Днепрапятроўск і Адэса могуць прыняць Эўрабачаньне-2017, заявілі мэры гэтых гарадоў — Барыс Філатаў і Генадзь Труханаў адпаведна. Таксама пра гатоўнасьць прыняць песенны конкурс заявілі мэры Кіева і Львова.
Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі.
Барыс Філатаў напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што ў Днепрапятроўску, у прыватнасьці, разьвітая інфраструктура і гэта «сэрца казацкага краю». Ён паведаміў, што рыхтуе адпаведнае прадстаўленьне аб правядзеньні конкурсу да прэмʼер-міністра.
Мэр Адэсы Генадзь Труханаў выказаў упэўненасьць, што Ўкраіна прыме Эўрабачаньне на высокім узроўні.
«Пляцоўкай, годнай правядзеньня такога прэстыжнага конкурсу, цалкам можа стаць наша Адэса», — цытуюць СМІ паведамленьне мэра ў фэйсбуку.
Мэр Кіева Віталь Клічко раней выказаў перакананьне, што конкурс адбудзецца ў Кіеве.
«Кіеў у другі раз будзе прымаць Эўрабачаньне, і мы зробім усё, каб ажыцьцявіць неабходную падрыхтоўку і правесьці конкурс на высокім узроўні. Мы ўжо пачынаем рыхтавацца», — цытуе спадара Клічко агенцтва УНІАН.
У той жа час мэр Львова Андрэй Садавы таксама заявіў, што горад гатовы пры неабходнасьці прыняць конкурс.
«Важна, каб рашэньне, у якім горадзе будзе праходзіць наступны песенны конкурс, было з пункту гледжаньня выйгрышу дзяржавы, якую Ўкраіну мы хочам паказаць», — сказаў ён у камэнтары тэлеканалу 112.
«Калі будзе неабходнасьць, Львоў правядзе [Эўрабачаньне] на высокім узроўні», — сказаў Андрэй Садавы.