Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль грошы ў дзяржаўным бюджэце?


Адкуль прафіцыт, калі многія прадпрыемствы працуюць «не на поўную катушку»? Чаму ў бюджэт не пералічылі аж трыльён заплянаваных рублёў за падаткі і зборы?

Глод: Міністэрства фінансаў Беларусі надрукавала афіцыйную справаздачу пра выкананьне бюджэту за першы квартал 2016 году. Галоўнае ў ёй: бюджэт выкананы з прафіцытам — прыбыткі перавышаюць выдаткі.

У дакумэнце шмат розных лічбаў. Іх аналіз прыводзіць да думкі, што ў беларускіх фінансах далёка ня ўсё так добра, як можа падацца на першы погляд. Вось літаральна пара-тройка прыкладаў.

Калі параўноўваць сёлетнія вынікі з тым самым пэрыядам мінулага году, то прыбыткі ўзрасьлі на 6,6 трыльёна рублёў. Аднак з улікам росту спажывецкіх цэнаў у рэальным выражэньні прыбыткі бюджэту зьнізіліся. Гэта пацьвярджае і параўнаньне дадзеных па выкананьні пляну прыбыткаў: сёлета — на 21,2%, летась — на 21,9%.

Галоўная крыніца папаўненьня беларускага бюджэту — гэта падаткі. Справаздача Мінфіну паказвае, што самым правальным аказаўся падатак на прыбытак. У рэспубліканскі бюджэт сабрана ўсяго 2% ад пляну, летась было 6,3%. Другімі ў катэгорыі «мінус» ідуць прыбыткі ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці, якія цалкам залічваюцца ў рэспубліканскі бюджэт. Тут падзеньне аж на 8%.

Зразумела, напрошваецца пытаньне: адкуль жа тады бярэцца прафіцыт? Бюджэт выратоўваецца падаткам на дададзеную вартасьць. Сёлета яго рэальны рост склаў болей за 10%. І вось тут галоўная загадка — працоўная актыўнасьць, што ў дзяржаўным, што ў прыватным сэктарах зьніжаецца. А падаткі чамусьці растуць. Экспэрты тлумачаць сытуацыю зьменай падатковага заканадаўства. З 2016 году года рэзка абмежаваныя магчымасьці бізнэсу па ўжываньні спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня. Цяпер многія бізнэсоўцы мусяць выплачваць ПДВ. Ну і зноў жа з 2016 году ПДВ увялі для тарыфаў на газ і сьвятло.

Ураду такі падыход падабаецца — з 1 красавіка была павялічана стаўка ПДВ на паслугі сувязі (з 20% да 25%), а таксама ўведзена стаўка ПДВ на пасажырскія перавозкі.

І вось, працягваючы тэму падаткаў, хачу запытацца ў вас калегі наконт падаходнага падатку. Ён у Беларусі абсалютна аднолькавы для ўсіх катэгорыяў насельніцтва — 13%. Такая аднолькавасьць існуе і ў некаторых іншых краінах — напрыклад, у Расеі. Але ёсьць шэраг краінаў, дзе падаходны падатак вельмі моцна дыфэрэнцыяваны. Напрыклад, у Англіі альбо Францыі, чым больш ты зарабляеш, тым больш ты аддаеш дзяржаве.

Грузьдзіловіч: У разьвітай Эўропе такая вілка ў падаткаабкладаньні багатых і людзей сярэдняга і нізкага даходу абумоўлена велізарнай розьніцай і тым, як гэта будзе спрыяць разьвіцьцю эканомікі. Калі створаныя іншыя добрыя ўмовы для разьвіцьця эканомікі, тады і высокія падаткі не спыняюць актыўнасьці бізнэсоўцаў. Калі ў нас гэтага няма, і яшчэ абкласьці іх велізарнымі падаткамі — ці значна большымі, чым у суседзяў — яны і так усе разьбягуцца, апошнія, хто застаўся і каго яшчэ не пасадзілі, як таго Чыжа. Хоць пра яго і кажуць, што пачаў вывозіць свае актывы, каб зусім не збанкрутаваць. Мне здаецца, гэтая мера несвоечасовая.

Я памятаю, як зь лічбавым падманам было ў савецкія часы і як нас выхоўвалі на гэтай статыстыцы, калі мы рэгулярна ў школе год ад году атрымлівалі такія ўрокі эканомікі, і настаўніца расказвала, як у нас добра ўсё. У 8-й клясе была такая інфармацыя, што мы 80% сталі вырабляем ад ЗША, а ў 10-м мы аказваецца дагналі! І пры гэтым аказалася, што ў крамах тавараў усё менш, эканоміка працуе ўсё горш, увесь мэтал, які мы выраблялі, ішоў на танкі, ракеты, караблі ваенныя і так далей, а ў выніку жыцьцё пагаршалася — чым гэта скончылася, мы добра ведаем. Гэтая падманлівая статыстыка — з савецкіх часоў: яна дагэтуль працуе.

Што да фармаваньня бюджэту, быў такі прынцып, магчыма ён яшчэ дзейнічае, і некаторыя эканамісты, напрыклад, Жаліба, схіляюцца да думкі, што ён дзейнічае. Бюджэт фармуецца на падставе нейкіх прагнозаў, справаздач, эканамічных раскладаў мясцовай улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў, і ўсе яны зацікаўленыя ў тым, каб паказваць меншыя свае праблемы і каб бюджэт быў для іх зручным. Каб потым выконваць яго і атрымліваць прэміі. Дык вось, магчыма гэтым тлумачыцца вынік першага кварталу, што ў нас, аказваецца, бюджэт выкананы, ды яшчэ з прафіцытам. Апошнія лічбы, якія я ўбачыў днямі ў інтэрнэце — у нас, аказваецца, прыбытак ад продажу нафтапрадуктаў упаў аж на 35%. Гэта ж асноўнае, што фармавала нашу нацыянальную скарбонку. Банкіры кажуць, што ў банкаўсікм сэктары ўжо на 11% падвышаецца колькасьць праблемных актываў. Адкуль яны бяруцца? А вось адтуль: прадпрыемствы, розныя ўстановы, тыя, хто мае доступ да ільготных крэдытаў, бяруць гэтыя крэдыты, разьлічваюцца імі, плацяць падаткі, заробак, потым, што застаецца, ўкідваюць у эканоміку, а гэта ўжо не працуе. Я бачу па коштах у крамах, што справы ў эканоміцы ўсё горшыя.

Максімюк: Я, канешне, не настолькі добра ведаю эканамічную сытуацыю ў Беларусі, каб уваходзіць у аналіз бюджэтных паказьнікаў. Агульна магу сказаць, што даход у бюджэт, напрыклад, па такіх пунктах, як замежны гандаль, насамрэч, моцна ўпаў, а прафіцыт атрымаўся за кошт падаткаў на дададзеную вартасьць, якую выплачвае вельмі зьбяднелае насельніцтва.

Усё гэта залежыць ад таго, што ніз пасылае ўверх. Тут, магчыма, верх усё слушна падлічыў, атрымаўся прафіцыт, а якія насамрэч дадзеныя яны атрымалі зь міністэрстваў, а міністэрствы з падпарадкаваных ім прадпрыемстваў — іншая справа. Пачакаем, што гэты прафіцыт дасьць эканоміцы пад канец году.

Філязофія лібэральных эканамістаў такая, што ўсе павінны плаціць аднолькавую стаўку падаткаў, і багатыя, і бедныя — маўляў, калі багатым не абмяжоўваць заробкаў і не забіраць грошай падаткамі, яны будуць яшчэ мацней разьвіваць эканоміку, а гэта азначае, што краіна будзе багацець і лепш будзе жыцца і бедным. З другога боку, мы жывем ва Ўсходняй Эўропе, і тут пасьля пэрыяду сацыялізму засталося моцнае пачуцьцё эканамічнага эгалітарызму. Натуральна, гэта падабаецца выбаршчыкам, калі палітыкі кажуць, што багатыя будуць плаціць большы падатак. Ня надта мы любім багатых людзей. У Польшчы, напрыклад, існуюць дзьве стаўкі падаткаў. Асноўная стаўка, якую плаціць амаль што 99% палякаў — гэта 18%, другая стаўка — для 1% багатых, якія плацяць 32%. Ня ведаю, ці трэба ў Беларусі ўводзіць розныя стаўкі падаткаў, таму што з тым, колькі ў краіне насамрэч багатых людзей, даволі цьмяная сытуацыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG