Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над беларускім добраахвотнікам «Правага сэктару». Абнаўляецца

У Фрунзенскім раённым судзе Менску 18 красавіка ідзе суд над жыхаром Наваполацку Тарасам Аватаравым, добраахвотнікам «Правага сэктару», якога затрымалі ў лістападзе 2015 году на чыгуначным вакзале ў Менску пасьля прыезду з Украіны.

Паводле зьвестак Сьледчага камітэту, у рэчах затрыманага была самаробная граната і пісталет Макарава.

Тараса Аватарава судзяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — кантрабанда зброі і незаконны абарот зброі. Яму пагражае да 8 гадоў зьняволеньня.

Між тым у прадстаўнікоў «Правага сэктару» ўзьніклі сумненьні адносна зброі, якую ён нібыта правёз празь мяжу з Украінай. Таксама ў Тактычнай групе «Беларусь» паведамлялі, што Аватараў непасрэдна ня браў удзелу ў баявых дзеяньнях, а быў у «Правым сэктары» хутчэй у якасьці валянтэра.

16:46 18.4.2016
Перапалка Аватарава з РТР-нікам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:23 0:00

16:39 18.4.2016

Абвешчаны перапынак да заўтра, 10.30.

16:39 18.4.2016

Брат падсуднага гаварыць з прэсай не захацеў

Брат Аватарава Аляксей Посьпіх ад кантактаў з журналістамі адмовіўся, Аватараў папрасіў з лавы падсудных не рабіць фота брата.

16:27 18.4.2016

Як Посьпех стаў Аватаравым

Пракурор зачытаў дакумэнт, якім Тарасу Посьпіху дазвалялася зьмяніць прозьвішча на Аватараў. Уліковая справа ў ваенкамаце на імя Посьпіха зьнішчалася.

16:23 18.4.2016

Граната — самаробная, пісталет — сыгнальны

Сярод матэрыялаў справы — вынікі экспэртызы гранаты, на якой экспэрт знайшоў эпітэлій Аватарава. Таксама экспэрт зрабіў выснову, што граната гатовая для выбуху. (Граната ў экспэртызе называецца «самаробным выбуховым прыстасаваньнем», бо яна спалучаная з няштатным запалам). На пісталеце, які забралі ў Аватарава, паводле экспэртызы, ёсьць сьляды рук, але чые гэта сьляды, вызначыць не ўдалося. Пісталет названы сыгнальным, — які падае сыгналы праз капсульныя патроны.

16:09 18.4.2016

Суд сьпяшаецца

Суд пачаў вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы, каб «зэканоміць час».

Сёньня больш няма сьведак, а каго яшчэ выклікаюць у якасьці сьведак, сакратарка суду не сказала. Аватараў быў супраць зьмены парадку судовага сьледзтва, настойваў на тым, каб спачатку ўсіх сьведак апыталі, але судзьдзя зь ім не пагадзілася.

16:08 18.4.2016

Другі паняты ў суд не зьявіўся

У суд не зьявіўся сьведка Даменьнікаў — яшчэ адзін паняты. Судзьдзя сказаў, што ён у шпіталі і спытаў у удзельнікаў працэсу іх меркаваньне пра магчымасьць агучыць паказаньні Даменьнікава, якія раней ён даваў сьледзтву. Аватараў быў супраць, казаў, што гэта ключавы сьведка. Судзьдзя не пагадзіўся і пачаў зачытваць паказаньні.

З паказаньняў Даменьнікава вынікае, што Аватараў казаў пра гранату, што знайшоў яе, а пра пісталет Макарава, што набыў у Маскве, што пісталет «сыгнальны ці стартавы», ён патрэбны яму для самаабароны. Яшчэ бачыў 2 пашпарты Аватарава, пра якія ён сказаў, што адзін згубіў, атрымаў новы, а потым знайшоўся першы. Рэчы Аватарава бачыў на стале ў дзяжурцы.

16:00 18.4.2016

Аватараў — гэта Посьпіх

Стала вядома прозьвішча Аватарава ад нараджэньня — Посьпіх. У суд прыйшоў ягоны брат, але з прэсай пакуль ён не кантактаваў.

15:55 18.4.2016

Перапынак на 10 хвілін.

15:48 18.4.2016

Дыялёг пра ўзрывальнік

Аватараў — у сьведкі:

—У якім стане былі вусікі?

— Разамкнёныя ў бакі. Гэта бясьпечны стан.

— Узрывальнік быў ці запал, бо абвінавачаньне чамусьці ўвесь час кажа пра ўзрывальнік, хаця там быў запал?

— Так, гэта быў запал.

Пракурор: а гэта істотна, запал ці ўзрывальнік?

— Сьведка тлумачыць, што падствольная граната штатна выкарыстоўваецца толькі з узрывальнікам, а калі быў запал, гэта самаробная камбінацыя.

15:40 18.4.2016

Гранату можна было хутка выкарыстаць, — сьведка-вайсковец

Сьведка Руслан Лапотка, ваеннаслужачы вайсковай часткі 5448, у складзе дзяжурнай групы прыбыў на вакзал на выклік зь міліцыі. Яму сказалі пра гранату, якую забралі ў грамадзяніна, што яе трэба дасьледаваць. Ён агледзеў: граната ВОК17 зь няштатным узрывальнікам ад гранаты РДГ. Патлумачыў, што граната ВОК-17 — гэта штатная граната ад гранатамёту, для ручных мэтаў яна не падыходзіць, замест штатнага ўзрывальніка там быў прыстасаваны ўзрывальнік ад гранаты РДГ-2, замацаваны самаробна, масьцікай. «Яе можна было хутка прывесьці ў дзеяньне: аджаць вусікі, выцягнуць кальцо — і ўсё, гатова да выкарыстаньня». Камандзір іх групы аддзяліў гранату ад ўзрывальніка.

15:30 18.4.2016

Сьведка: Аватараў супраціву не чыніў

Сьведка-міліцыянт Лашук: даставілі затрыманага ў дзяжурную частку. Пры асабістым даглядзе знайшлі ў яго гранату, "сыгнальны пісталет у выглядзе пісталета Макарава", даведку "Правага сэктару". Аватараў паводзіў сябе нармальна, не чыніў супраціву, сказаў сьведка. Усе рэчы, якія былі забраныя ў Аватарава, -- сьцяг ды іншыя -- ён потым бачыў у дзяжурцы.

15:29 18.4.2016

Панятыя бачылі прадметы Аватарава здаля

На пытаньне Аватарава сьведка Шуст сказаў, што гранату ў яго дасталі з правай кішэні. Паводле сьведкі, абвінавачаны казаў, што ехаў з Украіны, з зоны АТА, ехаў да дзяўчыны. «Паводзіў сябе спакойна, ніякай агрэсіі зь яго боку не было». Аватараў спрабуе высьветліць у сьведкі, на які час яго, Аватарава, выводзілі з пакою, калі туды прыйшоў супрацоўнік КДБ.

Глеб Шуст кажа, што ня бачыў там супрацоўніка КДБ і ня памятае, на які час выводзілі Аватарава.

Сьведка распавёў таксама, як абшуквалі Аватарава з дапамогай мэталашукальніка. Сьведка пацьвердзіў, што выемку рэчаў у Аватарава панятыя бачылі здаля. Адвакат Аватарава спрабуе высьветліць супярэчнасьць і спасылаецца на сьведку Івашкевіча, ягоныя словы, што пры ім ніякія прадметы ў Аватарава не забіраліся, яны ўжо ляжалі на стале.

«Дык бачылі панятыя сам працэс забіраньня рэчаў ці не?»

Глеб Шуст працягвае казаць, што ў мэтах бясьпекі панятых трымалі далей ад месца вобшуку, але яны бачылі ўсе забраныя рэчы. Адвакат:

«Тады навошта запрашалі гэтых панятых, калі яны ня бачылі самога працэсу вобшуку?»

Сьведка Шуст фактычна на гэта пытаньне не адказаў. Адвакат настаяла на зачытваньні пратаколу допыту гэтага сьведкі. Зачыталі. Там сказана, што «Аватараў паводзіў сябе падазрона». Яшчэ адна супярэчнасьць: у рапарце сьведка ўказаў, што спачатку ў Аватарава знайшлі гранату, а потым павялі на вобшук ў міліцыю.

Аватараў запатрабаваў перагледзець відэа затрыманьня, каб усё высьветліць. Суд адхіліў просьбу, сказаўшы, што відэа, як і іншыя доказы, будуць дасьледавацца пазьней.

15:05 18.4.2016

Сьведка-міліцыянт блытаецца

Судзьдзя перапытала сьведку, ці памятае ён допыт падчас сьледзтва? Той адказвае, што ня цалкам, бо мінула шмат часу. Суд вырашыў зачытаць ягоныя паказаньні «ў сувязі з наяўнасьцю істотных супярэчнасьцяў».

Паводле таго допыту сьведкі, Аватараў нібыта не хацеў адразу перадаваць гранату і трымаў яе ў кішэні ў руцэ. Раней сьведка казаў суду, што гранату проста дасталі з кішэні Аватарава, і ён не перашкаджаў гэтаму. Пра свае былыя паказаньні Глеб Шуст цяпер сказаў, што тады памятаў лепш.

15:00 18.4.2016

Аватараў казаў, што знайшоў гранату ў зямлі

Пайшлі з Аватаравым у дзяжурную частку да міліцыянтаў. У Аватарава быў заплечнік. Опэрупаўнаважаны пачаў кантактаваць з Аватаравым, той казаў, што ў яго нічога забароненага няма, яго абшукалі. Опэрупанаважаны дастаў з курткі гранату, потым надзелі на рукі Аватараву кайданкі, потым знайшлі пісталет, картачкі, даведку, што браў удзел ў ваенных дзеяньнях, чорна-чырвоны сьцяг. Міліцыянты выклікалі адмыслоўцаў па разьмінаваньні, якія агледзелі гранату.

Што, паводле сьведкі, казаў пра гранату Аватараў? Паводле міліцыянта, Аватараў казаў, што знайшоў гранату, закапаную ў зямлю. Пракурор удакладніў, ці былі сьляды зямлі на гранаце? — Не.

14:55 18.4.2016

Выступае сьведка-міліцыянт

Сьведка-міліцыянт Глеб Шуст адносна часу затрыманьня Аватарава сказаў, што дакладна ня памятае, калі гэта было. Разам зь міліцыянтам Лашуком 26 лістапада 2015 году яны праходзілі па вызначаным маршруце па чыгуначным вакзале: «Гэта было недзе ў 2-3-4 гадзіны».

Убачылі грамадзяніна, які сьпіць, а з-пад курткі ў яго тырчала бронекамізэлька. Абудзілі і спыталі, чаму ў бронекамізэльцы. Той сказаў, што Канстытуцыя не забараняе гэтага, паказаў пашпарт на прозьвішча Аватараў.

14:44 18.4.2016

Сьведка блытаецца

Аватараў перапытаў, што рабіў сьведка ў 4 раніцы на вакзале? Той адказаў, што начаваў, а не зьбіраўся на электрычку.

Аватараў высьвятляе, ці падыходзіў да сьведкі опэрупаўнаважаны Азараў? Той дакладна ня памятае. Аватараў заўважыў, што сьведка блытаецца ў паказаньнях, судзьдзя забараніла яму камэнтаваць паказаньні.

Таксама сьведка згадаў, што Аватараў пры затрыманьні быў апрануты ў бронекамізэльку: «Казаў міліцыянтам, што носіць яе таму, што ўсяго баіцца».

14:42 18.4.2016

Сьведка пазнаў «довідку»

Адвакат пытаецца, чаму сьведка падпісаў пратакол допыту, хаця ня бачыў, каб гэтыя рэчы забіралі ў Аватарава. Сьведка адказаў, што ён перакананы, што гэта рэчы Аватарава, а больш ён пытаньняў не задаваў, бо яму «трэба было ехаць на працу, безь яго валку леса ніхто ня зробіць». Сьведка адказвае даволі блытана, але ўпэўнена пералічыў, што бачыў: чорна-чырвоны сьцяг, шэўроны, даведку «Правага сэктару», пісталет, «магчыма, Макарава», гранату. Чамусьці сьведка пра даведку «Правага сэктару» кажа па-ўкраінску — «довідка». Сьведка потым патлумачыў, што бываў ва Ўкраіне.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG