У Беларусі чарговую гадавіну Перамогі адзначаць маштабнымі ўрачыстасьцямі з парадам, салютам ды народнымі гуляньнямі. Ня ўсім, каму давялося перажыць фашысцкую акупацыю, хто зьведаў, якая яна, як пісаў Алесь Адамовіч «Вайна пад стрэхамі», знойдзецца месца на тых імпрэзах. Старыя і ўжо нямоглыя людзі з аддаленых вёсках і абласных гарадоў дажываюць свае гады забытымі цяперашняй уладай.
«У нас не было дзяцінства», — гамяльчанка Раіса Мяцеліца
Раісе Сьцяпанаўне Мяцеліцы 78 год. Жыве яна ў Гомелі, а калі ў яе роднай вёсцы Шупені Круглянскага раёну, што на Магілёўшчыне, нямецкія войскі паставілі свой гарнізон, Раісе ішоў пяты год.
«Мы жылі з маці і бацькам у хаце дзеда Васіля і бабулі Анэты. Бацьку ды некаторых іншых мужчын на фронт забраць чамусьці не пасьпелі. У вёсцы пасяліліся трывога — гэта адчувалася ў гутарках старэйшых, у нейкай мітусьні. Немцы былі на машынах, на матацыклах, на конях. І аўчаркі ў іх былі.
З лепшых хатаў вяскоўцаў павыганялі: у іх сталі жыць заваёўнікі. Выгнаньнікі ж туліліся альбо ў лазьнях, альбо ў сваякоў ці суседзяў. У нашу хату дабавілася сям’я з шасьці душ — двое дарослых і чацьвёра дзяўчатак. І пасялілася ў хаце просьба: «Мама, хлеба».
Я й сама, пэўна, так прасіла. Памятаю нават імёны ўсіх дзяўчатак, бо я зь імі гуляла ў двары: Каця, Галя, Ліда, Марыя. Маці іх Прузына, а бацька — Яўхім. Іхнюю хату праз дарогу немцы аблюбавалі пад сталоўку. Адтуль часам смачна пахла, але хадзіць туды мы баяліся.
Аднекуль да нас прыходзіў рослы немец са стрэльбай, бразгаў пустою каструляю і патрабаваў у бабулі Анэты «млека» — гэтым малаком ён паіў шчанюкоў ад аўчаркі . Бабуля лаялася, што дзецям малака не хапае, а ён, бач, шчанюкоў поіць.
Потым нашу карову немцы зарэзалі, падвесілі каля яблыні і лупілі зь яе шкуру. Карову было шкада. Усё плакалі, а бабуля, дык тая галасіла.
У мяне пасьля таго зьявілася такая цацка — кусок палена з двума сучкамі. Гэта былі рогі, ногі ці нават вымя — ня ведаю. Палена тое я абматала нейкім чорным лапікам і, калі клалася спаць, засоўвала яго пад ложак. Казала: «Кароўка мая, я цябе ў хлявок заганю».
Яшчэ заходзіў нейкі салдат і прыносіў бялізну, каб маці з бабуляй яе мылі.
На працу вяскоўцы выходзілі па разнарадцы старасты. Іх было два. На нашым канцы старастам прызначылі дзядзьку Івана. Пасьля яго забралі на фронт. Ён ацалеў, вярнуўся ў Шупені. Усе ведалі, што пасьля вайны яго судзілі ў Магілёве, адправілі на дзесяць гадоў у нейкі лягер у Башкірыю.
Колькі прайшло часу, не памятаю. Але немцам урэшце спатрэбілася й наша хата. Нас усіх выгналі. Дзед Васіль з бабуляй Анэтай перабраліся ў лазьню, а мы з мамай і таткам пайшлі з клункамі да другога дзеда — Халімона, матчынага бацькі. Ён быў стары. Казалі, што пабываў на Беламорканале падчас калектывізацыі — за карову, бо тая засілілася на прывязным ланцугу.
Немцы былі ў вёсцы вясною, летам, зімою. Потым, памятаю, зноў настала лета — і пачалася калатнеча. Мы хадзілі, здаецца да дзеда ў лазьню, як у вёсцы пачалася страляніна. Пападалі ў бульбе паміж радкоў і бачым, як па шляху ў бок Магілёва тэхніка ўсякая ідзе, а за ёю немцы гоняць цэлую калёну нашых вяскоўцаў. Потым у тым баку чутны былі страляніна, выбухі роў самалётаў. Казалі, што нашы пілёты наляцелі на калёну. Паразьбягаліся многія з-пад аховы. Вярнулася дадому і родныя сёстры маёй маці, цёткі Антаніна й Вера.
То было лета 1944 году. Вёску бамбілі, бо немцы вакол умацаваліся. Мы хаваліся, як у нас называлі, у бамбасховішчах. Пад старымі вербамі былі вырытыя зямлянкі, наверсе бярвеньні ў два ярусы, засыпаныя зямлёю і дзёрнам.
Хата дзеда Васіля згарэла — ці то немцы падпалілі, ці то ад бамбёжкі. Многія пабудовы немцы разабралі, каб зладзіць мост праз раку Друць і гаць праз пойму.
Немцы адступілі, і прыйшлі нашы салдаты. Запомніліся чырвоныя зорачкі на пілётках. А яшчэ праз дзень мы з мамай Ганнай праводзілі бацьку на фронт. Куды ўсе ішлі, мне няўцям. Казалі: «На вайну». Мама то на рукі мяне брала, то апускала на зямлю. Яна не пераставала плакаць. А ўсе нашы вясковыя мужчыны ішлі калёнаю, і толькі торбачкі пакалыхваліся за плячыма.
Мы дайшлі за імі да рэчкі і спыніліся. Татка з дзядзькамі рэчку перайшлі, падняліся на пагорак, а потым сталі зьмяншацца і зьмяншацца — зьніклі за пагоркам. Больш я татку ніколі ня бачыла.
Ад мамы пазьней мне засталося паведамленьне з пячаткай, напісанае чарнільнай ручкай на звычайным аркушыку:
«Ваш муж чырвонаармеец Мяцеліца Сьцяпан Васільевіч, ураджэнец Магілёўскай воб, Круглянскага с/с, в. Шупені ў баю за сацыялістычную Радзіму, верны вайсковай прысязе, праявіў геройства і мужнасьць, быў забіты 18 жніўня 1944 г. пахаваны хут. Кумец 1-ы Усходней 200 м Ваўкавыскага ўезду Літоўскай ССР». Так і напісана — Літоўскай ССР.
За вайну і пасьля яе чым толькі мы ні хварэлі — на тыф, коклюш, сьвінку, адзёр. Недаядалі, мерзьлі, жылі ў страху. У школку я пайшла ў восем гадоў. Былі ў нашай першай клясе й старэйшыя, каму было ўжо і дзесяць, і адзінаццаць гадоў. Хадзіла ў школу ў невядома якога памеру нямецкіх чаравіках. Мама анучы наматае на ногі, нацягне мне гэтыя «скараходы» — і я шлёпаю.
Першыя чатыры клясы вучыліся дома, а потым хадзілі за шэсьць кілямэтраў у Круглае. У восьмай клясе на нейкай мэдычнай камісіі ў мяне выявілі рэўматызм сэрца. І ня толькі ў мяне. Я праз хваробы і замуж ня выйшла — баялася, што ня здолею даглядаць дзяцей і сям’ю.
А хлопчыкі, нашы аднагодкі, працягвалі гінуць і пасьля вайны — на мінах падрываліся на месцах баёў альбо граната ў руках разарвецца. Здаецца, у пятай клясе адзін наш вучань за партай разьбіраў нейкі ўзрывальнік — і бабахнула. Пальцы на руцэ тры адбіла — яны заляцелі ажно на стол настаўніцы. І вока ён пазбавіўся, але жыцьцё яму ўратавалі.
Нам з маці, як сям’і загіблага на фронце, далі пасьля вызваленьня ўчастак пад бульбу, дык на ім стаялі два падбітыя нямецкія танкі. З крыжамі. Пасьля вайны зь вёскі нікому выяжджаць не дазвалялі — пашпартоў не давалі. А бяз дакумэнта нікуды й ня выедзеш.
Пашкадаваў мяне наш сваяк Міхась Запакульскі. Ён быў франтавік, пры ўзнагародах. Як і з кім дамаўляўся ў міліцыі, ня ведаю. Маці толькі перадавала праз дзядзьку ў раён самагонку, нейкія харчы ды грошы. Так я атрымала пашпарт і зьехала ў Краматорск ва Ўкраіну. Працавала там на гародніннай базе. Восем месяцаў толькі й вытрымала. Калі прыходзіў вагон з бульбаю, то радаваліся, што цягаць яе трэба ўніз, у нейкае сховішча. Барані божа, уверх.
Праз восем месяцаў вярнулася ў Магілёў, скончыла там пэдагагічную вучэльню і праз разьмеркаваньне прыехала ў Гомель. Працавала 32 гады выхавацелькай дзіцячага садка. Глядзела , у якіх умовах растуць дзеці, і часта згадвала сваё дзяцінства. Магла пратэндаваць на бясплатнае жыльлё як дачка загіблага франтавіка, але ўрэшце давялося ўступаць у жыльлёвы каапэратыў, браць крэдыт і будаваць аднапакаёвую кватэру.
Цяпер, узважваючы жыцьцё нашага пакаленьня, бачу, што мы як былі асабліва нікому не патрэбныя, так і цяпер засталіся. Па прынцыпу: вы пакутавалі — дык гэта ваша справа. Іншы раз думаецца: хоць бы дзяржава якіх сто тысяч дадала да нашых невялічкіх пэнсіяў — за тое, што выжылі!«
«У вайну людзі і жылі неяк яшчэ» — крычаўчанка Кацярына Ляўбуціна
Кацярыне Лявоньцеўне Ляйбуцінай 86 год. Жыве яна ў вёсцы Каменка, што ў Крычаўскім раёне. Яе сям’я пражыла фашысцкую акупацыю ў вёсцы Каранец. Кацярына была старэйшай з чатырох дзяцей. Бацьку забралі ў войска, як ужо ішла вайна. Сямейныя клопаты леглі на плечы маці, якой, як маглі, дапамагалі дзеці. Усе ў вайну выжылі.
Кацярына Лявоньцеўна сустрэла журналіста, седзячы на лаўцы ля сваёй хаты, якая на ўскрайку вёскі. Хаціна старой паволі ўрастае ў зямлю і даўно просіць рамонту. Спарахнелыя вокны звонку ўцепленыя цэляфанавай плёнкай. У хаце прыбрана. Старэчую немач дапамагаюць пераадолець унучкі і дочкі.
«Я думала, што буду крэпкай, здаровай ды ўсім патрэбнай. Ажно выходзіць, што не», — са скрухаю адзначае Кацярына Лявоньцеўна. — Каб было яшчэ здароўе, дык нічога б было, а як яго няма, дык зусім кепска. Хоць бы ў бальніцу на год раз паклалі, але ж не кладуць. Што цяпер рабіць? Жыцьцё я пражыла няўдалае. Шаснаццаць гадоў даглядала паралізаваную сьвякроў. Муж памёр рана. У 47 год стала ўдавою. Замуж больш не пайшла. Шасьцярых дзяцей выгадавала і вывучала«.
Кацярына Лявоньцеўна перакананая што пра яе ўлада забылася. Яна не змагла прыгадаць, калі апошні раз яе віншавалі зь якім юбілеем, ці сьвятам.
«Жылося нам дужа кепска ў вайну, — кажа Кацярына Лявоньцеўна. — Як умелі гэтак і выжывалі. Лебяду елі ды крапіву. Пад страхам жылі ўвесь час. Спалі на падлозе. Маці клалася з краю, каб нас затуліць ад куляў. Неяк адна была ў хату заляцела нікога не параніўшы».
Акупацыйныя ўлады выдзялялі вяскоўцам агароды. Сваю дзялянку мела і маці Кацярыны Лявоньцеўны. «Два гектары далі нам зямлі, каб не памерлі з голаду. Хто ў калгасе працаваў, дык болей давалі. Мая ж маці працавала на вытворчасьці, дык толькі два гектары выдзелілі. Сеялі бульбу, жыта. Мама, як пойдзе на поле, дык я зь меншымі дзецьмі ў двары заставалася. Карова ў нас была, дык сена касілі для яе і каню», — апавядае Кацярына Лявоньцеўна.
Паводле Кацярыны Лявонцеўны ў вёсцы было не спакойна праз партызан. Нямала яе аднавяскоўцаў сышло ў лес.
«Многа забівалі немцаў партызаны. Яны ведалі, дзе і як нашкодзіць немцам. Можна сказаць, што партызаны выйгралі вайну. Як партызаны чаго наробяць, дык тады немцы прыяжджалі ды шмат шуму наводзілі. Старым нават спакою не было. Дужа лютавалі паліцаі. Забівалі людзей. Яны вышуквалі тых ў каго партызаны спыняліся. Некаторыя вяскоўцы падказвалі паліцаем, хто дапамагае партызанам. Тады тых забівалі».
Не пра ўсіх акупантаў Кацярыны Лявоньцеўна гаворыць кепска. Сярод іх, кажа, былі і неблагія людзі.
«Немцы нічогія такія былі, а вось фіны, дык тых баяліся людзі. Як ускочуць бывала, дык усе ратаваліся як маглі. Неяк немцы да нас у хату зайшлі, а ў нас, трэба шчыра прызнацца, нічога не было паесьці. Маткі ў двары тады не было. А нас чацьвёра. Баімся. Яны паглядзелі ды прынесьлі нам хлеба свайго, чакаляда, цукру. Як бульбы прывезьлі, дык я сказала, што ў нас яна ёсьць...» Калі фашысты адступалі, то Каранцы спалілі. «Ніводнага двара не засталося», — згадвае Кацярына Лявоньцеўна. Пры гэтым адзначае, што і яна цудам засталася жывой.
«Як людзі вярнуліся зь лесу, дзе хаваліся, дык зямлянкі сабе павыкопвалі ды ў іх жылі. Паволі будаваліся. Як вайна скончылася, дык пачалі вяртацца бацькі. Мой жа бацька прыехаў толькі на трэці год пасьля вайны. Ён быў у палоне і яго вызвалілі амэрыканцы».
Кацярына Лявоньцеўна заўважае, што бацька не пасьпеў паваяваць. Прызнаны ня годным да вайсковай службы яго ўсё роўна забралі на вайну. Пад Смаленскам трапіў у палон.
«Загналі яго ў Нямеччыну. Там узяў яго нямецкі пан. У яго працаваў. А як вызвалілі бацьку амэрыканцы, дык у Амэрыку паехаў, і два гады там жыў. Казаў, што нам так ня жыць, як у Амэрыцы. Добра там было, згадваў ён. Іх там ня білі. Яны вольна жылі. Казаў, каб не сям’я, дык там застаўся б».
Кацярына Лявоньцеўна згадала, што бацьку калі ён варочаўся з Амэрыкі моцна зьбілі і абрабавалі. «Ён да самой сьмерці казаў: „Каб я прывёз дамоў тое, што вёз, дык і працаваць ня трэба было б“. Кінулі яму толькі рваныя кашулі. І нам хоць бы па сукенцы кінулі, дык не», — са шкадаваньнем адзначае суразмоўніца.
На пытаньне, ці праўдзівую паказваюць вайну па тэлевізару Кацярына Лявоньцеўна адказвае, што зашмат выдумкі ў фільмах. «Там паказваюць, што толькі забіваюць людзей, але ж у вайну людзі і жылі неяк яшчэ», — заўважае старая.
«Пасьля вайны дужа кепска жылі, — працягвае аповед жанчына. — Паесьці нічога не было. Адзець таксама. У калгасе на „трудадні“ нават кіляграма хлеба ня купіць было. Жылі гэтак пакуль ня стаў Брэжнеў (генэральны сакратар КПСС, Свабода). За Брэжневым крыху пажылі, але ён зусім мала пабыў. Як памёр, зноў жыцьцё наша пагоршылася...».
«Як паставілі Лукашэнку, дык пачалі ў час выплачваць пэнсіі. Прадуктаў паболела. А як быў Шушкевіч ды Кебіч, дык хлеба нават у краме не было. Але і Лукашэнка цяпер крыху збалаваўся. Людзей выганяюць з працы і яе не знайсьці. Няхай ён дае людзям працу! Мы старыя паўміраем, а моладзі ж трэба жыць. Як бяз працы пражыць? Маю ўнучку скарацілі з цэмзаводу. З чаго яна будзе жыць цяпер...»
Кацярына Ляйбуціна прадстаўніца апошніх пакаленьняў вяскоўцаў на ўсходзе Беларусі, якія захавалі беларускую гаворку, не паддаўшыся русыфікацыі. Кабета аднак сваю натуральную беларускасьць не ўспрымае, як каштоўнасьць. На пытаньне, ці лічыць сваю мову беларускай адказвае: «Я ж ня граматная. Гавару, як гаворыцца».
Некалі ў вёсцы Каранец, зь якой Кацярына Лявоньцеўна зьехала, як выйшла замуж было 500 двароў. Каменка, у якой жыве старая цяпер, народу было ня менш. Засталося ж дзесятак. З Каменкі відаць новы цэмэнтны завод. А ў вясковых калодзежах няма вады...