Дональд Трамп, вядучы прэтэндэнт на кандыдата ад Рэспубліканскай партыі на выбарах прэзыдэнта ЗША, заявіў, што будзе імкнуцца да паляпшэньня адносінаў з Расеяй і Кітаем, калі будзе абраны прэзыдэнтам.
Трамп сказаў у сваёй прамове аб зьнешняй палітыцы ў Вашынгтоне 27 красавіка, што хоць Злучаныя Штаты і маюць «сур’ёзныя рознагалосьсі» з Расеяй, ён лічыць, што можна аслабіць існуючую напружанасьць з Масквой.
«Здаровы сэнс кажа, што гэты цыкл, гэты жудасны цыкл варожасьці з Расеяй павінен быць скончаны, і, у ідэале, хутка скончаны — гэта добра для абедзьвюх краін. Некаторыя кажуць: „Расейцы ня будуць разумнымі“. Я маю намер высьветліць гэта. Калі мы ня можам заключыць пагадненьне пры маёй адміністрацыі, буйную зьдзелку — ня проста добрую, а вялікую — для Амэрыкі, але і добрую для Расеі — мы хутка адыдзем ад стала перамоваў. Гэта так проста», — лічыць Трамп.
Заявіўшы, што пры яго прэзыдэнцтве Амэрыка будзе глядзець на сьвет «скрозь ясную прызму амэрыканскіх інтарэсаў», Трамп адзначыў, што будзе шукаць «агульныя падыходы з Расеяй і Кітаем на аснове агульных інтарэсаў».
Трамп крытычна ацаніў амэрыканскіх саюзьнікаў за тое, што яны ня хочуць «плаціць сваю справядлівую долю ў цяжар бясьпекі» і сказаў, што іншыя члены НАТО павінны актывізаваць свае выдаткі, інакш Вашынгтон прадставіць гэтым краінам магчымасьць «абараніць сябе». Трамп адзначыў, што ЗША знаходзяцца ў «вайне супраць радыкальнага ісламу» і паабяцаў зьнішчыць баевікоў групоўкі «Ісламская дзяржава», якія кантралююць частку Сырыі і Іраку.
Трамп адзначыў, што палітыка адміністрацыі прэзыдэнта Барака Абамы ператварыла Іран у «вялікую моц за кароткі час». Паводле яго слоў, памылкі зьнешняй палітыкі ЗША ў Іраку, Эгіпце і Лібіі спрыялі таму, што «рэгіён аказаўся ў хаосе».
Трамп, якому 69 гадоў, 26 траўня атрымаў перамогу на першасных выбарах-праймэрыз у пяці паўночна-ўсходніх штатах, у той час як дэмакрат Хілары Клінтан забясьпечыла сабе перавага ў чатырох. Таму абодва кандыдаты істотна адарваліся ад астатніх супернікаў у гонцы за вылучэньне іх кандыдатамі ад партый у прэзыдэнцкай гонцы.
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША заплянаваны на 8 лістапада 2016 году.