Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзе знойдуць працу шасьцідзесяцігадовыя, якія чакалі той пэнсіі як манны нябеснай...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Мяркуючы па пошце Свабоды, эканамічныя праблемы, якія перажывае Беларусь, турбуюць усё большую колькасьць людзей. Масава скарачаюцца заробкі, расьце беспрацоўе. Улада заявіла, што ў хуткім часе падніме ўзрост выхаду на пэнсію — і ў выніку сотні тысяч людзей старэйшага веку замест сацыяльнай падтрымкі, на якую разьлічвалі, самі вымушаны будуць яшчэ шэраг гадоў плаціць унёскі ў пэнсійны фонд.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Алег Агафонаў са Жлобіна піша:

«Пачуў па Свабодзе, што гомельская „Сэйсматэхніка“ (некалі вельмі пасьпяховае і прыбытковае прадпрыемства) перайшла на аднадзённы працоўны тыдзень. Гэта як зразумець? Што гэта за працоўны графік такі — чатыры працоўныя дні на месяц? І колькі ў такім выпадку чалавек заробіць на гэтым прадпрыемстве?

Найбольш абурае тое, што ўлады нібы не заўважаюць усяго гэтага: працягваюць прыціскаць народ усё новымі падаткамі і штрафамі. Вось зусім хутка пэнсійны ўзрост паднімуць. І куды падзенуцца, якую працу знойдуць гэтыя шасьцідзесяцігадовыя, якія чакалі той пэнсіі як манны нябеснай? А цяпер аказалася, што ня толькі дзяржава ім ня будзе плаціць яшчэ тры гады. Наадварот, гэта яны павінны будуць яшчэ тры гады плаціць у Пэнсійны фонд. І чыноўнікаў абсалютна не цікавіць, адкуль яны возьмуць тыя грошы, хто возьме на працу шасьцідзесяцігадовых. Прэм’ер Кабякоў бадзёра заяўляе, што створыць 50 тысяч новых прыбытковых працоўных месцаў. І як яму верыць? Што ж замінала стварыць такія месцы раней? І чаму ён ня можа ўладкаваць на гэтыя месцы 500 працаўнікоў „Сэйсматэхнікі“, якія вымушаны перайсьці на аднадзённы працоўны тыдзень?

Такое ўражаньне, што рухаемся да поўнага каляпсу. І рухаемся досыць шпарка».

Аднадзённы працоўны тыдзень — гэта нішто іншае, як вельмі кепска схаванае беспрацоўе. У афіцыйнай статыстыцы гэтыя людзі ня будуць лічыцца беспрацоўнымі. Для іх нібыта ня трэба ствараць новыя працоўныя месцы, ім ня трэба плаціць дзяржаўную дапамогу, перавучваць... Каму патрэбна такая скажоная, далёкая ад рэальнасьці карціна рэчаіснасьці? Напэўна, толькі чыноўнікам. У справаздачах будуць фігураваць неблагія лічбы, начальства ня будзе лаяць за беспрацоўе, зь бюджэту ня будуць выдаткоўвацца грошы на беспрацоўных. А тым часам заробкі ў людзей, якія працуюць адзін дзень на тыдзень, будуць складаць у лепшым выпадку мільён беларускіх рублёў. І як ім жыць на гэтыя грошы?

Маргарыта Бацянкова зь Менску ў сваім лісьце на Свабоду распавяла пра некаторыя асаблівасьці працы з кліентамі дзяржаўнага манапаліста ў галіне сувязі — кампаніі «Белтэлекам». Слухачка піша:

Мы ж яшчэ нічога не парушылі — навошта гэтыя ўльтыматумы? (...) Гэтае штомесячнае прыніжэньне проста абурае.

«Тэрмін аплаты хатняга тэлефона — першага чысла наступнага месяца. Але ўжо ў сярэдзіне месяца бягучага (прыкладна 17–18 чысла) Белтэлекам пачынае настойліва турбаваць сваімі званкамі, каб не забылі заплаціць.

У лютым мы вырашылі не рэагаваць на гэтыя напамінкі. Вынік такі: за пару дзён да сканчэньня месяца (26 лютага) паштарка проста ў кватэру прынесла ліст зь Белтэлекама з пагрозамі, што адключаць тэлефон. Мы ж яшчэ нічога не парушылі — навошта гэтыя ўльтыматумы?

Дарэчы, пра такі ж незразумелы падыход Белтэлекама да сваіх кліентаў я чула і ад некаторых знаёмых. Пры гэтым асабліва адзначу: з боку нашай сям’і ніколі не было пратэрмінаванай аплаты за тэлефон, мы за гэтым пільна сочым. І гэтае штомесячнае прыніжэньне нас проста абурае».

Гэтыя нічым не абгрунтаваныя напамінкі і пагрозы Белтэлекам, сапраўды, шырока практыкуе ўжо не адзін месяц. І тлумачэньне ім толькі адно: дужа хочацца, каб абанэнты заплацілі не напрыканцы вызначанага законам тэрміну, а як мага раней. Жаданьні манапаліста зразумець няцяжка, асабліва ва ўмовах высокай інфляцыі беларускага рубля. Аднак стылістыка зносін з абанэнтамі, якія яшчэ нічога не парушылі, сапраўды выклікае шмат пытаньняў.

І на заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў-водгукаў ад нашых актыўных аўтараў і слухачоў, якія атрымалі ад рэдакцыі ў якасьці падарунка нядаўна выдадзеную кнігу «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Мікалай Куксо з Івянца Валожынскага раёну піша:

«Грандыёзны падарунак! Гэты збор інтэрвію, рэпартажаў, дыскусіяў стане маёй настольнай кнігай мудрасьці і любові да Радзімы. У ёй — думкі і развагі лепшых людзей нацыі на чале з нашым гонарам — Сьвятланай Алексіевіч».

І яшчэ адзін водгук, дасланы Анатолем Чачоткам зь Менску. Слухач піша:

Вельмі агідна, што сёньняшнія ўлады ўсё яшчэ ня хочуць разумець сілу і веліч гэтай геніяльнай жанчыны. Затое яна абудзіла сэрцы тысяч і тысяч паніклых духам беларусаў.

«Мець свайго ляўрэата Нобэлеўскай прэміі — вялікі гонар для любой краіны, і асабліва для несвабоднай Беларусі. Вельмі агідна, што сёньняшнія ўлады ўсё яшчэ ня хочуць разумець сілу і веліч гэтай геніяльнай жанчыны. Затое яна абудзіла сэрцы тысяч і тысяч паніклых духам беларусаў і дапамагае паверыць у наш лепшы заўтрашні дзень».

______________________________________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG