Яўгенію Андраюк, якая працуе ва ўкраінскай арганізацыі «Крым-СОС», сёньня на пункце пропуску «Макраны» беларускія памежнікі зьнялі з аўтобуса і пратрымалі некалькі гадзін.
«Дзякуй Богу, гэта было не зусім затрыманьне. Мяне зьнялі з аўтобуса і правялі асабісты мытны дагляд — то бок гэта пільны дагляд усіх рэчаў, якія ў мяне былі пры сябе, а таксама дагляд верхняй вопраткі. У асноўным цікавасьць была да кніг, якія я з сабой вязу. Пытаньні выклікалі кнігі Ўладзімера Мацкевіча „Беларуская дэмакратыя: насуперак відавочнасьці“ і кнігі Ірыны Саламацінай пра жаночы актывізм у Беларусі. Мы доўга размаўлялі наконт гэтых кніг і наконт майго ноўтбука і флэшак. Але яны нічога не забралі, у тым ліку пры актыўным умяшаньні праваабаронцаў, які тэлефанавалі памежнікам. Агулам я правяла на мяжы 4,5 гадзіны, і пасьля мяне адпусьцілі», — распавяла актывістка ў інтэрвію Свабодзе.
Паводле слоў Яўгеніі Андраюк, такая сытуацыя зь ёй на беларускай мяжы здараецца ўжо ня ў першы раз. У мінулы раз беларускія памежнікі спынілі яе ў кастрычніку 2015 году, але тады праблемы ўзьніклі, калі актывістка ўяжджала ў Беларусь.
«Гэтым разам таксама асноўнае маё пытаньне да іх было менавіта „што здарылася“ і „на якой падставе“. Мне не патлумачылі. Калі я працягвала пытацца, супрацоўніца памежнай службы сказала, што гэта сакрэтная інфармацыя, якую яна ня можа мне сказаць. Я думаю, што па факце таго, як гэта адбываецца, хутчэй за ўсё існуюць нейкія чорныя сьпісы ў базе дадзеных. Бо праблемы пачынаюцца ў той момант, калі я аддаю свой пашпарт памежным службам. То бок гэта ня тое, каб я неяк падазрона выглядала, што ў мытнікаў узьнікаюць пытаньні. Бо я прайшла і памежны, і мытны кантроль, і толькі пасьля таго, як я ўсё прайшла, у аўтобус зноў зайшлі супрацоўнікі менавіта памежнай службы і папрасілі мяне выйсьці з маімі рэчамі. То бок пытаньне ў тым, што калі прабіваюць маё прозьвішча, выходзіць пэўная інфармацыя ў базе дадзеных, у сувязі з чым і пачынаецца праверка», — кажа актывістка.
Яўгенія Андраюк зьвяртае ўвагу на тое, што ў апошнія два гады яна працуе ва Ўкраіне, займацца крымскімі пытаньнямі, а таксама асобамі, якія пацярпелі ад канфлікту на Данбасе.
«Таму такая сытуацыя для мяне яшчэ больш дзіўная, бо апошнія два гады я не займаюся беларускімі пытаньнямі. А калі праблемы ўзьнікаюць, калі ты займаесься пытаньнямі Крыму і Данбасу, то гэта для мяне даволі сумна», — кажа яна.