Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: Вельмі шкада людзей, якія хварэюць на гомасэксуалізм, займаюцца фэмінізмам


Павал Севярынец, архіўнае фота
Павал Севярынец, архіўнае фота

Адзін зь лідэраў незарэгістраванай Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец прапанаваў сябру аргкамітэту БХД Маргарыце Тарайкевіч пакінуць партыю. Прапанову ён выказаў у камэнтарах пад яе блогам на сайце «Беларускі партызан».

Блог Тарайкевіч пачынаецца словамі: «Зьдзіўляюць мяне хрысьціяне, якія лічаць, што раўнапраўе ЛГБТ, у прыватнасьці дазвол на аднаполыя шлюбы, — гэта прапаганда распусты і ўсёдазволенасьці». Далей аўтарка разважае над стаўленьнем хрысьціянаў да ЛГБТ.

У размове з Радыё Свабода Павал Севярынец заявіў, што не зьбіраецца «раздуваць» гэты выпадак да палітычнай падзеі і лічыць, што ягоны камэнтар пад пастом Маргарыты Тарайкевіч дастаткова тлумачыць тое, што адбылося.

У той жа час лідэр БХД патлумачыў, што менавіта выклікае ягоную рэакцыю:

«Чалавек, будучы сябрам аргкамітэту, надрукаваў непрымальную рэч, я яго папрасіў выйсьці. Напэўна, ёй ня вельмі важна быць у партыі, таму яна сказала „калі ласка“».

Таксама Павал Севярынец пракамэнтаваў, як ён ацэньвае цікавасьць Радыё Свабода да гэтага інцыдэнту:

«Я разумею, чаму Радыё Свабода гэтым займаецца. Таму што яно піярыць фэміністак, трансвэстытаў, гомасэксуалістаў і гэтак далей. І лічыць, што гэта норма. Я не лічу, што гэта норма. У Бібліі ўжо напісана, што гэта ня норма».

«Вельмі шкада тых людзей, якія хварэюць на гомасэксуалізм, якія займаюцца фэмінізмам. На мой погляд, гэта няшчасныя людзі. Проста няшчасныя. Іх трэба шкадаваць і дапамагаць чым можна, каб яны сталі на шлях здаровага розуму. Ёсьць і страшнейшыя грахі, напрыклад, і нічым ня лепшая за гомасэксуалізм сужэнская здрада. Але рабіць з гэтага норму ня трэба і нельга. Гасподзь па-іншаму гэта зладзіў у сьвеце», — працягвае Павал Севярынец.

Палітык зазначыў, што вельмі не задаволены пазыцыяй Радыё Свабода ў асьвятленьні праблемаў ЛГБТ.

«Колькі там [на Радыё Свабода] геяў, трансвэстытаў і ўсяго астатняга вычварэньня, столькі няма ў аніводным беларускім СМІ. Калі спрабуюць цяпер адным пазногцем падкалупнуць нейкую тэму на гэты конт, я да гэтага стаўлюся нэгатыўна. Мне здаецца, вы проста разьдзьмуваеце. „Хлопчыка-дзевачку“ надрукавалі матэрыял — і фактычна ламаеце лёс людзям. Калі яна сама хоча, то чалавек вольны нават у граху. Але вы выцягваеце гэта на ўзровень — „якая яна гераіня, як гэта клясна, давайце яе падтрымаем, і г.д. і да т.п“. Вось гэта, на мой погляд, проста прапаганда, якая стаіць побач з прапагандай клясавай, расавай і фэміністычнай. І ў свой час чалавецтва разабралася, што расавая прапаганда — гэта кепска. Разабралася, што клясавая прапаганда — гэта кепска. І цяпер ідзе гендэрная прапаганда — гэта ў той жа ступені кепска. Гэта ўсё тупіковы шлях, які навязваецца, у тым ліку, лібэральнымі СМІ. Я да гэтага вельмі кепска стаўлюся».

На пытаньне, як Павал Севярынец ставіцца да пазыцыі, якую займаюць адносна праблемаў ЛГБТ прадстаўнікі эўрапейскай хрысьціянскай дэмакратыі, палітык параіў спытаць у іх саміх:

«Беларускія хрысьціянскія дэмакраты за хрысьціянскую дэмакратыю аддавалі жыцьцё ў 20–30-х гадах.

Людзі ішлі на сьмерць, на крыж у гестапаўскія засьценкі і ГУЛАГ — за Хрыста, за веру, за тое, што напісана ў Бібліі, і за Беларусь, разумееце? А не за тое, каб вычварэньне лічылі нормай.

У кожнага чалавека ёсьць права паводзіць сябе так, як ён лічыць патрэбным. Але навязваць гэта як грамадзкую норму нельга. Проста нельга. Гэта скончыцца разбурэньнем нацыі, грамадзтва. Зараз гэта цягнуць у норму. І Радыё Свабода тут першае!»

Большасьць прадстаўнікоў хрысьціянскай дэмакратыі ў Эўропе выступае супраць дыскрымінацыі ЛГБТ, аднак і не падтрымлівае іх асноўныя патрабаваньні — кшталту права на шлюб і ўсынаўленьне дзяцей. У той жа час вядомыя прыклады, калі хрысьціянскія дэмакраты адкрыта заяўлялі пра сваю гомасэксуальнасьць, як, напрыклад, прадстаўнікі нямецкага Хрысьціянскага дэмакратычнага саюзу Штэфан Каўфман ці былы мэр Гамбургу Оле фон Бюст.

Скантактавацца з самой Маргарытай Тарайкевіч пакуль не ўдалося.

Сваё стаўленьне да інцыдэнту выказала Радыё Свабода палітоляг і тэоляг Натальля Васілевіч.

Натальля Васілевіч
Натальля Васілевіч

«Яшчэ калі толькі запачаткоўвалася Партыя БХД, Павел Севярынец акрэсьліў тры тыпы хрысьціянскай дэмакратыі: лацінаамэрыканскую, якая мае сацыялістычны характар і грунтуецца на біблійным прынцыпе справядлівасьці; заходнеэўрапейскую, якая амаль ня мае адносінаў да Бібліі і хрысьціянства; і ўсходнеэўрапейскую, у якой падмурак палітыкі складаюць „біблейскія прынцыпы“ і якая арыентуецца ў першую чаргу на вернікаў. Некалі я рабіла кантэнт-аналіз матэрыялаў сайту БХД і часопіса-бюлетэня „Крыніца“, і адным з галоўных дзеясловаў там выявіўся імпэратыў „забараніць“».

Па словах тэоляга Васілевіч, агульны трэнд ва Ўсходняй Эўропе — рост традыцыяналізму і фундамэнталізму, цэнтар якога — так званыя «сямейныя каштоўнасьці». Гэта тычыцца і праваслаўных, і асабліва эвангельскіх хрысьціян-пратэстантаў.

«Гэта адпавядае ў цэлым настроям нашага грамадзтва, у якім узровень разводаў і абортаў нашмат большы, чым у „гейропе“, але якое бачыць страшэнную пагрозу для сябе ў аднаполых шлюбах. Прыхільнікі БХД самі шчыра ў гэта вераць і хочуць атрымаць палітычную падтрымку грамадзтва як такога», — мяркуе Васілевіч.

Натальля кажа, што за гады багаслоўскай рэфлексіі і сяброўства з ЛГБТ-хрысьціянамі сфармулявала свой прынцып — «выпакутаваны гадамі»:«Хрысьціяне часта паўтараюць за сваім Настаўнікам, што яны — гэта соль зямлі, і баяцца страціць сваю салёнасьць, каб ня быць выкінутымі на сьметнік. У талерантнасьці да ЛГБТ, напрыклад, „салёныя“ хрысьціяне бачаць страту салёнасьці, „прагін“ перад сьветам, а ў непрыманьні ЛГБТ — змаганьне за Божую ісьціну і Божы закон. Таму нярэдка кідаюць соль на раны „спакутаваных і абцяжараных“ — тых, каго разрываюць унутраныя канфлікты, хто паранены, хто ненавідзіць сябе, хто ня можа гарманічна і ў адпаведнасьці са сваім унутраным самаадчуваньнем будаваць сваё жыцьцё, хто і так часта адрынуты сямʼёй, сябрамі, грамадзтвам. Соль разьядае рану, а добры самаранін раны перавязвае, узьлівае на іх алей і віно».

Яна згадвае, што і сама «прайшла шлях астракізму і асуджэньня, як Маргарыта Тарайкевіч:

«Некалі Зьміцер Дашкевіч назваў мяне псэўдахрысціянкай: „Дык прабачце мяне і вы, Натальля Васілевіч, але я ўпэўнена канстатую, што такія псэўдахрысьціяне, як вы — значна больш жахлівыя за саміх бязбожнікаў“, — напісаў ён у фэйсбуку, чамусьці горача ўпэўнены, што мая пазыцыя — гэта кампраміс з гэтым сьветам.

У часы свайго нэафіцтва я таксама была ўпэўненая, што вось адказы на пытаньні жыцьця і сьмерці ляжаць на паверхні, і многія гады ў мяне заняло разуменьне, што на паверхні ляжыць толькі гермэтычная ідэалёгія, а для хрысьціянства патрэбная глыбіня.

Стагодзьдзямі існавалі хрысьціяне і хрысьціянскія супольнасьці, якія на падставе Бібліі выступалі за існаваньне рабства, прыгоннага права, за захаваньне сьмяротнай кары, ня бачылі праблемы ў вынішчэньні мясцовага насельніцтва пры калянізацыі, а тых, хто выступаў супраць — лічылі праціўнікамі Божых устанаўленьняў. Але хрысьціянскае сацыяльнае вучэньне разьвіваецца — часам усьлед за прагрэсам грамадзтва, часам у авангардзе гэтага прагрэсу. І я не пакідаю надзеі, што гэтае разьвіцьцё закране шырокія слаі вернікаў у Беларусі», — заключае Натальля Васілевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG