Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лунінецкім раёне апазыцыянэраў забіраюць у войска у час выбараў


Віталь Каратыш з дачкой Алісай
Віталь Каратыш з дачкой Алісай

Грамадзкага актывіста Віталя Каратыша з Кажан-Гарадку і сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Леаніда Дубаносава зь Мікашэвічаў адначасова забіраюць на вайсковыя зборы. Дэмакратычныя актывісты мяркуюць, што такім чынам улады хочуць засьцерагчыся ад іх удзелу ў парлямэнцкіх выбарах.

Віталь Каратыш і Леанід Дубаносаў ужо прайшлі мэдычную камісію ў Лунінцы і ім паведамілі, што накіроўваюць на вайсковыя зборы ў ракетныя войскі на месяц.

Малое дзіця службе ў войску не перашкода

Як распавёў Свабодзе Віталь Каратыш, забраць яго на вайсковыя зборы не замінае нават тое, што ягонай дачцэ цяпер толькі 2 месяцы.

«Думаў, што ў ваенкамаце растлумачу, што ў мяне малое дзіця, выклічце мяне на наступныя зборы, або адтэрміноўку дайце, каб дзіцяці было хаця б месяцы 4. Каб не так страшна было пакідаць жонку адну. На гэта мне сказалі, што па законе маюць права забраць і мне адтэрміноўка не патрэбная,» — кажа Віталь Каратыш.

Дэмакратычны актывіст лічыць свой прызыў у войска палітычным:

«Хутчэй за ўсё гэта зьвязана з палітычнымі поглядамі. Нас у ваенкамат выклікалі разам зь Леанідам Дубаносавым зь Мікашэвічаў. І гэта такое дзіўнае супадзеньне, што мы жывем у розных населеных пунктах, але мы зь ім у адным сьпісе і нас шукаюць разам. Хутчэй за ўсё, такім чынам нас хочуць затрымаць на час выбараў,» — мяркуе Віталь Каратыш.

Віталь Каратыш прыносіць прысягу ў 2008 годзе
Віталь Каратыш прыносіць прысягу ў 2008 годзе

Пры гэтым, кажа Віталь Каратыш, ён і не зьбіраўся ўдзельнічаць у гэтых парлямэнцкіх выбарах:

«На гэтых выбарах я не зьбіраўся балятавацца, таму што зараз мне больш часу сям’і трэба ўдзяляць. Таму я вырашыў прапусьціць гэтую кампанію. І больш таго, у мяне пэўныя людзі, зьвязаныя з выканкамам, запытвалі, ці буду я прымаць удзел. Я і казаў, што не буду ўдзельнічаць, бо ад палітыкі часова адышоў, пакуль займаюся сям’ёй. Але, нягледзячы на гэта паўстала такая сытуацыя з прызывам».

Спадар Каратыш кажа, што прызыў на зборы прымусіў яго задумацца аб вылучэньні ў кандыдаты ў дэпутаты:

«Калі я так надта палохаю кагосьці, то магу сваё рашэньне зьмяніць. Калі так ужо баяцца, то можа сапраўды мае сэнс паспрабаваць?»

Віталь Каратыш у часе выбарчай кампаніі 2012 году сустракаецца з выбарцамі
Віталь Каратыш у часе выбарчай кампаніі 2012 году сустракаецца з выбарцамі

На парлямэнцкіх выбарах 2012 году Віталь Каратыш быў кандыдатам у Лунінецкім раёне. Тады, нават паводле афіцыйных дадзеных, ён перамог у родным Кажан-Гарадку:

«Тады ў часе падліку галасоў, калі высыпалі скрыню датэрміновага галасаваньня, то там я прайграваў кандыдату ад улады. Але калі высыпалі скрыню для галасаваньня ў дзень выбараў, то я перамог з такім ашаламляльным адрывам, што гэта перакрыла папярэдняе галасаваньне. Людзі тады пайшлі галасаваць у дзень выбараў, бо мы ім гэта растлумачылі».

Тым ня меней, на іншых участках акругі, дзе было значна менш назіральнікаў Віталя Каратыша, была абвешчаная перамога праўладнага кандыдата і апазыцыянэр у парлямэнт не прайшоў.

Як падводнік стане ракетчыкам

Яшчэ адзін апазыцыянэр з Лунінецкага раёну, якога забіраюць на вайсковыя зборы — Леанід Дубаносаў з Мікашэвічаў.
Леанід Дубаносаў — адзін з актыўных ініцыятараў рабочага пратэсту на прадпрыемстве «Граніт» у 2011-2012 годзе. Пасьля гэтага пратэсту ён у ліку іншых пратэстоўцаў быў звольнены з прадпрыемства. У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году працаваў на кандыдатку Тацьцяну Караткевіч, зьяўляецца сябрам «Гавары праўду» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Леанід Дубаносаў
Леанід Дубаносаў


Спадар Дубаносаў распавёў, што позву ў ваенкамат яму прынесла цэлая дэлегацыя на чале з міліцэйскім начальствам:

«Уручыць позву мне прыйшлі некалькі чалавек — з гарвыканкаму прадстаўнік, начальнік міліцыі, яшчэ тры міліцыянты, нейкі чалавек у цывільным. Ледзь не пад відэакамэру ўручалі позву. Потым я ўжо пытаўся людзей, якіх таксама ў ваенкамат выклікалі, як ім прыносілі позву. То кажуць, што як звычайна — у паштовай скрыні ляжала. Гэта толькі мне такая дэлегацыя прынесла. Толькі што хлеба-солі і аркестру вайсковага не хапала».

Тое, што спадара Дубаносава забіраюць на вайсковыя зборы, ён, як і Віталь Каратыш, зьвязвае з надыходзячай выбарчай кампаніяй.

«Ужо ў ваенкамаце калі стаялі ў чарзе, выйшаў афіцэр і сказаў, каб Дубаносаў і Каратыш ішлі без чаргі. Ну то гэта ж яўна нешта тут дзіўнае, калі вось менавіта нас разам у адным сьпісе трымаюць,» — кажа апазыцыянэр.

Леанід Дубаносаў у Мікашэвічах у часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2015 году
Леанід Дубаносаў у Мікашэвічах у часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2015 году

Нягледзячы на вайсковыя зборы, Леанід Дубаносаў свайго рашэньня ўдзельнічаць у выбарах не адмяняе:

«Ужо рашэньне прынятае, я буду вылучацца кандыдатам у парлямэнт. Канешне, трэба будзе зьбіраць подпісы, абыходзіць людзей, а мяне адрываюць. Але нічога, усё атрымаецца. Улады проста спужаліся мяне і Віталя Каратыша».

Леанід Дубаносаў служыў на падводнай лодцы ў марфлёце ў пэрыяд распаду Савецкага саюзу ў 1989-1992 гадах. Цяпер ён сьмяецца, што з-за палітычнай дзейнасьці падводніку давядзецца пабыць і ракетчыкам:

«Забіраюць нас у ракетныя войскі. Глядзіш, ракетамі кіраваць навучаць. Справа ў тым, што званьне ў мяне не мяняецца — галоўны карабельны старшына. Цікава будзе гучаць у ракетных войсках,» — жартуе спадар Дубаносаў.

Аднаўляюцца «палітычныя» прызывы ў войска?

Вайсковец тэрміновай службы Віталь Каратыш быў кандыдатам у дэпутаты
Вайсковец тэрміновай службы Віталь Каратыш быў кандыдатам у дэпутаты

Віталь Каратыш ідзе ў войска, як ён кажа з-за палітыкі, ужо ня першы раз. Калі ў 2008 годзе ён вырашыў паўдзельнічаць у выбарах, яго прызвалі на тэрміновую службу:

«Мне падаецца, што ў нас у Беларусі прынята працаваць па старым шаблёне. Вось, некалі спрацавала, то вырашылі нічога новага не выдумляць, а забіраць у войска. Вось і гэта нагадвае маю кампанію 2008 года, калі я тэрмінова спатрэбіўся ў войску. Гэта быў такі гучны прэцэдэнт, калі ўпершыню кандыдатам у парлямэнт быў салдат тэрміновай службы. Нават Ярмошына тады казала, што патрэбна нейкія зьмены ў выбарчы кодэкс уносіць, бо не прадугледжаныя такія спэцыфічныя ўмовы,» — кажа Віталь Каратыш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG