«Паўночная Карэя, здаецца, зрабіла спробу ракетных выпрабаваньняў каля яе ўсходняга ўзьбярэжжа рана раніцай у пятніцу, але, падобна, ёй гэта не ўдалося», — гаворыцца ў заяве паўднёвакарэйскіх вайскоўцаў.
Інфармацыйнае агенцтва Паўднёвай Карэі Yonhap паведаміла, што чакаўся запуск ракеты «Мусудан» далёкасьцю палёту да 3 тысяч кілямэтраў.
Паўднёвакарэйскія СМІ днём раней паведамілі, што Пхэньян рыхтуе выпрабаваньні балістычных ракет сярэдняй далёкасьці ў рамках сьвяткаваньня дня нараджэньня заснавальніка Паўночнай Карэі Кім Ір Сэна.
У апошнія тыдні паўночнакарэйскія СМІ распаўсюджвалі заявы кіраўніцтва дзяржавы з пагрозамі пра «прэвэнтыўныя ядзерныя ўдары» супраць Паўднёвай Карэі і ЗША. Адна зь першых такіх заяваў прагучала ў пачатку сакавіка, калі ваенныя гэтых краін пачалі штогадовыя маштабныя сумесныя вучэньні.