Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці сьмяротны прысуд за год: у Гомелі на сьмерць асудзілі забойцу дзьвюх дзяўчат

абноўлена

Калегія Гомельскага абласнога суду 19 траўня прыгаварыла да сьмяротнага пакараньня (расстрэлу) 33-гадовага гамельчука Сяргея Вострыкава.

Ён прызнаны вінаватым адразу па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу — згвалтаваньне, гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару, выкраданьне чалавека, забойства з асаблівай жорсткасьцю з мэтай схаваць іншае злачынства, крадзеж.

Ахвярамі мужчыны з маніякальнымі схільнасьцямі сталі ягоныя каляжанкі зь фірмы «Шклолюкс» — 25-гадовая Алеся Панцялеева і 27-гадовая Аляўціна Мішурыкава.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму акалічнасьці забойстваў не агалошваюцца. Вядома толькі, што мужчына шляхам падману завабліваў жанчын у аўтамабіль, завозіў у гараж, гвалтаваў і забіваў.

Бацькі Алесі Панцялеевай адразу пасьля абвяшчэньня прысуду гэтак адазваліся на вырак калегіі абласнога суду:

«Калі ня будзе адмены прысуду і вінаватага расстраляюць, то гэта будзе справядліва. А ў ідэале — лепш бы яго нам аддалі. Ён жа не пытаўся, што рабіць з нашай дачкою. І што б мы зь ім зрабілі, таксама ніхто не павінен у нас пытацца».

Сяргей Вострыкаў
Сяргей Вострыкаў

Зь першай ахвярай Сяргей расправіўся ў ліпені 2014 году. Амаль праз год пры падобных абставінах зьнікла і другая жанчына з ТАА «Шклолюкс». Уранку яна паехала на працу — і прапала. Тэлефон яе быў недасяжны, і муж зьвярнуўся ў міліцыю. Праваахоўнікі вызначылі аўтамашыну, у якой другая ахвяра ехала па горадзе. Машына належала Сяргею Вострыкаву. На працы яго характарызавалі станоўча, апрача таго, ён жанаты, мае трохгадовае дзіця. Але ранейшая біяграфія зьмяшчала крымінальную старонку: Вострыкаў быў судзімы за разбой. На волю выйшаў праз датэрміновае вызваленьне.

Падчас сьледзтва, паводле зьвестак СК, было праведзена звыш паўсотні разнастайных экспэртызаў і апытана каля двухсот сьведак.

Адвакат падсуднага Віктар Шландзікаў паведаміў, што яго падабаронны не адмаўляе забойстваў. Наадварот, нават аказваў дапамогу, каб яны былі раскрыты:

«Забойстваў мой падабаронны сапраўды не адмаўляе. Я не магу вам усяго расказаць, бо суд быў закрыты. Ёсьць, аднак, некаторыя артыкулы абвінавачаньня, якія можна аспрэчваць. Што падштурхнула падабароннага да такіх злачынстваў, ён толкам не патлумачыў. Альбо не схацеў патлумачыць. У судзе ж у яго таксама пра гэта пыталіся. Я шмат гадоў працаваў і судзьдзём, і цяпер вось адвакатам, і быў проста шакаваны такімі ўчынкамі — навошта гэта зрабіў? Шчыра кажу, не магу патлумачыць. На мой погляд, ня ведае гэтага дакладна й суд».

* * *

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе і на ўсёй постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль ужываецца сьмяротнае пакараньне. З 1991 году прыгаворана да расстрэлу больш за 400 чалавек. Лукашэнка памілаваў толькі аднаго асуджанага. Увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне Беларусь заклікалі АБСЭ і Эўразьвяз.

Прынамсі тры чалавекі застаюцца ў камэры сьмяротнікаў у Беларусі. 31-гадовы Сяргей Хмялеўскі асуджаны ў лютым да сьмяротнага пакараньня за забойства трох чалавек. У студзені таксама быў асуджаны на сьмяротнае пакараньне за забойства з асаблівай жорсткасьцю Генадзь Якавецкі, які ўжо атрымліваў сьмяротны прысуд за забойства ў 1990 годзе (пазьней прысуд замянілі на 15 год зьняволеньня, потым яшчэ 8 год за зьбіцьцё ў турме, пасьля выхаду на волю ён зьдзейсьніў яшчэ адно забойства). Выкананьня сьмяротнага прысуду за жорсткае забойства трох чалавек чакае Іван Кулеш. 6 траўня стала вядома пра выкананьне сьмяротнага прысуду адносна жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова. У сакавіку 2015 году ён прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве знаёмай дзяўчыны і прыгавораны да расстрэлу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG