Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская аплікацыя, створаная для знаёмстваў, можа пакласьці канец ананімнасьці


Мабільная аплікацыя для распазнаваньня асобаў, якая выклікала фурор у Расеі,можа пакласьці канец ананімнасьці ў публічных месцах, піша сёньняшняя The Guardian.

Аплікацыя для мабільных тэлефонаў FindFace запушчаная ў Расеі два месяцы таму. Яе стваральнікі 26-гадовы Арцём Кухарэнка і 29-гадовы Аляксандр Кабакоў.

Яны прэзэнтуюць сваё вынаходзтва як «інавацыйную сыстэму знаёмстваў, якая дазваляе знайсьці новых сяброў і сябровак у сацыяльнай сетцы Вконтакте празь іх фатаграфіі». Загрузіўшы фота чалавека, які вам спадабаўся, можна знайсьці падобных да яго людзей у сацсетцы і паслаць ім паведамленьне. Дакладнасьць будзе павялічвацца, калі вы дадасьцё іншыя парамэтры — напрыклад, узрост ці горад.

За кароткі час FindFace сабраў 500 тысяч карыстальнікаў, якія зрабілі амаль 3 мільёны пошукаў. Аўтары, аднак мяркуюць, што галоўнай крыніцай ад продажу іх тэхналёгіі распазнаваньня людзей стануць праваахоўныя органы і сэктар гандлю. Справа ў тым, што акрамя разгадкі імя «таемнай незнаёмкі» FindFace дазваляе карыстальніку фатаграфаваць людзей у натоўпе і ўстанаўліваць іх асобы з 70-працэнтнай дакладнасьцю, піша маскоўскі карэспандэнт The Guardian Шон Уокер.

Аўтары паведамілі газэце, што зь імі ўжо зьвязаліся паліцэйскія з расейскіх рэгіёнаў, якія пачалі загружаць фатаграфіі падазраваных або сьведкаў у FindFace і атрымалі пэўныя вынікі. Распрацоўшчыкі таксама рыхтуюцца падпісаць пагадненьне з уладамі Масквы, якія зьбіраюцца выкарыстаць магчымасьці аплікацыі для аналізу матэрыялаў 150 тысяч камэраў відэаназіраньня (у выпадку зьдзяйсьненьня злачынства).

«Ня трэба вялікай фантазіі, каб уявіць сабе злавеснае прымяненьне аплікацыі: напрыклад, аўтарытарныя рэжымы атрымаюць магчымасьць вызначаць і ўстанаўліваць асобы удзельнікаў вулічных пратэстаў», — піша Уокер.

Кабакоў і Кухарэнка сьцьвярджаюць, што яны не атрымлівалі запрашэньняў да супрацоўніцтва з боку ФСБ, але, «калі ФСБ зьвяжацца з намі, вядома, мы разгледзім усе прапановы, якія ў іх будуць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG