаўленьне адміністрацыі да асуджаных за распаўсюд наркотыкаў адрозьніваецца ў горшы бок: да іх радзей ужываюць умоўна-датэрміновае вызваленьне, у некаторых калёніях такім вязьням неабгрунтавана абмежавалі вагу харчовых пасылак, накладаюць на іх іншыя абмежаваньні.
Актывісты зьвязваюць гэта з загадамі кіраўніцтва краіны, якія, на іх думку, супярэчаць закону. Актывісты «Матчынага руху 328» таксама патрабуюць перагляду шэрагу крымінальных спраў, якія былі заведзеныя па 328 артыкуле. На думку актывістаў, сьледзтва ў Беларусі ў пагоні за добрымі паказчыкамі часта фальсыфікуе такія справы, а суды паводле загадаў зьверху зацьвярджаюць незаконныя або неабгрунтавана жорсткія прысуды.
Паводле актывісткі «Матчынага руху 328» Ларысы Жыгар, яна пачала атрымліваць пагрозы з патрабаваньнем спыніць дзейнасьць па абароне вязьняў ад свавольства адміністрацыі. У прыватнасьці, Ларыса Жыгар паведаміла пра допіс, які атрымала праз сацыяльныя сеткі ад чалавека, які назваўся супрацоўнікам калёніі «Воўчыя норы». Ларыса Жыгар кажа, што чалавек з прозьвішчам, якое пазначана ў допісе, сапраўды працуе ў 22-й калёніі. Як сьцьвярджае актывістка, аўтар допісу папярэдзіў яе, што калі яна ня спыніць сваю дзейнасьць, дык пацерпіць яе сын, які адбывае пакараньне ў калёніі № 22. «Што скароцяць час спатканьняў, увядуць іншыя абмежаваньні, і пачнуць гэта менавіта з майго сына», — пераказала сэнс пагрозаў Ларыса Жыгар.
З прычыны атрыманых пагроз актывістка зьвярнулася ў пракуратуру Беларусі.
«Канечне, можа быць, што пад імем гэтага рэальнага чалавека хаваецца нехта іншы. Таму я прашу пракуратуру гэта высьветліць ды абараніць і мяне, і ягоны гонар, калі ён ня мае дачыненьня да такіх дзеяньняў», — сказала Ларыса Жыгар карэспандэнту «Свабоды».