Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мясакамбінатах у Магілёве і Бабруйску знайшлі карупцыю


Будынак Магілёўскага мясакамбінату
Будынак Магілёўскага мясакамбінату

У Магілёве і Бабруйску працягваюцца суды і сьледзтва па гучных крымінальных справах, распачатых супраць службовых асобаў мясцовых мясакамбінатаў.

26 траўня выканаўца абавязкаў намесьніка дырэктара Магілёўскага мясакамбінату была абвінавачана ў «крадзяжы шляхам злоўжываньня службовым становішчам, зьдзейсьненым у асабліва буйным памеры». Яна нанесла страты прадпрыемству ў памеры 1,4 мільярда рублёў.

Паводле Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці, абвінавачаная (яе імя не называецца) сплаціла страты падчас сьледзтва і застаецца пад вартай. Яе арыштаваная маёмасьць ацэньваецца больш як у мільярд рублёў. Са студзеня 2012 году па красавік 2015 году жанчына крала кілбасныя вырабы: прыкрываючыся правядзеньнем дэгустацыі кілбасных вырабаў, вывозіла іх за межы прадпрыемства.

Крымінальную справу супраць намесьніцы дырэктара распачалі летась у лістападзе. У верасьні затрымалі яе калегу, таксама намесьніка дырэктара, па такім самым абвінавачаньні.

У 2015 годзе крымінальную справу распачалі і супраць начальніка аддзелу збыту магілёўскага мясакамбінату: ён адпускаў прадукцыю прыватнаму прадпрыемству, якое мела пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасьць.

Па падазрэньні ў крадзяжы апынулася пад вартай загадчыца фірмовай крамы мясакамбінату — яна забірала выручку з касы. Страты ацэньваюцца ў мільярды рублёў.

Пётар Мігурскі
Пётар Мігурскі

Як кажа эканаміст Пётар Мігурскі, доўгі час магілёўскі мясакамбінат лічыўся «недатыкальным» прадпрыемствам для праваахоўных органаў. Экспэрт прыгадвае сытуацыю, калі браліся кантраляваць начныя развозы прадукцыі. Тады, кажа ён, былі выяўленыя шматлікія парушэньні, за якія трэба было б садзіць усю вярхушку прадпрыемства.

«Была дадзеная каманда не чапаць. І цяперашнія злоўжываньні, арышты, крымінальныя справы — гэта адгалосак тых часоў, той беспакаранасьці», — лічыць Пётар Мігурскі.

«Цяпер мы бачым шматмільярдныя страты, якія нясе праз крадзяжы прадпрыемства і дзяржава. Мяса — гэта ж спэцыфічны прадукт харчаваньня, які мае павышаны попыт. Службоўцы шукаюць магчымасьці абагаціцца за кошт прадпрыемства. Зразумела, не было належнага кантролю, што разьвязвала рукі несумленным людзям. А, як высьвятляецца, на гэтым прадпрыемстве іх сканцэнтравана дужа шмат. Яны мелі магчымасьць і ёю скарысталіся. У выніку пацярпела прадпрыемства і дзяржава».

У Бабруйску судзяць таксама дырэктара мясакамбінату Віктара Хадасевіча — за перавышэньне службовых паўнамоцтваў і злоўжываньне імі. Ён таксама пад вартай.

Паводле сьледзтва, з 2009 па 2014 год службовец незаконна паставіў у Расею прадукцыі на 33 мільярды рублёў. Угоды з расейскімі партнэрамі ён заключаў, ня маючы на тое права. Сьледзтва лічыць, што ён наўмысна не ўзгадняў сваіх дзеяньняў з дырэкцыяй мясакамбінату дзеля асабістай, карысьлівай зацікаўленасьці.

Хадасевіча таксама вінавацяць у тым, што ён у працоўны час шмат разоў накіроўваў сваіх падначаленых на будаўніча-мантажныя працы ў сваім доме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG