У сераду 8 чэрвеня ў Менск прыехаў Уладзімер Пуцін, каб сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам у Палацы Незалежнасьці. Прыезд быў заплянаваны на 13 гадзін дня, Пуцін спазьніўся толькі на гадзіну.
Глядзець у высокім разрозьненьні
Зафіксаваны рэкорд спазьненьняў Пуціна — 4 гадзіны альбо 56,2% самай доўгай прамовы Лукашэнкі. За 16 год ва ўладзе зафіксавана прынамсі 18 спазьненьняў Пуціна да «высокіх асобаў».
Так, аднойчы Аляксандру Лукашэнку давялося чакаць Пуціна тры гадзіны ў аэрапорце. Іншы раз Пуціна ў Менску з Лукашэнкам чакалі Франсуа Алянд, Ангела Мэркель і Пятро Парашэнка — але толькі гадзіну. Абсалютны зафіксаваны рэкорд Пуціна — спазьненьне на 4 гадзіны да Віктара Януковіча.
Але былі і незафіксаваныя дакладна спазьненьні. Так, Пуцін аднойчы спазьніўся на неназваны час да Ангелы Мэркель, але тая не дачакалася і проста перанесла сустрэчу на вечар, праз 4 гадзіны 15 хвілін пасьля прызначанага часу. Старшыня Дзяржсавету Кітая іншага разу проста ня стаў чакаць Пуціна і скасаваў сустрэчу.
Пра пастаянныя спазьненьні Пуціна на спатканьні згадвала яго былая жонка Людміла. Чаму спазьняецца Пуцін і ці залежыць час спазьненьня ад значнасьці сустрэчы, невядома.