Прэзэнтацыя кнігі публікацыяў пра беларускую мову на сайце Радыё Свабода «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» пройдзе 19 траўня ў менскай Галерэі «Ў», пачатак у 18:30.
У праграме — словы аўтара і першых чытачоў, відэа моўных апытаньняў на менскіх вуліцах, моўны конкурс, беларуская музыка. Свабода вядзе трансьляцыю.
Пра новую кнігу аўтар распавядаў Міхасю Скоблу ў інтэрвію, у якім казаў: «Бяз моўнага ўчынку нам ня быць народам».
Водгукі на кнігу «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» далі розныя беларускія аўтары: Пётра Садоўскі, Аляксей Сапрыкін, Уладзімер Арлоў, Надзя Старавойтава, Ірына Дубянецкая.
Відэаперадачы, а таксама тэкставыя публікацыі Вінцука Вячоркі можна паглядзець на сайце Свабоды, паслухаць аўдыёперадачы — адным плэйлістом на Soundcloud.
Прэзэнтацыю адкрыў кіраўнік Менскага бюро Радыё Свабода Валянцін Жданко: «Кніга адметная найперш сваім аўтарам. Вінцук Вячорка — гэта імя!». Спадар Жданко адзначае, што прэзэнтацыя адбываецца напярэдадні 62-х угодкаў Радыё Свабода. «Тэма беларускай мовы заўжды застанецца з Радыё Свабода, як бы далей Радыё не разьвівалася».
Вячорка: «Памятаю, як у 1970-80-я гады лавіў „Радыё Свабода“, каб пачуць Арсеня Загорнага, Язэпа Барэйкі — пачуць тую невымоўную прыгажосьць не сапсаванай саветызацыяй беларускай мовы. Наўрад ці мог сабе ўявіць, што і мне калісьці давядзецца на тых жа хвалях сказаць свае слова дзеля беларушчыны».
Вячорка: «Гэтая кніжка — сьціплае падсумаваньне таго, што рабілася і зьбіралася ўсё жыцьцё». Аўтар згадаў мовазнаўцаў, якія ўжо адышлі на той сьвет — Юрася Бушлякова і Зьмітра Саўку. Ён зьвярнуўся да наступных выступоўцаў: «Не хваліце кнігу, а пакажыце пэрспэктыву... Не судзіце строга, у перавыданьнях будзем дбаць пра ідэальнасьць».
Людзей поўная заля. Ёсьць мастак Алесь Шатэрнік, гісторык Генадзь Сагановіч, літаратуразнаўца Міхась Скобла, перакладчык Лявон Баршчэўскі. Заля сьмяецца, калі людзі ў вулічным апытаньні кажуць, што «зьнічка» — гэта «клубника или земляника»
Вячорка: «Мы нездарма прасілі людзей на вуліцах перакласьці выраз „агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця“. Пыталіся, ці гэта ўласьцівае нашаму мэнталітэту. І ведаеце: ніводзін не пагадзіўся!»
Сяргей Дубавец: «Я ішоў і думаў, ці трэба такую кніжку перакласьці па-расейску. Але неяк мы за апошнія дзесяцігодзьдзі надумаліся, што ёсьць расейскамоўная аўдыторыя, якая нічога не разумее па-беларуску. І ёсьць нейкія выбраныя „мы“, якія ўсё па-беларуску вывучылі. Насамрэч, мова ў крыві, у мэнтальнасьці, падкорцы. У нас няма падставаў сябе вылучаць са свайго 10-мільённага народу, які жыве на гэтай зямлі. Мы адзін народ. Я — беларус, ты — беларус. Ты жывеш у Беларусі, я жыву ў Беларусі. Я вельмі рады, што прыходзіць час, калі гэтыя расколы пачынаюць рассмоктвацца, і мы перастаем быць вылучанымі з народа элітамі».
У аўдыторыі зладзілі моўны тэст: Як зьвярнуцца да Ластоўскага? Правільны адказ не Вячаслаў Усьцінавіч, а Пане Вацлаве і Спадару Вацлаве.
Вінцук Вячорка кажа, што пабойваецца лінгвістычнага меркаваньня Ірыны Дубянецкай, але просіць яе «крытыкаваць». Ірына Дубянецкая бярэ слова і называе выданьне — «кніга-сьвята», «гурманская кніга».
Кніга-небясьпека для ўсіх, хто ня любіць неспадзеўкі і хоча ўсё трымаць пад кантролем — кажа Дубянецкая. ...Кніга-падручнік, да якога кожны раз можна вярнуцца па зьвесткі і правілы.
Кніга-дакор, — кажа Дубянецкая. — Дакор — мне. Я гадоў дваццаць выношвала ідэю кнігі, якая тлумачыла б, як лепей абыходзіцца з мовай. Трэба працаваць з такімі рэчамі, як калі чалавек пачынае гаварыць па-беларуску ў сталым узросьце, то ў яго ў галаве ўключаецца «гугл-транслэйт», расейскія словы замяняюцца на беларускія, але мова беларускай ня робіцца.
Напрыклад, «згубіць» і «страціць» — гэта розныя словы.
Праблемаў з мовай няма ў тых, хто мовай не карыстаецца, — Дубянецкая.
За сто гадоў мы не зрабілі акадэмічнага слоўніка хаця б на 100 тысяч словаў, — кажа Дубянецкая. — У выніку мова абцінаецца, зьмяншаецца, сьціскаецца на тыя 40 тысяч, якія ў старых малых слоўніках. Калі нават хтосьці будзе чытаць Купалу, то заўважыць, што як мінімум траціна мовы Купалы не ўваходзіць у сучасную мову.
Дубянецкая згадвае айца Аляксандра Надсана, які ў «знаўцаў беларускай мовы» пытаўся, што такое «балазе»? І людзі згіналіся. «А цяпер у мяне людзі пытаюцца, што такое «прынамсі»? — Дубянецкая.
Прыхаваныя лексычныя багацьці нашай мовы прападае, калі мысьліш калькамі з расейскай. У нас ёсьць і маляваць і рысаваць. Малюнак — гэта аб’ёмны твор, рысунак — графічны, бо «рысы», — кажа Вячорка.
Запрасілі да выступу Алеся Камоцкага. На просьбу Вінцука Вячоркі ён прасьпяваў «штосьці са старэнькага». Камоцкі пачаў зь песьні на верш Сяргея Дубаўца.
Вячорка: Мова — гэта не гаечны ключ на дванаццаць. Гэта канцэнтрат прыгажосьці, пасланьне нашчадкам, гэта сэнс жыцьця!
Бяляцкі да Вячоркі — «Рознабаковасьць Вінцука дае мне права запісаць яго ў лік адраджэнцаў... Калі ёсьць людзі, якія, як ледакол, ламаюць лёд, а за імі ідуць усе астатнія, і нам хочацца жыць і хочацца пісаць... Мова тут не скальпэль, а як турэцкая шабля — уся ў каштоўных камянях».
Бяляцкі — «Гістарычны лёс мовы моцна зьвязаны з палітычнай будучыняй Беларусі».
Пётра Садоўскі, мовазнаўца і дыплямат — Кніжка адрасаваная маладым людзям. Клясная для адукацыі.
Садоўскі заўважае, што супрацьпастаўленьне беларускай і расейскай мовы шмат каму не спадабаецца. У самога Садоўскага да яго таксама ёсьць заўвагі.
«Калі гаварыць пра этычныя і эстэтычныя вартасьці мовы, рацыю маю той, хто ўвесь час карыстаецца мовай... Чытаючы Вячорку, трэба яму давяраць, таму што ён носьбіт мовы ў шырокім сэнсе».
Вінцук Вячорка падзякаваў усім, хто наведаўся ў залю, і заахвоціў усіх рабіць «моўны ўчынак».
«У нашай канкрэтнай сытуацыі моўны ўчынак — гэта штодзённае гаварэньне па-беларуску. Калі нам з вамі гэта ўдасца, то, можа, і небясьпека, якая навісла над нашай бацькаўшчынай, крыху адступіцца».
На разьвітаньне гучыць песьня ад Алеся Камоцкага.