Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы ня едуць у Крым адпачываць. Выбіраюць Адэсу і Хэрсон


Адэса. Ілюстрацыйнае фота
Адэса. Ілюстрацыйнае фота

У Магілёве абвесткамі, расклеенымі ў людных месцах, запрашаюць гараджан адпачыць у Крыме. Прапануецца наведаць прыватны сямейны пансіянат і гасьцявыя дамы. Цана адпачынку — ад 90 да 120 умоўных адзінак, пазначана ў абвестках. Яшчэ трэба даплаціць адзін мільён 700 тысяч рублёў за праезд і турыстычную паслугу.

У турыстычнай фірме, якая заваблівае магілёўцаў у акупаваны Расеяй Крым, прызнаюць, што ахвочых наведаць тамтэйшыя дамы адпачынку вобмаль.

«Тэлефануе шмат людзей, але на дадзены момант ніводнага няма, хто б аплаціў адпачынак. Пакуль толькі цікавяцца», — сказалі ў турыстычнай фірме.

Пляж Адэсы, ілюстрацыйнае фота
Пляж Адэсы, ілюстрацыйнае фота

Суразмоўніца не пагадзілася, што дамы адпачынку ў Крыме пустуюць. Паводле яе, летась нямала беларусаў наведалі паўвостраў. Яна спаслалася на адну зь віцебскіх фірмаў, якая «кожныя дзесяць дзён вазіла аўтобусамі ахвотных адпачыць у Крыме».

«Хто вам сказаў, што там пустуюць дамы адпачынку? Там усё цудоўна. Людзі адпачываюць», — сказала супрацоўніца турфірмы.

Паводле яе, ніводзін з тых, хто цікавіўся адпачынкам у Крыме, не запытаўся пра яго наступствы. На пытаньне, ці папярэджваюць у турфірме ахвотных адпачыць у Крыме, што ў выпадку ўезду ў яго з боку Расеі яны рызыкуюць падпасьці пад забарону на ўезд ва Ўкраіну, пэўнага адказу не далі.

Абвестка з запрашэньнем наведаць Крым на слупе ў Магілёве
Абвестка з запрашэньнем наведаць Крым на слупе ў Магілёве

Бальшыня магілёўскіх турыстычных фірмаў не разглядаюць адпачынак у Крыме як пэрспэктыўны. Адзначаецца, што ня многія важацца на доўгі пераезд. Такое тлумачэньне найбольш характэрнае.

«Ехаць трэба праз тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі каля 40 гадзін. Ёсьць праблемы зь пераправай. Шмат часу займае таксама. Для турыстаў гэта дужа нязручна. Прамы праезд праз тэрыторыю Ўкраіны цяпер закрыты. Людзі тэлефануюць, цікавяцца, але няшмат гатовых ехаць у Крым», — сказалі ў адной з турыстычных фірмаў.

Паводле ейнага супрацоўніка, магілёўцы выбіраюць адпачынак на ўзьбярэжжы Чорнага мора ў Адэскай і Хэрсонскай абласьцях.

Што да пагрозаў стаць неўязным ва Ўкраіну праз адпачынак у Крыме, суразмоўца сказаў, што спраўдзіць, ці адпачывалі беларусы ў Крыме, немагчыма.

«У нас жа бязьвізавае наведваньне Расеі, адпаведна, ніякіх штампаў няма», — сказаў супрацоўнік турыстычнай фірмы.

Пляж Судака, ілюстрацыйнае фота
Пляж Судака, ілюстрацыйнае фота

Пра рызыку стаць неўязным ва Ўкраіну праз наведваньне Крыму з расейскага боку казаў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Дзьмітры Мірончык.

«Пры наведваньні Крыму праз тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі грамадзянам Беларусі варта мець на ўвазе, што гэта можа стаць падставай для адмовы ва ўезьдзе на тэрыторыю Ўкраіны і прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці згодна з украінскім заканадаўствам», — сказаў на брыфінгу 17 сакавіка Дзьмітры Мірончык.

Грамадзяне Беларусі страцілі традыцыйны адпачынак у Крыме, ёмістасьць якога складала больш за 1,2 мільёна беларускіх турыстаў у год. Прычынай таму стаў канфлікт ва Ўкраіне.

Пра гэта сёлета казаў прадстаўнік Расейскага саюзу турындустрыі ў Беларусі Філіп Гулы.

Паводле Гулага, Беларусь — досыць ёмісты рынак для збыту турыстычнага прадукту Расейскай Фэдэрацыі. З 10 мільёнаў насельніцтва краіны прыкладна 2 мільёны — актыўныя турысты зь сярэднім чэкам на падарожжа 550–620 даляраў. Аднак расейскі турыстычны прадукт у Беларусі невядомы наагул і беларусам не зразумелы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG