Дубавец: Я б сказаў, што гэты сэзоннае пытаньне. Прыйшла сьветлая вясна. Я заўважыў, што кожны год з надыходам веснавога ранку, калі прачынаесься ў сьветлы час, ажывае і гэтая дыскусія: ці можна па-беларуску жадаць «добрай раніцы»?
Суворыя мовазнаўцы сьцьвярджаюць, што можна казаць толькі «добры дзень» і што «добрай раніцы» — гэта ўплыў русыфікацыі і калька з расейскага «доброе утро».
Можна і трэба з гэтым спрачацца. Па-першае, беларусы даўно перасталі быць сялянскай нацыяй, калі з пад’ёмам у 4 гадзіны адразу ішлося да кароў, а гэта значыць, пачынаўся працоўны дзень.
Па-другое, ня толькі расейцы, але і большасьць нацыяў вакол нас — літоўцы, чэхі, немцы — усе жадаюць добрай раніцы. У літоўцаў, дарэчы, і адна з галоўных газэт называецца «Летувос рытас» — «Літоўская раніца». Была калісьці і беларуская газэта «Раніца» і, на маю думку, гэта ўвогуле ідэальная назва для газэты, а слова «раніца» прэтэндуе на тое, каб лічыцца адным з найпрыгажэйшых беларускіх словаў.
Па-трэцяе, калька — гэта падладжваньне пад нешта і часта на шкоду мілагучнасьці сваёй мовы. Калькай было б нейкае «добрае вутра». Тут жа мы маем справу з дакладнай заменай «доброго утра», тады як «добры дзень» — замена не дакладная, а таму і не замена зусім.
У нашай русыфікаванай краіне вельмі важна і вельмі няпроста абазначыць сябе беларусам.
Аднак самае важнае ва ўсёй гэтай гісторыі — іншае. У нашай русыфікаванай краіне вельмі важна і вельмі няпроста абазначыць сябе беларусам. Замінае псыхалягічны фон, калі ўсе навокал гавораць па-расейску, а ты не хацеў бы надта вылучацца. І калі ты гаворыш «добры дзень», ты застаесься незаўважным. А калі кажаш «добрай раніцы» — адразу відаць, што ты беларус, нават калі ўся астатняя гаворка вядзецца па-расейску. Вялікі плюс гэтага выразу-пажаданьня ў тым, што ён ня толькі прыгожы, але і сапраўды добры, у ім няма ні кроплі агрэсіі ці выкліку для навакольных. Таму і адказам на гэты выраз амаль заўсёды бывае ўсьмешка.
Усё, што станоўча падкрэсьлівае нашу беларускасьць у вачах навакольных, узбагачае і нас саміх і нашу культуру.
Усё, што станоўча падкрэсьлівае нашу беларускасьць у вачах навакольных, узбагачае і нас саміх і нашу культуру.
Кожнага ранку дзеці прыходзяць у садок ці ў школу, а дарослыя сустракаюцца на трамвайным прыпынку, у краме ці на працоўным месцы. І калі нехта кажа «добрай раніцы», усім дадаецца пазытыўнага настрою. Дык ці варта настойваць на тым, што гэта не па-беларуску і трэба адмовіцца ад пажаданьня «добрай раніцы»?
Юрась Бушлякоў пісаў у кнізе «Жывая мова»: «І ўсё ж ня думаю, што ўдасца ў агляднай будучыні цалкам выкасаваць з мовы гэтае вітаньне. Але ведаць пра яго нетрадыцыйны, калькаваны характар і старацца вітацца так, як віталіся па-беларуску стагодзьдзямі, трэба».
З часу гэтага пажаданьня мінула зусім няшмат гадоў, але мы бачым, што вітаньне пашыраецца, нават становіцца модным і гучыць як моцны ідэнтыфікатар беларушчыны, а зусім не як нешта пазычанае і чужаватае. Гучыць пры тым пазытыўна і прыгожа.
Каліноўскі: Я стараюся гаварыць «добры дзень». Не толькі таму, што мой непахісны аўтарытэт у мовазнаўстве, наш памерлы калега Юрась Бушлякоў, які спэцыяльна вывучаў гэтую тэму, гэтае «добрай раніцы» і прыйшоў да высновы, што ў беларусаў не прынята вітаць з раніцай, а казаць добры дзень.
Ёсьць і іншыя прыклады нашых суседзяў, дзе не выкарыстоўваюць спэцыяльнае ранішняе вітаньне, палякі ня кажуць «dobrе rano», а «dzień dobry», калі я памыляюся, прашу Яна мяне паправіць.
Украінцы часам кажуць «доброго ранку», але гэта таксама відаць калька з расейскай мовы і традыцыі. У заходняй Украіне сярод грэка-католікаў распаўсюджанае вітаньне «слава Ісусу Хрысту» незалежна ад пары дня, і адказваюць «слава навікі». Французы таксама ня кажуць «bon matin», а толькі «bonjour». Гэта залежыць ад моўнай традыцыі.
Са словамі добрай раніцы ў мяне ўпарта асацыюецца радок зь песьні Віктара Шалкевіча «Добрай раніцы, жлобская нацыя!»
Са словамі добрай раніцы ў мяне ўпарта асацыюецца радок зь песьні Віктара Шалкевіча «Добрай раніцы, жлобская нацыя!» Тут ужо Шалкевіч сваім карыкатурным вобразам адбіў ахвоту карыстацца гэтай калькай. Так што я за традыцыйны «Добры дзень» ці «Дабрыдзень».
Максімюк: Так, у нас ў Польшчы кажуць «dzień dobry», няма такога адпаведніка для «добрай раніцы». І падляскія беларусы не ўжывалі такога вітаньня. Маё пакаленьне, пачынаючы ад 80-х гадоў, ужывала ўжо вітаньне на сваёй падляскай гаворцы «добры дзень», але пакаленьне нашых бацькоў і дзядоў ужывала слова «здравствуйце».
Беларусы адчувалі сваю адасобленасьць і адрознасьць ад палякаў.
Наогул, формы вітаньня залежаць ад моўнай традыцыі, моўнага кантэксту і асяродзьдзя. Натуральна, слова «здраствуйце» прышло з 19-га стагодзьдзя, калі Падляшша было часткай Расейская імпэрыі і калі адукаваныя людзі, з якімі нашы прадзеды сустракаліся, гаварылі на расейскай мове, і нашых прадзедаў у школах вучылі на расейскай мове. Але ў 20-м стагодзьдзі расейскі моўны і палітычны кантэкст зьнік, зьявілася Польшча, і што цікава, гэтае «здраствуйце» засталося маркёрам беларускай апрычонасьці, беларускасьці ў Польшчы. Таму што беларусы, нават калі не адчувалі сябе поўнасьцю прыналежнымі да агульнага беларускага народу, адчувалі сваю адасобленасьць і адрознасьць ад палякаў.
Потым былі іншыя вітаньні. Самае, можа, папулярнае летам, калі чалавек ішоў і нехта працаваў у полі, было «памагай Бог». Гэта было тое самае, што сказаць «добры дзень». Рытуальным адказам на гэта было «спасі Бог». Важна тут наогул тое, што людзі хочуць вітацца. Кажучы «добрай раніцы» ці «добры дзень», мы паказваем сваю чалавечнасьць і прыналежнасьць да культуры.