Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія і нідэрляндзкія палітыкі разгубленыя з-за вынікаў рэфэрэндуму па асацыяцыі Ўкраіна — ЭЗ


Падчас рэфэрэндуму ў Нідэрляндах
Падчас рэфэрэндуму ў Нідэрляндах

У Нідэрляндах завершаны папярэдні падлік вынікаў рэфэрэндуму па Пагадненьні аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўрапейскім Зьвязам.

На галасаваньне было вынесенае такое пытаньне: «Вы за ці супраць закону, які ўхваляе Пагадненьне аб асацыяцыі паміж Эўрапейскім Зьвязам і Ўкраінай».

Нідэрлянды — адзіная краіна, якая не ратыфікавала гэты дакумэнт, падпісаны яшчэ ў 2014 годзе, і хоць ён ухвалены ў абедзьвюх палатах парлямэнту, галяндцы скарысталіся правам склікаць рэфэрэндум, сабраўшы 470 000 подпісаў пры неабходных трохстах тысячах. Яўка на рэфэрэндуме, які адбыўся 6 красавіка, склала 32,2%. «За» прагаласавала — 38,1%, «супраць» — 61,1%. Несапраўднымі зьяўляюцца 0,8% бюлетэняў.

Афіцыйныя дадзеныя павінны быць абвешчаныя Выбарчай Радай Нідэрляндаў 12 красавіка. Пасьля гэтага ўрад краіны павінен вырашыць, што рабіць далей.

Парашэнка: Мэта арганізатараў рэфэрэндуму — падарваць адзінства ў Эўропе

Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што рэфэрэндум у Нідэрляндах па Пагадненьні аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўрапейскім Зьвязам мае выключна кансультатыўны характар.

«Хацеў бы ўсім нагадаць, што сапраўдная мэта арганізатараў рэфэрэндуму — гэта не Пагадненьне аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўрапейскім Зьвязам. Гэта атака на адзінства Эўропы, атака на распаўсюд эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Пра гэта таксама сьведчыць і дыскусія, якая была разгорнутая напярэдадні рэфэрэндуму. Упэўнены, што стратэгічна гэта падзея — не перашкода на шляху Ўкраіны ў Эўропу. Хачу адказна заявіць, што нягледзячы на гэта, Украіна працягне ўвасабляць у жыцьцё Пагадненьне аб асацыяцыі, забясьпечыць стварэньне паглыбленай і ўсеабдымнай зоны свабоднага гандлю з Эўразьвязам, паколькі гэта — шлях да мадэрнізацыі ўкраінскай дзяржавы і ўмацаваньня яе незалежнасьці», — сказаў прэзыдэнт.

Клімкін: На практыцы нічога ня зьменіцца

Павал Клімкін
Павал Клімкін

Міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін адзначыў, што рэфэрэндум у Нідэрляндах па ратыфікацыі парлямэнтам краіны Пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і ЭЗ зьяўляецца дарадчым і не ўплывае на працэс ратыфікацыі пагадненьня.

«З пункту гледжаньня практычнай імплемэнтацыі цяпер нічога не мяняецца, пагадненьне прымяняецца, як і раней, пакуль на часовай аснове. І зона свабоднага гандлю, і сэктаральнае супрацоўніцтва спакойна разьвіваюцца далей», — заявіў міністар.

Клімкін таксама адзначыў, што працэдуру ратыфікацыі Пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ цалкам завяршылі 22 краіны-сябры Эўразьвязу.

Міністар замежных спраў Нідэрляндаў: Украінцы маюць праявіць цярпеньне

Бэрт Кундэрс
Бэрт Кундэрс

Міністар замежных спраў Нідэрляндаў Бэрт Кундэрс, камэнтуючы вынікі рэфэрэндуму, папрасіў украінцаў праявіць цярпеньне.

«Нам патрэбны час для сустрэч ва ўрадзе, з парлямэнтам і, вядома, з нашымі ўкраінскімі сябрамі. Я таксама хачу сказаць усім украінцам, што гэта не перашкаджае сяброўству паміж Украінай і Нідэрляндамі. І я хачу папрасіць цярпеньня. Сапраўды, большасьць скептычна ставіцца да Пагадненьня аб асацыяцыі. І мы будзем на гэта рэагаваць. І я спадзяюся, што ўкраінцы гэта зразумеюць. Я разумею, што ўкраінцы хочуць яснасьці. У нас адбылося галасаваньне. І вынік адмоўны, нягледзячы на яўку. Цяпер яшчэ рана казаць, трэба крыху пачакаць, больш за 30 адсоткаў галяндцаў прагаласавалі. Але гэта палітычны факт, што большасьць прагаласавалі супраць. Таму нам трэба расьсьледаваць, што за гэтым стаіць. Нам трэба сур’ёзна падысьці да гэтага пытаньня. Гэта азначае, што ратыфікацыя ня можа працягвацца так, як быццам нічога не адбылося. Але мы не адны, мы будзем працаваць з нашымі эўрапейскімі партнэрамі, з Украінай», — падкрэсьліў Кундэрс.

Прэм’ер-міністар Нідэрляндаў: Мы прымем акуратнае і ўзважанае рашэньне

Марк Рутэ
Марк Рутэ

Прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ заявіў, што ўлады краіны старанна перагледзяць Пагадненьне аб асацыяцыі з Украінай, каб задаволіць усе бакі. Пра гэта ён заявіў позна ўвечары 6 красавіка, пасьля завяршэньня рэфэрэндуму.

«Мы ня хочам сьпяшацца, каб нас падганялі, закон аб рэфэрэндуме вельмі выразны, і мы будзем дні, тыдні, крок за крокам праглядаць гэта Пагадненьне з Украінай, каб задаволіць усе бакі — і на нацыянальным, і на эўрапейскім узроўнях. Спачатку дачакаемся канчатковых вынікаў, далей будзем абмяркоўваць гэта ва ўрадзе, далей у парлямэнце, потым у ЭЗ. Хачу адразу папярэдзіць людзей, каб не было пасьпешлівых чаканьняў: мы ня хочам падводзіць тых, хто прыйшоў галасаваць, і з павагай ставімся да іх выбару — за ці супраць — мы прымем вельмі акуратнае рашэньне», — адзначыў Марк Рутэ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG