Адказныя за энэргетыку міністры ў Літве, Латвіі і Эстоніі падрыхтуюць агульную пазыцыю па АЭС, якая будуецца ў Беларусі, непадалёк ад Вільні. Урады гэтых краін плянуюць абмежаваць імпарт электраэнэргіі з Астравецкай АЭС.
Пра гэта заявіў літоўскі міністар энэргетыкі Рокас Масюліс.
«Мы дамовіліся падрыхтаваць агульную пазыцыю, якая б адлюстроўвала заклапочанасьць балтыйскіх дзяржаў адносна АЭС, якая будуецца ў Астраўцы і якая не адпавядае стандартам ядзернай бясьпекі і стандартам аховы навакольнага асяродзьдзя. Мы абмеркавалі абмежаваньне імпарту „бруднай“ энэргіі на рынак балтыйскіх краін», — сказаў Масюліс, які на мінулым тыдні сустрэўся ў Рызе з калегамі з Латвіі і Эстоніі.
Паводле міністра, тры балтыйскія дзяржавы пачалі дыскутаваць пра Астравецкую АЭС, а гэта вельмі важна, паведамляе Delfi.
«Асабліва важна, што мы ўтрох ужо пачалі гаварыць пра Астравец. Дагэтуль такога не было, толькі адзін эстонец на двухбаковай сустрэчы сказаў, а цяпер тры міністры гэта абмеркавалі», — адзначыў у інтэрвію BNS Масюліс.
Літва — найбольш жорсткі праціўнік АЭС, якую Беларусь будуе побач зь Вільняй. У мінулым годзе Масюліс накіраваў ліст міністрам балтыйскіх краін, Фінляндыі і Польшчы, у якім заклікаў шукаць спосабы абмежаваньня імпарту электраэнэргіі зь небясьпечных АЭС у Беларусі і ў Калінінградзкай вобласьці Расеі.
У студзені Масюліс сустрэўся зь міністрам эканомікі Эстоніі, які нібыта падтрымлівае ідэю не купляць электраэнэргію з Астравецкай АЭС.
Фінляндыя, па словах міністра, не падтрымлівае гэтую ідэю. Латвійскі ж міністар Марыс Кучынскіс паабяцаў падтрымаць Літву ў вырашэньні пытаньня Астравецкай АЭС.
Міністар энэргетыкі Польшчы Крыштаф Тхужэўскі на нядаўняй сустрэчы з Масюлісам заявіў, што электраэнэргія зь небясьпечных АЭС не павінна паступаць на рынак.