Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над беларускім добраахвотнікам «Правага сэктару». Абнаўляецца

У Фрунзенскім раённым судзе Менску 18 красавіка ідзе суд над жыхаром Наваполацку Тарасам Аватаравым, добраахвотнікам «Правага сэктару», якога затрымалі ў лістападзе 2015 году на чыгуначным вакзале ў Менску пасьля прыезду з Украіны.

Паводле зьвестак Сьледчага камітэту, у рэчах затрыманага была самаробная граната і пісталет Макарава.

Тараса Аватарава судзяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — кантрабанда зброі і незаконны абарот зброі. Яму пагражае да 8 гадоў зьняволеньня.

Між тым у прадстаўнікоў «Правага сэктару» ўзьніклі сумненьні адносна зброі, якую ён нібыта правёз празь мяжу з Украінай. Таксама ў Тактычнай групе «Беларусь» паведамлялі, што Аватараў непасрэдна ня браў удзелу ў баявых дзеяньнях, а быў у «Правым сэктары» хутчэй у якасьці валянтэра.

14:07 18.4.2016

Аватараў заявіў, што ў СІЗА яго прэсуюць

Пачаўся працэс над Тарасам Аватаравым. У інтэрвію Свабодзе ён заявіў перад судом, што яго прэсуюць, кідаюць у так званыя «прэс-хаты», такім чынам дамагаюцца прызнаньня.

Судзіць Аватарава судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Жукоўская.

14:13 18.4.2016

Аватараў зьвярнуўся да старшыні КДБ і суду

Ён выступіў з прапановай правесьці дыспут аб праблемах нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў. Таксама падсудны зьвярнуўся да суду з просьбай ужыць да яго амністыю, прымеркаваную да 70-годзьдзя Перамогі, і вызваліць.

14:14 18.4.2016

Хадайніцты адхілілі

У тым ліку і наконт прапановы наладзіць сустрэчу са старшынём КДБ.

Аватараў настойваў, казаў, што ў яго ёсьць што распавесьці пра сьледзтва.

14:17 18.4.2016

Аватараву не далі вывучыць матэрыялы справы

Аватараў прасіў суд адкласьці працэс, бо ён не пасьпеў азнаёміцца з матэрыяламі справы, паколькі сьледчы Кука даў яму на гэта толькі 4 гадзіны, а ў справе 4 тамы. Суд гэтае хадайніцтва адхіліў.

14:18 18.4.2016

Аватараў не захацеў, каб яго здымала расейскае ТБ

Перад судом, калі карэспандэнты здымалі Аватарава, ён абурыўся толькі на адрас карэспандэнта расейскага тэлебачаньня і адмовіў таму ў здымках.

Перапалка Аватарава з РТР-нікам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:23 0:00

14:26 18.4.2016

Аватараў прызнаў адну гранату

Абвінавачаньне Аватараву выстаўлена па 228,ч.2 і 295,ч.2 артыкулах.

Падсудны прызнаў віну часткова. Прызнаў, што правёз сыгнальную вучэбную гранату, але ня лічыць яе баявой, як вырашыла экспэртыза. Адносна другой самаробнай гранаты, то віну не прызнаў.

14:28 18.4.2016

Дапытваюць сьведак

Пачаўся допыт сьведак. Падобна на тое, што суд сьпяшаецца. Аватараў усьміхаецца, трымаецца дастаткова ўпэўнена.

14:40 18.4.2016

Сьведка-лесаруб

Сьведка Ігар Івашкевіч, паводле прафэсіі — вальшчык лесу, знаходзіўся 26 лістапада на чыгуначным вакзале Менску, бачыў, як супрацоўнік міліцыі падыйшоў да Аватарава. Той, паводле сьведкі, замарудзіў, расшпіліў куртку, і пасьля гэтага яны выйшлі зь міліцыянтам.

Пасьля гэтага яго выклікалі ў той пакой і паказалі, што ў Аватарава быў пісталет і граната. Яму сказалі, што граната ўжо была абясшкоджаная. Паводле сьведкі, Аватараў казаў, што «знайшоў» гэтыя рэчы. Таксама ён бачыў нашыўкі і даведку, што ён зьяўляецца байцом «Правага сэктару». Але сам сьведка ня бачыў, каб у Аватарава нешта забіралі.

14:42 18.4.2016

Сьведка пазнаў «довідку»

Адвакат пытаецца, чаму сьведка падпісаў пратакол допыту, хаця ня бачыў, каб гэтыя рэчы забіралі ў Аватарава. Сьведка адказаў, што ён перакананы, што гэта рэчы Аватарава, а больш ён пытаньняў не задаваў, бо яму «трэба было ехаць на працу, безь яго валку леса ніхто ня зробіць». Сьведка адказвае даволі блытана, але ўпэўнена пералічыў, што бачыў: чорна-чырвоны сьцяг, шэўроны, даведку «Правага сэктару», пісталет, «магчыма, Макарава», гранату. Чамусьці сьведка пра даведку «Правага сэктару» кажа па-ўкраінску — «довідка». Сьведка потым патлумачыў, што бываў ва Ўкраіне.

14:44 18.4.2016

Сьведка блытаецца

Аватараў перапытаў, што рабіў сьведка ў 4 раніцы на вакзале? Той адказаў, што начаваў, а не зьбіраўся на электрычку.

Аватараў высьвятляе, ці падыходзіў да сьведкі опэрупаўнаважаны Азараў? Той дакладна ня памятае. Аватараў заўважыў, што сьведка блытаецца ў паказаньнях, судзьдзя забараніла яму камэнтаваць паказаньні.

Таксама сьведка згадаў, што Аватараў пры затрыманьні быў апрануты ў бронекамізэльку: «Казаў міліцыянтам, што носіць яе таму, што ўсяго баіцца».

14:55 18.4.2016

Выступае сьведка-міліцыянт

Сьведка-міліцыянт Глеб Шуст адносна часу затрыманьня Аватарава сказаў, што дакладна ня памятае, калі гэта было. Разам зь міліцыянтам Лашуком 26 лістапада 2015 году яны праходзілі па вызначаным маршруце па чыгуначным вакзале: «Гэта было недзе ў 2-3-4 гадзіны».

Убачылі грамадзяніна, які сьпіць, а з-пад курткі ў яго тырчала бронекамізэлька. Абудзілі і спыталі, чаму ў бронекамізэльцы. Той сказаў, што Канстытуцыя не забараняе гэтага, паказаў пашпарт на прозьвішча Аватараў.

15:00 18.4.2016

Аватараў казаў, што знайшоў гранату ў зямлі

Пайшлі з Аватаравым у дзяжурную частку да міліцыянтаў. У Аватарава быў заплечнік. Опэрупаўнаважаны пачаў кантактаваць з Аватаравым, той казаў, што ў яго нічога забароненага няма, яго абшукалі. Опэрупанаважаны дастаў з курткі гранату, потым надзелі на рукі Аватараву кайданкі, потым знайшлі пісталет, картачкі, даведку, што браў удзел ў ваенных дзеяньнях, чорна-чырвоны сьцяг. Міліцыянты выклікалі адмыслоўцаў па разьмінаваньні, якія агледзелі гранату.

Што, паводле сьведкі, казаў пра гранату Аватараў? Паводле міліцыянта, Аватараў казаў, што знайшоў гранату, закапаную ў зямлю. Пракурор удакладніў, ці былі сьляды зямлі на гранаце? — Не.

15:05 18.4.2016

Сьведка-міліцыянт блытаецца

Судзьдзя перапытала сьведку, ці памятае ён допыт падчас сьледзтва? Той адказвае, што ня цалкам, бо мінула шмат часу. Суд вырашыў зачытаць ягоныя паказаньні «ў сувязі з наяўнасьцю істотных супярэчнасьцяў».

Паводле таго допыту сьведкі, Аватараў нібыта не хацеў адразу перадаваць гранату і трымаў яе ў кішэні ў руцэ. Раней сьведка казаў суду, што гранату проста дасталі з кішэні Аватарава, і ён не перашкаджаў гэтаму. Пра свае былыя паказаньні Глеб Шуст цяпер сказаў, што тады памятаў лепш.

15:29 18.4.2016

Панятыя бачылі прадметы Аватарава здаля

На пытаньне Аватарава сьведка Шуст сказаў, што гранату ў яго дасталі з правай кішэні. Паводле сьведкі, абвінавачаны казаў, што ехаў з Украіны, з зоны АТА, ехаў да дзяўчыны. «Паводзіў сябе спакойна, ніякай агрэсіі зь яго боку не было». Аватараў спрабуе высьветліць у сьведкі, на які час яго, Аватарава, выводзілі з пакою, калі туды прыйшоў супрацоўнік КДБ.

Глеб Шуст кажа, што ня бачыў там супрацоўніка КДБ і ня памятае, на які час выводзілі Аватарава.

Сьведка распавёў таксама, як абшуквалі Аватарава з дапамогай мэталашукальніка. Сьведка пацьвердзіў, што выемку рэчаў у Аватарава панятыя бачылі здаля. Адвакат Аватарава спрабуе высьветліць супярэчнасьць і спасылаецца на сьведку Івашкевіча, ягоныя словы, што пры ім ніякія прадметы ў Аватарава не забіраліся, яны ўжо ляжалі на стале.

«Дык бачылі панятыя сам працэс забіраньня рэчаў ці не?»

Глеб Шуст працягвае казаць, што ў мэтах бясьпекі панятых трымалі далей ад месца вобшуку, але яны бачылі ўсе забраныя рэчы. Адвакат:

«Тады навошта запрашалі гэтых панятых, калі яны ня бачылі самога працэсу вобшуку?»

Сьведка Шуст фактычна на гэта пытаньне не адказаў. Адвакат настаяла на зачытваньні пратаколу допыту гэтага сьведкі. Зачыталі. Там сказана, што «Аватараў паводзіў сябе падазрона». Яшчэ адна супярэчнасьць: у рапарце сьведка ўказаў, што спачатку ў Аватарава знайшлі гранату, а потым павялі на вобшук ў міліцыю.

Аватараў запатрабаваў перагледзець відэа затрыманьня, каб усё высьветліць. Суд адхіліў просьбу, сказаўшы, што відэа, як і іншыя доказы, будуць дасьледавацца пазьней.

15:30 18.4.2016

Сьведка: Аватараў супраціву не чыніў

Сьведка-міліцыянт Лашук: даставілі затрыманага ў дзяжурную частку. Пры асабістым даглядзе знайшлі ў яго гранату, "сыгнальны пісталет у выглядзе пісталета Макарава", даведку "Правага сэктару". Аватараў паводзіў сябе нармальна, не чыніў супраціву, сказаў сьведка. Усе рэчы, якія былі забраныя ў Аватарава, -- сьцяг ды іншыя -- ён потым бачыў у дзяжурцы.

15:40 18.4.2016

Гранату можна было хутка выкарыстаць, — сьведка-вайсковец

Сьведка Руслан Лапотка, ваеннаслужачы вайсковай часткі 5448, у складзе дзяжурнай групы прыбыў на вакзал на выклік зь міліцыі. Яму сказалі пра гранату, якую забралі ў грамадзяніна, што яе трэба дасьледаваць. Ён агледзеў: граната ВОК17 зь няштатным узрывальнікам ад гранаты РДГ. Патлумачыў, што граната ВОК-17 — гэта штатная граната ад гранатамёту, для ручных мэтаў яна не падыходзіць, замест штатнага ўзрывальніка там быў прыстасаваны ўзрывальнік ад гранаты РДГ-2, замацаваны самаробна, масьцікай. «Яе можна было хутка прывесьці ў дзеяньне: аджаць вусікі, выцягнуць кальцо — і ўсё, гатова да выкарыстаньня». Камандзір іх групы аддзяліў гранату ад ўзрывальніка.

15:48 18.4.2016

Дыялёг пра ўзрывальнік

Аватараў — у сьведкі:

—У якім стане былі вусікі?

— Разамкнёныя ў бакі. Гэта бясьпечны стан.

— Узрывальнік быў ці запал, бо абвінавачаньне чамусьці ўвесь час кажа пра ўзрывальнік, хаця там быў запал?

— Так, гэта быў запал.

Пракурор: а гэта істотна, запал ці ўзрывальнік?

— Сьведка тлумачыць, што падствольная граната штатна выкарыстоўваецца толькі з узрывальнікам, а калі быў запал, гэта самаробная камбінацыя.

15:55 18.4.2016

Перапынак на 10 хвілін.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG