Людзі, якія ўважліва чытаюць і глядзяць афіцыйныя мэдыі, ведаюць: у Беларусі вельмі мала беспрацоўных і надзвычай шмат дармаедаў, якія імкнуцца падмануць беларускую падатковую сыстэму (цішком недзе працуюць, а сыстэму сацыяльнай падтрымкі імкнуцца не фінансаваць). А якая ў рэальнасьці сытуацыя на рынку працы ў Беларусі?
Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэту тэму. Наш слухач Ігар Канановіч зь Менску піша:
«Больш за 2 месяцы шукаў працу ва ўмовах эканамічнага крызісу. Экстрэмальны, трэба сказаць, досьвед! Тым болей, гэты крызіс — першы грамадзкі катаклізм такой моцы ў самастойным жыцьці майго пакаленьня беларусаў.
Вырашыў падзяліцца некаторымі эпізодамі пошуку. „Нам расклейшчыкі [рэклямных абвестак] патрэбныя, але толькі з досьведам працы“, — спакойна адказаў мужчынскі голас. Я, агаломшаны, прамовіў: „Ага... зразумеў... усяго добрага...“ — і націснуў адбой. Больш нікуды ў гэты дзень не тэлефанаваў: трэба было супакоіцца...
Я ведаў, што становішча на рынку працы дрэннае, але ня ведаў, што настолькі. Каб здаровы маладзён у Менску два месяцы ня мог уладкавацца расклейшчыкам абвестак, раскладчыкам тавару, кур’ерам, грузчыкам? На пасады, якія заўжды былі, так бы мовіць, у прафіцыце, на якія лёгка бралі „з нуля“?...
„Ды ім цяпер прыбіральшчыц зь дзьвюма замежнымі мовамі падавай!“ — гарачылася ў слухаўцы добрая знаёмая, якая таксама цяпер штодзённа маніторыць сталічны рынак працы. „Давялі, бляха, краіну!“ — ужо трохі супакоеная, рэзюмавала яна.
Дый калі пашанцуе (!) уладкавацца, напрыклад, расклейшчыкам, то што — цябе кар’ера чакае? Ага: расклейшчык, расклейшчык-ас, камандзір эскадрыльлі расклейшчыкаў...
А пра сытуацыю ў роднай „гасконі“ і згадваць ня хочацца. Даўно вядома: калі ў сталіцы — абы-што, то на пэрыфэрыі — абы што ў квадраце...» —
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Ігар Канановіч.
Вельмі красамоўная ілюстрацыя да рэальнага стану сёньняшняга рынку працы ў Беларусі. Пры гэтым, што адметна, калі верыць Белстату, узровень беспрацоўя ў краіне на 1 студзеня складае толькі 1 працэнт ад эканамічна актыўнага насельніцтва (іншымі словамі, беспрацоўя нібыта няма ўвогуле). Хоць адначасова з гэтым улады спрабуюць абкласьці падаткам на «дармаедзтва» каля 400 тысяч грамадзянаў, якія нідзе ў Беларусі афіцыйна не працуюць, але чамусьці ня лічацца і беспрацоўнымі. Дзеля чыйго суцяшэньня патрэбна такая статыстыка і каму яна дапамагае прымаць правільныя кіраўнічыя рашэньні?
Аўтар наступнага ліста наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў адгукнуўся на нядаўнюю аналітычную праграму «Трайны ўдар», у якой ішла размова пра раптоўны арышт Юрыя Чыжа, у мінулым — аднаго з самых набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцаў, а таксама затрыманьні некаторых іншых вядомых прадпрымальнікаў. Разважаючы пра тое, як улада абгрунтавала гэтыя арышты, Кастусь Сырэль піша:
«З чым я не пагадзіўся, дык гэта з вотумам даверу аналітыкаў да інфармацыі, якая зыходзіць з вуснаў старшыні КДБ Валера Вакульчыка. На мой погляд, роля старшыні КДБ тут чыста тэхнічная — ён агучыў тое, што яму загадалі. Трэба сказаць, захапляльны сюжэт атрымаўся, зусім, як у галівудзкіх баевіках — тут і пагоня за адным алігархам, які ўцякаў на аўто з хуткасьцю 220 км у бок мяжы, і захоп другога ледзь не ў самалёце, і грашовыя пераводы сыну трэцяга па сто тысяч фунтаў на месяц, і яшчэ нешта — ня буду ўсяго пералічваць. Я яшчэ страляніну на борце таго самалёта ўставіў бы ў сцэнар — чаму не? Народ у захапленьні, размоваў хопіць акурат да надыходзячага „сьвята“ — Дня падвышэньня пэнсійнага ўзросту.
Шаноўнае спадарства, вы можаце сабе ўявіць намаганьні, якія трэба прыкласьці маладому чалавеку, каб прафукаць сто тысяч фунтаў стэрлінгаў за месяц? Удакладню — гэта прыблізна 140.000 даляраў! Ці не занадта шчодра і легкадумна з боку татачкі? Адзінае рацыянальнае тлумачэньне, якое я тут бачу — гэта адзін са спосабаў уратаваць за мяжой частку заробленага „сумленнай“ працай. Наогул, у пляне „давяраю — не давяраю“ у мяне ёсьць свой адмысловы рэйтынг. Першы ў краіне, каму я НЕ давяраю, гэта, канечне, Рыгоравіч. Я не хачу сказаць гэтым, што ён хлусіць заўсёды. Я толькі хачу сказаць, што сказанае ім заўсёды трэба правяраць, а калі гэта немагчыма, то інфармацыя падлягае выдаленьню, як несапраўдная. Амаль тое самае можна сказаць пра ўсе гэтыя БТ, СБ ды астатнюю прапагандысцкую машыну», —
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Вушачаў.
Усё ж, спадар Кастусь, уладальнікі такіх пасадаў, як прэзыдэнт краіны ці старшыня КДБ, павінны самі несьці адказнасьць за свае публічныя выказваньні. Калі журналісты вымушаныя будуць яшчэ і за імі пераправяраць усё сказанае, перш чым публікаваць — тады часу на журналісцкую працу ўвогуле не застанецца.
Што да канкрэтных выказваньняў кіраўніка КДБ пра падрабязнасьці арышту Юрыя Чыжа... Верагодна, спадар Кастусь, Вы маеце рацыю: цяжка ўявіць, што пры цяперашняй сыстэме ўлады нехта ў Беларусі адважыўся б арыштоўваць такую асобу без найвышэйшай санкцыі.
________________________________________________________
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск −5, Паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by