Аватараў — гэта Посьпіх
Стала вядома прозьвішча Аватарава ад нараджэньня — Посьпіх. У суд прыйшоў ягоны брат, але з прэсай пакуль ён не кантактаваў.
На працэсе Аватарава быў перапынак. Аказалася, недачакаліся сьведкі-панятога. Не прыйшоў, каб не блытацца?#avatarau https://t.co/OsAkAmIg9R
— Радыё Свабода (@svaboda) 18.4.2016
Другі паняты ў суд не зьявіўся
У суд не зьявіўся сьведка Даменьнікаў — яшчэ адзін паняты. Судзьдзя сказаў, што ён у шпіталі і спытаў у удзельнікаў працэсу іх меркаваньне пра магчымасьць агучыць паказаньні Даменьнікава, якія раней ён даваў сьледзтву. Аватараў быў супраць, казаў, што гэта ключавы сьведка. Судзьдзя не пагадзіўся і пачаў зачытваць паказаньні.
З паказаньняў Даменьнікава вынікае, што Аватараў казаў пра гранату, што знайшоў яе, а пра пісталет Макарава, што набыў у Маскве, што пісталет «сыгнальны ці стартавы», ён патрэбны яму для самаабароны. Яшчэ бачыў 2 пашпарты Аватарава, пра якія ён сказаў, што адзін згубіў, атрымаў новы, а потым знайшоўся першы. Рэчы Аватарава бачыў на стале ў дзяжурцы.
Суд сьпяшаецца
Суд пачаў вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы, каб «зэканоміць час».
Сёньня больш няма сьведак, а каго яшчэ выклікаюць у якасьці сьведак, сакратарка суду не сказала. Аватараў быў супраць зьмены парадку судовага сьледзтва, настойваў на тым, каб спачатку ўсіх сьведак апыталі, але судзьдзя зь ім не пагадзілася.
Ранейшае прозьвішча Тараса Аватарава - Посьпех.#avatarau https://t.co/e1DNnajH0d
— Радыё Свабода (@svaboda) 18.4.2016
Граната — самаробная, пісталет — сыгнальны
Сярод матэрыялаў справы — вынікі экспэртызы гранаты, на якой экспэрт знайшоў эпітэлій Аватарава. Таксама экспэрт зрабіў выснову, што граната гатовая для выбуху. (Граната ў экспэртызе называецца «самаробным выбуховым прыстасаваньнем», бо яна спалучаная з няштатным запалам). На пісталеце, які забралі ў Аватарава, паводле экспэртызы, ёсьць сьляды рук, але чые гэта сьляды, вызначыць не ўдалося. Пісталет названы сыгнальным, — які падае сыгналы праз капсульныя патроны.
Як Посьпех стаў Аватаравым
Пракурор зачытаў дакумэнт, якім Тарасу Посьпіху дазвалялася зьмяніць прозьвішча на Аватараў. Уліковая справа ў ваенкамаце на імя Посьпіха зьнішчалася.
Брат падсуднага гаварыць з прэсай не захацеў
Брат Аватарава Аляксей Посьпіх ад кантактаў з журналістамі адмовіўся, Аватараў папрасіў з лавы падсудных не рабіць фота брата.
Абвешчаны перапынак да заўтра, 10.30.