Чарговая публікацыя ў газэце «Вечерний Могилёв» пра транссэксуала зь вёскі Макаранцы, што ў Магілёўскім раёне, прымусіла праваабаронцаў зьвярнуцца ў пракуратуру абласнога цэнтру.
Праваабаронцы патрабуюць спыніць хвалю нецярпімасьці
У публікацыях магілёўскага выданьня Праваабарончы цэнтар «Вясна» ўгледзеў прыкметы экстрэмізму. Праваабаронцы заяўляюць, што іх мэта спыніць хвалю нецярпімасьці да чалавека з адметнасьцямі інтымнага жыцьця.
Артыкулы ў «Вечернем Могилёве» пра транссэксуала: праваабаронцы — экстрэмізм, рэдактарка выданьня — прычым тут газэта, герой артыкулаў — пакіньце мяне ў спакоі
Сябра цэнтру «Вясна» Тацяна Равяка, даводзячы пазыцыю праваабаронцаў, спасылаецца на тлумачэньне экстрэмізму заканадаўствам Беларусі. Актывістка засяроджвае ўвагу, што газэтныя артыкулы, у якіх згадваецца жыцьцё вяскоўца і сям’і, у якой ён жыве, маюць прыкметы прапаганды непаўнавартаснасьці грамадзян і нецярпімасьці да іх.
Праваабаронца прыгадвае трагічны лёс Міхаіла Пішчэўскага, якога зьбілі за тое, кажа суразмоўніца, што ён быў геем.
«Пытаньні прапаганды непаўнавартаснасьці пэўных людзей, нецярпімасьці да іх, як мы бачым, прыводзяць да трагедыяў. Для нас вельмі важна спыніць плынь нянавісьці, якая распаўсюджваецца са старонак пэўных выданьняў, а менавіта, прапаганды нянавісьці да пэўнай сацыяльнай групы, — кажа Тацяна Равяка. — Вядома ж, мы б хацелі аблегчыць лёс канкрэтнага чалавека, трансгендэра, які жыве ў вёсцы. Жыцьцё гэтага чалавека цяпер разглядаецца праз павелічальнае шкло, і гэта не нармальна. Акрамя таго, мы хочам прыцягнуць увагу да прапаганды нянавісьці і нецярпімасьці да цэлай сацыяльнай групы праз канкрэтную справу і лёс канкрэтнага чалавека».
Праваабаронца зазначае: кожны чалавек мае права на прыватнае жыцьцё, у тым ліку інтымнае. Такія публікацыі, як у «Вечернем Могилёве», цьвердзіць суразмоўніца, разбураюць гэтае жыцьцё.
«Як адрэагуе на зварот пракуратура — гэта будзе рашэньне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа, для нас жа галоўнае, каб спынілася тое, чаго не павінна быць у любым сродку масавай інфармацыі. Мы б хацелі, каб закон выканаў функцыю абароны канкрэтнага чалавека», — заключае праваабаронца Тацяна Равяка.
З героямі артыкулаў магілёўскай газэты, кажа Тацяна Равяка, праваабаронцы не сустракаліся.
Пачалося з ананімкі
Нагодай для звароту праваабаронцаў у пракуратуру Магілёва стаў артыкул, разьмешчаны на сайце «Вечернего Могилёва» «МАМА, ТРИ ДОЧКИ И... КАВАЛЕР МАМЫ. КАК ЖИВЕТСЯ ДЕТЯМ?».
У ім гаворыцца, што газэта атрымала ананімны ліст ад жыхароў вёскі Макаранцы, якія нібыта «занепакоеныя кепскай абстаноўкай у адной мясцовай сям’і, у якой растуць тры дзяўчынкі». У самім лісьце згадваецца транссэксуал Д., яго ў лісьце называюць вядомай асобай, пра якую год таму пісала газэта.
«А потым да нас у вёску прыяжджала апазыцыя рабіць свой матэрыял, — гаворыцца ў лісьце. — Напэўна ў Д. высокія апекуны, бо трое дачок М. дагэтуль пражываюць у гэтай сям’і. Вёска ў нас невялікая, і дзеці скардзяцца, што гэты чалавек зьдзекуецца зь іх, зьневажае і зьбівае».
Газэта «Вечерний Могилёв» у гэтым жа артыкуле піша, што ліст жыхароў з Макаранцаў быў перасланы ва ўпраўленьне адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму. Як вынікае з адказаў, зьвесткі зь ліста не пацьвердзіліся:
«У дачыненьні да непаўналетніх фактаў жорсткага абыходжаньня не зафіксавана», — адказаў газэце начальнік упраўленьня адукацыі аблвыканкаму Ўладзімер Рыжкоў.
Рэдактарка газэты «Вечерний Могилёв»: Пашукайце экстрэмізм у іншым месцы
Галоўная рэдактарка газэты «Вечерний Могилёв» Надзея Леўчанка лічыць, што публікацыямі нікога не пакрыўдзілі.
«Мы паступілі згодна з законам Рэспублікі Беларусь», — заяўляе яна. Паводле журналісткі, сытуацыю зь вяскоўцам-транссэксуалам «раздулі» не «Вечерний Могилёв», а іншыя выданьні.
«Газэта „Вечерний Могилёв“ ніколі ня згадвала ні імя, ні прозьвішча, ні імя па бацьку гэтага чалавека (транссэксуала Д., — РС)», — даводзіць сваю пазыцыю Надзея Леўчанка.
«Калі мы ў першы раз апублікавалі, што ў турме зьявіўся транссэксуал (інфармацыя да нас прыйшла з турмы), то з гэтага ўсё пачалося. Надрукавалі артыкул. Нам ніхто не тэлефанаваў, не зьвяртаўся. І калі мы разьмясьцілі яго на сайце, таксама ніхто не зьвяртаўся. І раптам убачыла яго „Наша Ніва“ (газэта, — РС). Яны (карэспандэнты НН, — РС) паехалі ў гэтую вёску сфатаграфавалі гэтага чалавека. Хадзілі па вёсцы. Там усім паведамілі, што ў іх жыве транссэксуал. Далі матэрыял на сваім сайце. Да „Нашай Нівы“ ніякіх прэтэнзіяў ні ў кога не было».
«Гэтым разам да нас прыйшоў ліст, што нібыта сям’я знаходзіцца ў сацыяльна-небясьпечным становішчы, — працягвае аповед галоўная рэдактарка „Вечернего Могилёва“. Мы зьвярнуліся ва ўпраўленьне адукацыі і нам далі адтуль адказ. Яго апублікавалі. Ні пазначалі нікога і нічога. Да нас зноў ніхто не зьвяртаўся (пасьля публікацыі, — РС) ні зь вёскі, ні сам ён (транссэксуал Д. — РС) і ніякія праваабаронцы».
Паводле Надзеі Леўчанкі, цікавасьць да жыцьця вяскоўца-транссэксуала актывізавала журналістка TUT.By, а не артыкул зь лістом жыхароў Макаранцаў у «Вечернем Могилёве».
«Мы разьмясьцілі яго (артыкул, — РС») на сайце, і тут жа падключыўся TUT.By. Яна (журналістка, — РС) туды (у вёску, — РС) паехала. І прычым так напісала пра яго... Упраўленьне адукацыі наадварот напісала, што ён зь імі (сям’ёй, дзе тры дзяўчынкі, — РС) не жыве і зрэдку дапамагае грашыма. А яна наадварот напісала, што ён жыве, што ў доме нават тэлевізара няма. Яна туды паехала і ўсё закруціла. Прычым тут «Вечерний Могилёв»? Мне нават цікава«, — абураецца галоўная рэдактарка выданьня.
Надзея Леўчанка параіла праваабаронцам пашукаць экстрэмізм у іншых, як яна выказалася, месцах.
У першы раз газэта «Вечерний Могилёв» напісала пра вяскоўца-транссэксуала пры канцы 2014 году. У артыкуле «Впервые в истории Беларуси под стражу взяли транссексуала» выданьне паведаміла, што ў магілёўскай турме № 4 утрымліваецца падазраваны ў крадзяжы харчоў, якому «была зроблена апэрацыя па зьмене полу». Матэрыял поўніўся зьняважлівымі выпадамі на адрас героя публікацыі. Згадваецца і Эўразьвяз. Аўтары артыкулу пераконваюць, што «сёньня за прыгожай упакоўкай пад назвай сэкс-мяншыні, якую прасоўвае і актыўна нам навязвае Эўразьвяз, хаваецца сатана...»
Напрыканцы паведамляецца, што імя «транссэксуала зьмененае па этычных меркаваньнях». У артыкуле згадваецца вёска Макаранцы, дзе транссэксуал нібыта ўчыніў злачынства. Як высьветлілася, ён у ёй жыве.
Судзьдзя выдаў зьвесткі інтымнага характару зьняволенага
Інтэрнэт-вэрсія артыкулу пасьля публікацыяў у незалежных выданьнях зьнікла з сайту «Вечернего Могилёва». Пазьней стала вядома, што газэце Міністэрства інфармацыі зрабіла заўвагу аб неабходнасьці ўважлівага кантролю зьместу публікацыяў.
"Калі на нас пачалі пісаць, ужо ня памятаю хто, то Міністэрства інфармацыі проста сказала: здыміце з сайта гэтую публікацыю. Мы вам робім заўвагу«,— удакладніла галоўная рэдактарка «Вечернего Могилёва».
Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала, адказваючы на пытаньні «СБ Беларусь сегодня», згадаў судзьдзю Магілёўскага раённага суду Станіслава Леўчанку, які разглядаў справу супраць зьняволенага транссэксуала і выдаў ягоныя інтымныя асаблівасьці.
«Вядома ж, афішаваць такія рэчы недапушчальна, пагатоў з улікам таго, што чалавек утрымліваецца пад вартай. Судзьдзя ж даў інтэрвію, у якім хутчэй за ўсё, па неасьцярожнасьці выдаў зьвесткі інтымнага характару. У яго прасьлізнула адна фраза, а газэта зрабіла ўпор на факце, заявіўшы, што ўпершыню пад варту ўзялі транссэксуала», — зазначыў у інтэрвію Валянцін Сукала.
Пазьней старшыня Магілёўскага абласнога суда вынес вымову судзьдзі Станіславу Леўчанку за «распаўсюджваньне і прадстаўленьне інфармацыі па справах, якія знаходзяцца ў вытворчасьці суду».
Транссэксуал Дзьмітры: Я не разумею гэтай газэты, што я ёй зрабіў
Герой ужо шматлікіх публікацыяў Дзьмітры ня рады вядомасьці, якая на яго неспадзявана абрынулася. Першая фраза, якую ён сказаў журналісту была: «Ня хочацца думаць пра самазабойства. Мацуюся пакуль».
На бальшыню пытаньняў Дзьмітры адказваў словамі «так» і «не».
На вестку пра намаганьні праваабаронцаў заступіцца за прыватнае жыцьцё вясковец адрэагаваў з удзячнасьцю, аднак тут жа пагадзіўся, што лепей бы яго пакінулі ўсе ў спакоі:
«Так, усё нармальна ў мяне, але адчуваецца, што за сьпінаю мяне судзяць. Вось нядаўна мне казалі, што 27 студзеня нібыта зноў пісалі пра мяне. Я не разумею гэтай газэты, што я ёй зрабіў. Правяралі ж умовы пражываньня, усё нармальна сказалі. Хацелася б, каб газэта напісала абвяржэньне ці выбачалася», — зазначыў Дзьмітры.
Жанчына, якая дапамагла адшукаць Дзьмітрыя, на пытаньне, як ён жыве, адказала: у справы чужой сям’і ня ўмешваюся. Публікацыяў пра суседа па доме суразмоўніца не чытала, тым ня менш зазначыла, што гутаркі пра асаблівасьці ягонага інтымнага жыцьця вядуцца. Паводле жанчыны, некаторыя кажуць пра Дзьмітрыя, што ён — «яно».
«Аднак у вочы яму нічога кепскага ня кажуць. Я прынамсі ня чула. Дзьмітры даволі дабрадушны чалавек. Дапамагае жанчыне, зь якой жыве, на фэрме. Позна прыходзяць да хаты. Сваркі ў іх бываюць, але ў каго іх няма», — зазначыла суразмоўніца.
Пра ўмовы, у якіх жывуць дзеці сужыцелькі Дзьмітрыя, суседка адзначае: Дзеці адзетыя і абутыя. У іх выглядзе няма такога, што зь іх зьдзекуюцца".
Жанчына таксама не разумее, чаму да Дзьмітрыя прычапіліся. Кажа гэтак жа, як і Дзьмітры: пакінулі б яго ў спакоі...