Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ведаюць расейскія спэцслужбы — будуць ведаць і ў КДБ


 Павел Дураў
Павел Дураў

Стваральнік «Вконтакте» Павел Дураў пакінуў Расею. На гэтым тыдні ў Расеі была прынятая цэлая сэрыя захадаў, накіраваных на абмежаваньне свабоды ў інтэрнэце. Сытуацыю разглядае карэспандэнт нашага радыё Дэйзі Сіндэлар.

Дзе шукаць месца для вядзеньня бізнэсу звольненаму генэральнаму дырэктару самай папулярнай расейскай сацыяльнай сеткі? Вядома ж — у канкурэнта.

Мы выбіраем сабе новы дом, — напісаў Павел Дураў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук», якой ён практычна не карыстаўся з 2006 году, калі запусьціў свой надзвычай пасьпяховы расейскамоўны аналяг «Вконтакте» (ВК). Паводле Дурава, гэта павінна быць «дзяржава, якая дазволіла б нам разьвіваць нашы праекты з улікам свабоды слова і палітыкі неўмяшаньня» .

22 красавіка 29-гадовы Дураў заявіў, што пакінуў Расею пасьля таго, як быў вымушаны прадаць свае акцыі ў «ВК». Цяпер гэтыя акцыі знаходзяцца ў руках пракрамлёўскіх алігархаў Алішэра Ўсманава і Ігара Сечына.

Гэтая навіна, разам з заявай Дурава аб адмове перадаць уладам асабістыя дадзеныя карыстальнікаў, а таксама новыя жорсткія абмежаваньні, накладзеныя на інтэрнэт, выклікалі неспакой сярод расейскіх карыстальнікаў інтэрнэту У гэтай частцы сьвету, дзе СМІ падпарадкаваныя дзяржаве, інтэрнэт зьяўляецца жыцьцёва важным сродкам сувязі і крыніцай інфармацыі.

«Калі б не было інтэрнэту, я думаю, у нас проста ўжо даўно была б жалезная заслона» — кажа Ірына Халал, старшыня грамадзкай арганізацыі садзеяньня абароне правоў пацярпелых ад тэракту ў Валгадонску. Дзякуючы свайму сайту і сацыяльным сеткам Халал наладзіла трывалыя кантакты за мяжой і дамагаецца захаваньня правоў ахвяраў некаторых з найбольш вядомых тэрактаў у Расеі, у тым ліку Норд-Ост ў 2002 годзе і захоп школы ў Бэслане ў 2004.

— «Мы распаўсюджваем ўсю інфармацыю ў інтэрнэце. Нашы ўлады прыслухоўваюцца да гэтага і злуюцца, калі пачынаеш актыўна выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі». У 1999 годзе Халал была параненая ў тэракце ў Валгадонску. Некаторыя аналітыкі лічаць, што гэты тэракт быў сфабрыкаваны расейскімі органамі бясьпекі з мэтай справакаваць другую чачэнскую вайну.

Са стратай Дурава Расея губляе калярытнага, хоць і непакорлівага вундэркінда. Яго часта параўноўваюць з амэрыканскім заснавальнікам сеткі «Фэйсбук» Маркам Цукербэргам, хоць яго хлапечы выгляд і прыхільнасьць да чорных вадалазак хутчэй нагадваюць аднаго з заснавальнікаў Apple, цяпер нябожчыка Стыва Джобса, якога Дураў лічыць сваім кумірам.
Мы выбіраем сабе новы дом
Асабістае багацьце Дурава ацэньваецца ў 300 мільёнаў даляраў. Ён лічыць сябе аскетам, устрымліваецца ад спажываньня мяса і алькаголю ды паленьня цыгарэтаў. Тым ня менш яго дзеяньні адзначаюцца некаторай экстравагантнасьцю, як, напрыклад, інцыдэнт з папяровымі самалёцікамі, зробленымі зь пяцітысячных купюраў і выкінутых з вокнаў санкт-пецярбурскага офісу «ВК».


Сваёй папулярнасьцю сетка «ВК» шмат у чым абавязаная таму, што яна дае шырокі доступ да пірацкіх гульняў, фільмаў і музычных відэа. Аднак яе посьпех абумоўлены і тым, што ў постсавецкія часы на тле грамадзкіх зьменаў яе карыстальнікі атрымалі магчымасьць цесных зносін. Лічыцца, што разам з такімі блогавымі плятформамі як «ЖывыЖурнал», «ВК» стаў імпульсам да абуджэньня цікавасьці да мясцовай палітыкі і паслужыў каардынацыйным цэнтрам для дабрачыннай дзейнасьці.

Самае галоўнае, ён паслужыў нейкім віртуальным муніцыпалітэтам, які дазваляе апазыцыйным палітыкам выказаць свае погляды. Мяркуючы па ўсім, да падзеньня Дурава прывялі дзьве з групаў, якія склаліся ў «ВК» — група прыхільнікаў антыкрамлёўскага блогера Аляксея Навальнага і група пратэстоўцаў з украінскага Эўромайдану: Дураў адмовіўся перадаць асабістыя дадзеныя сяброў гэтых групаў у ФСБ.

Дураў, які разумее цану карпаратыўным свабодам, ня тое каб зусім не паддаваўся ціску. Сумна вядома, што перад несвабоднымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2010 годзе «ВК» выдаліла групу падтрымкі незалежнага кандыдата Андрэя Саньнікава. Таксама кажуць, што Дураў сыграў на руку Крамлю, прапанаваўшы працу Эдварду Сноўдэну. Летась супрацоўнік амэрыканскай выведкі Сноўдэн атрымаў ад расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна палітычны прытулак.

Нават ўцёкі Дурава з Расеі могуць быць расцэненыя як хітры стратэгічны ход, накіраваны на рэкляму яго найноўшай распрацоўкі — бясплатнага мэсэнджэра для смартфонаў «Тэлеграм», які ўтрымлівае надзейную сыстэму шыфраваньня. Сярод стваральнікаў «Тэлеграму» — матэматык і адзін з заснавальнікаў «ВК», брат Дурава Мікалай. Усяго за восем месяцаў колькасьць зарэгістраваных карыстальнікаў аплікацыі дасягнула 40 мільёнаў. Вэбсайт аплікацыі telegram.org абвяшчае: «мы вернем сабе права на прыватнае жыцьцё».

Чакаецца, што многія карыстальнікі «ВК» возьмуць прыклад з Дурава і пяройдуць на «Фэйсбук». Гэтая сацыяльная сетка налічвае больш за мільярд карыстальнікаў па ўсім сьвеце, спрашчаючы для расейскіх карыстальнікаў сувязь з сябрамі за мяжой.

Аднак ці ўдасца «Фэйсбуку», «Гуглу» і іншым замежным кампаніям ўтрымаць свае пазыцыі ў Расеі ў сувязі з штораз большым кантролем з боку Крамля? 22 красавіка Дзяржаўная Дума прыняла законапраект аб жорсткім абмежаваньні дзейнасьці сацыяльных сетак. Сярод іншага, дакумэнт абавязвае ўсе кампаніі на тэрыторыі Расіі, якія ўдзельнічаюць у распаўсюдзе інфармацыі ў сацыяльнай сетцы, дакладваць профільнаму рэгулятару (Роскомнадзору) аб сваёй дзейнасьці і захоўваць усю інфармацыю.

Прыхільнікі свабоды слова як, напрыклад, Камітэт па абароне журналістаў, лічаць, што гэтыя захады зьяўляюцца чарговай спробай Масквы «прымусіць замаўчаць апазыцыю». Халал адзначае, што ўжо назіраюцца перабоі ў працы паштовай скрыні Google Mail, а ў мінулым папулярная расейская сацыяльная сетка «Аднаклясьнікі» перапоўненая пракрамлёўскім і антыўкраінскім спамам.

Іншыя праваабаронцы спрабуюць заставацца аптымістамі. Адзін з асноўных абаронцаў Хімкінскага лесу, маскоўскі эколяг Яўгенія Чырыкава, называе інтэрнэт «незаменнай» прыладай.


У свой час у мэтах самаабароны Чырыкава разьмясьціла відэазварот на YouTube, у якім паведаміла, што ўлады спрабуюць адабраць у яе дзяцей. Асновай існаваньня апазыцыі Чырыкава лічыць тактыку апярэджваньня дзеяньняў Крамля прынамсі на адзін крок.

У выпадку з Навальным і апазыцыйным сайтам Грані.ру гэта азначала стварэньне новых люстраных сайтаў або шыфраваных каналаў замест заблякаваных. У выпадку з Чырыкаву, яе дзейнасьць звужваецца да практычна адзінай прыватна распрацаванай сацыяльнай сеткі «Активатика», з дапамогай якой Чырыкава і яе прыхільнікі арганізоўвалі агульнарасейскія кампаніі па ахове прыроды.

«У дадзены момант для мяне актуальная Активатика, Твітэр. Я не карыстаюся ЖывымЖурналам, таму што ён самацэнзуруецца. Напрыклад, яны ўзялі і зачынілі блог Аляксея Навальнага. Таму для мяне ЖивыЖурнал больш не існуе. Я перастала карыстацца Вконтакте, таму што цяпер, калі там няма Паўла Дурава, я не давяраю больш гэтай сацыяльнай сетцы» — кажа Чырыкава. — «Таму я лічу, што трэба ствараць сваё. І працягваць у тым жа духу і наогул — менш думаць пра нейкія абмежаваньні, а рабіць тое, што мы лічым патрэбным».

Беларуская Свабода мае 28326 падпісчыкаў укантакце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG