Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як і каму будзе спрыяць Лукашэнка на парлямэнцкіх выбарах


Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў, Алег Грузьдзіловіч.

Дракахруст: Учора Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па падрыхтоўцы і правядзеньні парлямэнцкіх выбараў даручыў выпрацаваць крытэры, якім павінны адпавядаць кандыдаты. Чакаецца, што іх будзе каля дзясятка. Прынамсі, два з тых крытэраў кіраўнік дзяржавы агучыў сам. «Ніхто ня стане аспрэчваць, што адным з крытэраў будучага кандыдата ў парлямэнт павінна зьявіцца пытаньне незалежнасьці нашай дзяржавы», — заявіў ён. Яшчэ адным з крытэраў стане імкненьне павышаць дабрабыт людзей «без правядзеньня незразумелых радыкальных шокавых рэформаў» на шкоду насельніцтву, дадаў Лукашэнка. «Трэба на такіх кандыдатаў рабіць стаўку. Калі ім будзе патрэбна падтрымка — значыць, трэба іх падтрымаць. Усё роўна, да якіх палітычных плыняў яны будуць належаць. Галоўнае, каб гэта былі сумленныя і прыстойныя людзі», — сказаў Лукашэнка.

Гэтыя яго заявы спараджаюць шэраг пытаньняў.

Экспэрты і нават самі апазыцыйныя палітыкі выказвалі сумную ўпэўненасьць, што сёлетнія выбары пройдуць як заўжды, што краіна атрымае чарговую стэрыльную Палату прадстаўнікоў. А ўлада чамусьці пераймаецца, выдумляе нейкія новыя падыходы, новыя абмежаваньні. Можа, ведае нешта, перасьцерагаецца ад нечага, чаго ня ведаюць пэсымісты. Можна здагадацца, што менавіта — узровень жыцьця. Экспэрты лічаць, што на выбары гэта не паўплывае, улада не настолькі ўпэўненая ў гэтым.

Другі момант — разнабой у дзеяньнях улады. ЦВК актыўна дэманструе (ці імітуе) гатоўнасьць, прынамсі часткова, прымаць прапановы АБСЭ па рэфармаваньні выбарчага працэсу. А тут выходзіць кіраўнік дзяржавы і шчыра заяўляе, што ўлада будзе выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс. Здавалася б, ёсьць рэчы, якія робяць, але пра якія не гавораць. Асабліва калі хочацца пусьціць пыл у вочы замежнікам.

Мая гіпотэза, што гэта своеасаблівая рэакцыя на халодны прыём, аказаны прэзыдэнту ў Рыме, дзе час сустрэцца зь ім знайшоў толькі намінальны кіраўнік Італіі. Маўляў, вы мяне не паважаеце, ну, дык і мне пляваць тады на вашы парады.

Трэці момант найбольш зразумелы. Кандыдаты павінныя быць ляяльныя беларускай дзяржаўнасьці. Гэтае патрабаваньне якраз выглядае разумным, выглядае прызнаньнем небясьпекі «русского мира» і яго адэптаў. Аднак ня выключана, што гэта — частка гульні з Захадам, якая ўсё ж працягваецца. Гэткае пасланьне: бачыце, «русский мир» наступае, расейская «пятая калёна» рвецца да ўлады, не да раскошаў дэмакратыі нам, дзяржаву ратаваць трэба. Ну, а пад гэтым соўсам можна не пускаць да ўлады ўсе астатнія «калёны», якія не падабаюцца.

Ну, і нарэшце — пра прыхільнікаў радыкальных рэформаў. Крытэр дзіўны — калі носьбіты такіх ідэяў такія небясьпечныя ва ўладзе, то нашто цяпер трымаць іх — нашто трымаць на пасадах Рудага, Мацюшэўскага, Калаўра? І ўвесь час лаяцца зь імі. Калі «незразумелыя радыкальныя шокавыя рэформы» гэтак відавочна шкодныя насельніцтву, ну дык народ жа сабе ня вораг і сам не падтрымае такіх «шкоднікаў» без парадаў начальства. Выглядае, што гэты пункт — нейкае рэха «бойкі бульдогаў пад коўдрай» у самой уладзе, жэст прэзыдэнта ў бок кансэрватыўнай часткі яго атачэньня.

Цыганкоў: Руды, Малішэўскі — гэта не Раманчук і ня Злотнікаў. Не такія яны страшныя і зацятыя рэфарматары, каб Лукашэнка ня мог іх цярпець і гадамі зь імі публічна спрачацца. Гэта спрэчка начальніка з падначаленым, і падначаленыя цалкам разумеюць сваю ролю і чырвоныя сьцяжкі, за якія ня варта заходзіць.

Цяпер для Лукашэнкі складаная сытуацыя, гульня — у выбарчай кампаніі выканаць дзьве задачы. Неяк правесьці гэтыя выбары са звычайным вынікам, і пры гэтым — працягнуць трэнд на «нармалізацыю» адносін з Захадам і не сапсаваць яго. Іх трэба выканаць адначасова і не сарваць ні адну, ні другую. Вакол гэтага і ідзе ўся гульня: і са зьменамі ў выбарчы кодэкс, і з тым, што беларускае кіраўніцтва робіць тут то крок наперад, то назад. Магчыма, сапраўды нейкая інстынктыўная рэакцыя на візыт у Італію была агучаная, але, думаю, яна ня зьменіць агульную стратэгічную лінію. Хацелася б афіцыйнаму Менску атрымаць калі не ўхваленьне, дык лепшую, чым заўсёды, рэакцыю Захаду на правядзеньне гэтых выбараў.

Супольная заява прадстаўнікоў дэмакратычных сіл — Юрася Губарэвіча, Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзькі, Уладзімера Някляева, Віталя Рымашэўскага, Міколы Статкевіча, Аляксея Янукевіча — адносна ўмоў правядзеньня ў Беларусі парлямэнцкай кампаніі мае некалькі пунктаў. Самы істотны вось гэты. «Існуе небясьпека, што ўлады, адхіліўшы прапановы АБСЭ БДІПЧ і не зрабіўшы рэальных крокаў па дэмакратызацыі, падвышэньні празрыстасьці выбарчага працэсу, прызначаць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў грамадзян, якіх паспрабуюць выдаць за прадстаўнікоў апазыцыі. Для нас падобны падыход зьяўляецца абсалютна непрымальным, які толькі закансэрвуе сытуацыю адсутнасьці рэальных выбараў у Беларусі», — гаворыцца ў гэтай заяве. Самай галоўнай інтрыгай будзе — ці прапусьцяць каго з апазыцыі ў Палату прадстаўнікоў і ці будзе гэта рэальнай апазыцыяй.

Грузьдзіловіч: Вы закранулі цікавую тэму — тайну вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты. У савецкія часы, калі сам працаваў у газэце «Інтэграл» на вялікім прадпрыемстве, тады так вылучалі кандыдатаў у раённыя дэпутаты, абласныя і г.д. Паколькі органы прадстаўнічай улады зусім ня мелі ніякай рэальнай улады, то вылучалі нейкую ткачыху за прыгожыя вочы ці зборшчыка трактароў, які плян перавысіў.

Потым у 90-я гады пачалася рэальная барацьба за органы прадстаўнічай улады, за парлямэнт. Ну, канечне, калі прыйшоў да ўлады Аляксандар Лукашэнка, гэтую сыстэму ён паступова згарнуў, бо яна небясьпечная вылучэньнем у парлямэнт змагароў, апазыцыянэраў. І ўсё гэта замянілася нейкай невядомай сыстэмай.

Хоць дэпутаты Нацыянальнага Сходу фактычна ня маюць ніякіх рэальных паўнамоцтваў, але дзе барацьба за тое, каб нейкі, напрыклад, старшыня райвыканкаму стаў дэпутатам? Бо гэта пэўнае павышэньне, і прэстыж, і грошы. Галоўнае — рэсурс адміністратыўна павялічыць.

Як усё ж такі ідзе гэтае вылучэньне — незразумела. Выканкамы там мясцовыя прапануюць, ці адміністрацыя прэзыдэнта, ці нейкія партыі набліжаныя? Таму я думаю, што гэтая прапанова Лукашэнкі якраз і скіраваная на нейкае ўрэгуляваньне гэтай сыстэмы. Павінны быць і нейкія крытэры вылучэньня, бо інакш будзе разнабой.

Сапраўды, гэта небясьпечна разбалянсаваньнем. То бок першае сіта — супраць прарасейскіх кандыдатаў, як той жа Ўлаховіч, які нядаўна заявіў, што будзе зьбіраць кангрэс патрыятычных сіл. Хоць дагэтуль яны ўвесь час кляліся, што Расея і Беларусь павінны быць адной краінай і такую мэту ставілі. І другое сіта — супраць занадта лібэральных людзей, якія могуць дысбалянсаваць беларускую сыстэму і прывесьці да вялікіх праблем.

Вельмі цікава, канечне, што яшчэ будзе ў гэтым сьпісе, акрамя гэтых двух пунктаў. Магчыма, будзе нешта такое наконт маёмасьці. Хутчэй за ўсё, яму не патрэбныя кандыдаты, якія маюць моцны бізнэс, як, напрыклад, сэнатар Паўлоўскі, і потым праз сваё сэнатарства ўзмацняюць свае бізнэс-пазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG